ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,

вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.

У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.

П.​Л.​Новікаў.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШЭ́ЧНІК,

частка стрававальнага тракту ад страўніка да задняга праходу ці клаакі (у чалавека, пазваночных, членістаногіх, кольчатых чарвей) ці страва вальная трубка (у кішачнаполасцевых круглых чарвей). У К. адбываюцца асн. працэсы ператраўлення ежы (поласцевае, прысценкавае, мембраннае і ўнутрыклетачнае страваванне) і ўсмоктвання значнай ч. пажыўных рэчываў і вады.

У чалавека і пазваночных жывёл К. падзяляецца на тонкую (дванаццаціперсная кішка, парожняя і падуздышная) і тоўстую (сляпая, абадочная, сігмападобная і прамая) кішкі. Даўж. К. ў некалькі разоў перавышае даўж цела [у чалавека ў 3—4 разы (4,5—6 м), у свінні ў 17 разоў і інш.]. К. у чалавека фарміруецца на трэцім тыдні эмбрыянальнага развіцця. Прымацаваны да задняй сценкі жывата пры дапамозе брыжэйкі. Звонку К. укрыты брушынай; сценка складаецца са слізістай абалонкі, укрытай аднаслаёвым эпітэліем, падслізістага слоя, мышачнай (забяспечвае перыстальтыку) і серознай абалонак. Слізістая абалонка тонкай кішкі мае да 150 млн. уласна залоз (крыптаў), шмат складак, да 4 млн. варсінак, мікравырасты эпітэліяльных клетак, таму паверхня слізістай абалонкі павялічваецца да 1300 м². У тоўстай кішцы ўсмоктваюцца вада, мінер. солі, фарміруюцца калавыя масы, расшчапляецца клятчатка расліннай ежы ад браджэння і гніення, выкліканага мікраарганізмамі. Кровазабеспячэнне К. адбываецца з галін брушной аорты — верхняй і ніжняй брыжэйкавых артэрый; адток венознай крыві, што ўтрымлівае прадукты ўсмоктвання, — па варотнай вене ў печань. Адток лімфы забяспечваюць капілярныя лімфатычныя сеткі варсінак (усмоктванне тлушчаў), што зліваюцца ў лімфатычныя сасуды. Дзейнасць К. рэгулюецца вегетатыўнай нервовай сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАТАКСІКО́ЗЫ (ад грэч. mykēs грыб + таксікоз),

хваробы жывёл і чалавека, што выклікаюцца таксічнымі прадуктамі метабалізму мікраскапічных грыбоў — паразітаў раслін і сапрафітаў (мікатаксінамі); група атручэнняў. Вылучаюць М. кармавыя (харчовыя), або аліментарныя, калі мікатаксіны трапляюць у арганізм з ежай расліннага, радзей жывёльнага (малако, мяса, яйцы, заражаныя грыбкамі або ад жывёл з мікатаксінамі ў арганізме) паходжання, рэспіраторныя, або пнеўмамікатаксікозы, і дэрматамікатаксікозы (адпаведна праз слізістую абалонку дыхальных шляхоў і пашкоджанні скуры, напр., у людзей, якія працуюць з пашкоджанай грыбамі сыравінай). Характэрны кароткі інкубацыйны перыяд, раптоўнасць узнікнення, масавасць, адсутнасць заразнасці і імунітэту, затуханне пры змене кармоў. Праяўляюцца інтаксікацыяй з пашкоджаннем розных органаў і сістэм (у адрозненне ад мікозаў, грыбы ў іх не паразітуюць). Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца пераважна ў коней, свіней, авечак, птушак.

Найб. пашыраны аліментарныя М. — фузарыятаксікозы. Дэндрадохіятаксікоз (часцей у коней) характарызуецца маланкавым цячэннем з пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы, унутр. органаў, некрозамі на скуры, слізістых абалонках і летальным вынікам. Пры мукаратаксікозе (у свіней, птушак) часам павышаецца т-ра цела, пашкоджваюцца страўнікава-кішачны тракт і печань. Акрамя гэтых органаў пры міратэцыятаксікозе (у авечак) і пеніцылатаксікозах (часцей у свіней) найб. пашкоджваюцца ныркі і сэрца, пры рызопусатаксікозе (часцей у свіней) — лёгкія, пры аспергіла — (часцей у свіней, птушак), клавіцэпспасполітаксікозе (часцей у коней, авечак. буйн. раг. жывёлы) і эргатызме (таксама ў чалавека) — ц. н. с. Эргатызм, або агонь святога Антонія, працякае ў вострай (канвульсіўнай) ці хранічнай (гангрэнознай) форме. Гл. таксама Афлатаксіны, Стахібатрыятаксікоз.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лі́вер 1, лівар ’прыбор для набірання вадкасці ў выглядзе трубкі, пашыранай пасярэдзіне’ (Нас., ТСБМ), лі́вар ’лейка’ (Жд. 1), прыстасаванне, пры дапамозе якога паднімаюць цяжкія прадметы’ (глус., КЭС) і, магчыма, ліварэ́ ’вялікія трэскі, якія сколваюцца з бервяна’ (Шат.). Укр. лі́вар, ліва́рок, лі́вер ’лейка, дамкрат’, ’сіфон, рычаг’, рус. ле́вер, ливер ’лейка для палівання гародніны’, польск. lewor, liwor, lewarek ’прыбор для паднімання цяжкіх прадметаў’, таўкач’, ’журавель у калодзежы’, ’лейка’. З с.-лац. levarius, leverius ’рычаг-пад’ёмнік’ < лац. levāre ’паднімаць’ (Слаўскі, 4, 187) праз польскую мову. У рус. мове, аднак, са ст.-франц. levëour (< лац. levātōrem) праз англ. lever ’рычаг’ (Фасмер, 2, 493).

Лі́вер 2 ’вантробы забойнай жывёлы, з якіх вырабляюцца прадукты харчавання’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80), куды прыйшло з англ. liver ’печань’, або з с.-н.-ням., гал. lever ’тс’ (Фасмер, 2, 493).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дэпо́

(фр. dépót)

1) будынак для стаянкі і рамонту паравозаў, вагонаў і інш. (напр. трамвайнае д.);

2) будынак для пажарных машын (пажарнае д.);

3) уст. склад;

4) фізіял. накапляльнік;

д. крыві — органы чалавека і жывёл (селязёнка, печань, скура), у якіх можа знаходзіцца значная колькасць крыві, што выключана з агульнай цыркуляцыі і можа ўключацца ў яе пры інтэнсіўнай фізічнай працы, недахопе кіслароду і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

жыво́т ​1, ‑вата, М ‑ваце, м.

Частка цела ў чалавека і жывёл, у якой знаходзяцца печань, страўнік, кішэчнік, селязёнка і іншыя органы. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Васілевіч. // Разм. Страўнік, кішэчнік. — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, тая ад жывата. Чарнышэвіч. Салодкая яда — жывату бяда. Прыказка. // Частка тулава, процілеглая спіне. [Людзі] лажыліся на жывот і, апусціўшы галаву, пілі непасрэдна з крыніцы. Маўр.

•••

Брацца за жывот гл. брацца.

Жывот падцягнула (падвяло) гл. падцягнуць.

Ірваць жываты гл. ірваць.

Качацца (з) жыватом гл. качацца.

Надарваць (парваць, падарваць) жывот (жываты) гл. надарваць.

жыво́т ​2, ‑вата, М ‑ваце, м.

Уст. Тое, што і жыццё (у 2 знач.). — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопатах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха!.. Самуйлёнак.

•••

Не на жывот, а на смерць — тое, што і не на жыццё, а на смерць (гл. жыццё).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рэ́йка 1 ’вузкі стальны брус на чыгунцы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Байк. і Некр.), ’вузкая тонкая дошчачка’ (ТСБМ, Бяльк., Шушк.), ’жалезная шына (у плузе) да якой прымацоўваецца лямеш і паліца’ (Бяльк.). Ад рэя 1.

Рэ́йка 2 ’сэрца, лёгкія, печань у жывёлы’ (Бяльк., Нас., Дабр.). Паводле Фасмера (3, 463) — няяснае. Пятлёва суадносіць гэту лексему з *rějati (sę), для якой на базе рус. дыял. ре́ять ’часта дыхаць, запыхацца’, ре́яться ’задыхацца’ выводзяць яе семантычнае адгалінаванне ’дыхаць’. Такім чынам, рэ́йка можа азначаць ’тое, чым дыхаюць; орган дыхання’ або, што больш верагодна ’тое, што мае малую вагу і таму усплывае у вадзе (супе)’ (Пятлёва, Этимология–1975, 42–44). Параўн. у Фасмера, які рус. лёгкое суадносіць з лёгкий, таму што, калі вантробы жывёл кладуць у ваду, лёгкія застаюцца на паверхні. Таксама ён прыводзіць адпаведнікі з іншых моў: англ. lights ’лёгкія некаторых жывёл’ > light ’лёгкі’, парт. leves ’лёгкія’ > leve ’лёгкі’ (Фасмер, 3, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жоўць 1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць 2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́ць, адаб’ю́, адаб’е́ш, адаб’е́, адаб’ём, адаб’яце́, адаб’ю́ць; адбі́; адбі́ты; зак.

1. што. Адламаць, аддзяліць, адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць ударам.

А. ручку кубка.

А. дошку.

2. што. Адкінуць сустрэчным ударам.

А. мяч рукою.

А. атаку.

3. перан., што. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх.

А. нападкі крытыканаў.

4. каго-што. Вярнуць сабе сілаю, з боем.

А. горад.

5. каго-што. Прыцягнуць, прывабіць да сябе, аддаліўшы ад другога (разм.).

А. чужога мужа.

А. пакупнікоў.

6. перан., што. Прымусіць баяцца што-н. рабіць; знішчаць, адабраць (памяць, жаданне і пад.; разм.).

А. ахвоту спрачацца.

Гора адбіла памяць.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Адлюстраваць чый-н. вобраз (пра гладкую, бліскучую паверхню).

Люстра адбіла малады яшчэ твар жанчыны.

8. каго-што. Адлюстраваць, паказаць у вобразах.

А. жыццё ў мастацтве.

9. што. Абазначыць ударамі, звонам і пад.; выстукаць рытмічнымі ўдарамі

А. такт рукой.

Гадзіннік адбіў дванаццаць.

А. тэлеграму (паслаць; разм.).

10. што. Ударам пашкодзіць што-н., зрабіць балючым.

А. печань.

А. далоні.

11. што. Навастрыць, выраўнаваць лязо касы і пад., б’ючы малатком.

А. касу.

12. што. Размякчыць ударамі.

А. мяса.

13. што. Памераўшы, выдзеліць участак чаго-н.; аддзяліць, перагарадзіўшы.

А. участак пашы.

|| незак. адбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. адбіва́нне, -я, н. і адбіццё, -я́, н. (да 2 і 3 знач.).

|| наз. адбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 9—11 знач.), адбо́й, -ю, м. (да 2 знач.; спец.) і адбо́йка, -і, ДМ -бо́йцы, ж. (да 1 знач.; спец.).

Адбіўка касы́.

Адбой мяча рукой.

Адбойка вугалю ў забоі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

По́чка 1 ’нырка’ (Дразд.; Ян.; паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почка, укр. по́чка, рус. по́чка, ст.-рус. почька. Лічыцца вытворным ад пяку́, параўн. у семантычных адносінах пе́чань і каш. povarka ’нырка’ < прасл. *variti ’варыць’ (Фасмер, 3, 348; Праабражэнскі, 2, 118). Гл. таксама па́чка.

По́чка 2 ’пупышка’ (ТСБМ), по́чачкі ’пупышкі’ (паст., Сл. ПЗБ), рус. по́чка ’тс’, укр. по́чка ’пладовая костачка; семечка гарбуза’, польск. pestka ’семечка’, ст.-польск. і дыял. pecka ’сярэдзіна плода з насеннем’, чэш. pecka ’семечка; каменьчык’, в.-луж. počka, дыял. pačka ’тс’, н.-луж. packa, дыял. pecka ’тс’, харв. кайк. pečka ’ягада вінаграду’, чак. paćka ’семечка, сярэдзіна плода; ягада вінаграду’, славен. pečkà ’пладовая костачка’, pečèk ’костачка віннай ягады’. Беларуская лексема, відаць, запазычана з рус. почка ’тс’, якая не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 3, 348). Борысь (Czak. stud., 99) узводзіць да прасл. *pъtʼka‑ ’штосьці круглае, камячок, каменьчык, семечка, пупышка’, вытворнае з суф. ‑ьka ад рэдкага прасл. *pъtʼa ’нешта круглае, груда, камень’, што рэканструюецца на базе польск. pce ’падстаўкі пад бочкі ў склепе’, дыял. peca ’камяк гліны, вапны, снегу, зямлі’, ’вашчына з мёдам’, ’бохан хлеба’ і памяншальных дэрыватаў ад яго: харв. pajca (< *pъtʼьca), paćak, славен. peček (< *pъtʼьkь) ’вінаградны атожылак; семечка; гарошак’, роднаснае літ. paũtas ’яйка, ядро’, лат. pàuts ’тс’ і далей з літ. puntù, puntaũ, pùsti ’набухаць’ (Мацэнаўэр, LF 14, 414). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 522; Бязлай, 3, 19. Спробы аддзяліць форму *počьka ад іншых славянскіх слоў і аднесці да рус. чкатъ, чикать, чкнуть, прочкну́ться ’лопацца (пра пупышкі)’ (Міклашыч, 38; Бернекер, 1, 166) маюць пэўныя семантычныя падставы, бо ў аснове намінацыі — значэнне ’раскрывацца’, параўн. по́каць, по́кацца ’распускацца (пра пупышкі)’ (гл.) і паралельнае ўтварэнне ад пу́каць, пу́кацца лопацца’ — пучча ’кветаноснае сцябло, стрэлка’ (гл. пук). Параўн. по́каўка ’пупышка’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)