Суко́ннікі 1 ’даматканыя суконныя штаны’ (чэрв., круп., мядз., Сл. ПЗБ; ТС; калінк., светлаг., чач., Мат. Гом.), ’суконныя буркі (абутак)’ (Гарад.). Ад суко́нны ’зроблены з сукна, воўны’, гл. сукно.

Суко́ннікі 2 ’дранікі, звычайна посныя’ (Барад.), суко́ннік ’аладка (з дранай бульбы)’ (мазыр., Мат. Гом.). Няясна; параўн. суко́ніцы ’ягады (цёртыя)’ (жытк., Мат. Гом.), што можна звязаць з літ. sùkalioti ’круціць, вярцець’, а таксама з рус. дыял. сука́лить ’скрэбці, чысціць’, якое Тапароў (Балтийские яз., 46) лічыць балтызмам, на думку Анікіна (Опыт, 284), беспадстаўна. Гл. таксама сканцы ’бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’, што выводзіцца ад сакаць ’сукаць, раскатваць цеста’, параўн. рус. дыял. ска́нец ’тонкая раскатаная ляпёшка з прэснага цеста’ і ’тоўстая, грубая пяньковая пража’, што сведчыць пра першасны сінкрэтызм “кулінарнага” і “тэкстыльнага” значэнняў дзеясловаў *sukati, *sъkati: рус. бранск. сучить сканцы ’прасці пражу’ і рус. калін. сканцы сучить ’раскатваць цеста’, гл. Фасмер, 3, 635; Анікін, Опыт, 279. Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 63, 112, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пачва́ра ’казачная, страшная істота вялікіх памераў’, ’жудасны твар’, ’непрыгожы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС; ваўк., Сл. ПЗБ; барыс., Шн. 2), ’жартаўлівы’ (шальч., ігн., брасл., Сл. ПЗБ). Укр. почва́ра ’прывід’, зах. по́чвар ’паскуднае дзеянне, выхадка’, паўд.-рус., укр. прочва́ра ’тс’, польск. koćwara ’пачвара’, oćwiara, oćwiera ’тс’, ’чарадзейка’, poczwara ’агідная істота, пачвара, страшыдла’ (з XV ст.), каш. počvara ’тс’, ’нягоднік, амаральны чалавек’. Наяўнасць прэфіксальных варыянтаў дае магчымасць разглядаць лексему як па‑чвара, другая частка якой атаясамліваецца з прасл. čvariti/čvěriti ’вярзці лухту, балбатаць, гаварыць незразумела’, параўн. бел. чва́рыць, чво́рытэ, чвэ́рыты, чвэ́рыцца, чвэ́рыць, чвара́ ’паскудства’ (гл.), ст.-серб.-харв. čvara ’чараванне, варажба’, славен. čvę́riti ’плявузгаць, несці лухту’, ст.-польск. oćwiernica ’нешта страшнае, пачварнае’. Борысь–Слаўскі (SP, 2, 299) дапускаюць гукапераймальнае паходжанне прасл. čvariti, а паводле ст.-польск. poczwa ’страшыдла’, наводзіць на думку пра першасны элемент čьv‑, які да і.-е. *keu‑. Патабня (РФВ, 3, 171) збліжаў слав. лексемы з літ. kvaĩsti ’здагадвацца’. Аднак надзейная этымалогія адсутнічае (Слупскі, ZfslPh, 35 (2), 1971, 314). Гл. таксама патво́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мясі́ць, місі́ць, месі́ць, драг. мысэ́тэ ’мяць, размінаць густую масу, перамешваючы яе з вадкасцю’, ’таўчы’, ’біць, дубасіць’, ’хадзіць, ездзіць па гразкім, топкім, сыпкім’ (ТСБМ, Грыг., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; гродз., драг., КЭС), мясі́лка ’машына для размешвання’ (ТСБМ). Укр. міси́ти, рус. меси́ть, польск. miesić, н.-луж. měsyś, в.-луж. měsyć, чэш. mísiti, славац. miesiť, славен. mesíti/mésiti, серб.-харв. мије̏сити, макед. меси, балг. ме́ся́, ст.-слав. мѣсити. Прасл. měsiti, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. maišýti ’мяшаць’, лат. màisît ’тс’, ст.-прус. maysotan ’перамешаны’, ст.-інд. mēkṣayati ’мяшае’. Першасны прасл. атэматычны дзеяслоў не захаваўся (у літ. мове ёсць група з аблаўтам: mìšti — miẽšti — maišýti). У іншых і.-е. мовах з суфіксам ‑sk‑: лац. misceō ’мяшаю’, ірл. mescaim ’тс’, ст.-в.-ням. miscan ’мяшаць’, нарв. meisk ’сумесь’, ст.-грэч. μίσγω (< *mig‑skō) ’мяшаю’ (Бернекер, 2, 52; Траўтман, 175; Мюленбах-Эндзелін, 2, 551, 636; Фрэнкель, 450; Фасмер, 606–607; Махэк₂, 365; Бязлай, 2, 180; Буга, Rinkt., 1, 478; 2, 166 і 487). Сюды ж ме́сіва ’густая, вадкаватая маса’, ’сумесь’, ’мешаніна’ (ТСБМ, Грыг.). Гл. таксама мяша́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́заць ’пакрываць слоем чаго-небудзь тлустага ці вадкага’, ’пэцкаць’, ’непрыгожа маляваць або пісаць’, ’рабіць промахі ў гульні, стральбе’ (Нас., ТСБМ, Шат., Мат. Гом.); жытк., нараўл., лельч. ’бяліць’ (Мат. Гом.); светлаг. ’чысціць боты’ (Мат. Гом.), ’падмазваць, намазваць’ (Сл. ПЗБ), ’бяліць мелам’ (ТС). Укр. ма́зати, рус. ма́зать, польск. mazać, н.-луж. mazaś, в.-луж. mazać, чэш. mazati, славац. mazať, славен. mázati, серб.-харв. ма̏зати ’тс’; макед. мазни ’гладзіць’, ’песціць’, мазнина ’сала, тлушч’, балг. мажа; ст.-слав. мазати, мажѫ. Прасл. mažǫ, mazati мае няяснае паходжанне (Махэк₂, 356). Аднак Бернекер (2, 58), Мерынгер (IF, 17, 148), Эндзелін (KZ, 44, 66), Мюленбах-Эндзелін, (2, 684), Младэнаў (WuS, 12, 59), Траўтман (173), Фасмер (2, 557) мяркуюць, што роднаснымі да прасл. mazati з’яўляюцца лат. (iz)muôžêt ’мучыць’, ’перахітрыць’, muôžêt ’прагна есці’, ’біць’, літ. mēžti ’угнойваць’, лат. mêzt ’чысціць ад гною, падмятаць’, ст.-грэч. μάσσω, μάττω, μεμαγμένος ’цісну, мажу’, μαγεύς ’пекар’, μαγίς ’месіва’, μᾱζα ’цеста’, ст.-в.-ням. mahhôn ’складваць, звязваць’, н.-в.-ням. machen ’рабіць’, арм. macanim ’гусцею’. Такім чынам, mazati паходзіць ад *magʼ‑. Яно з’яўляецца ітэратывам з доўгім галосным кораня *‑māgʼ‑ā‑tei. Першасны дзеяслоў у славян не захаваўся. Сюды ж мазену́ць ’ударыць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЫЦЦЁ,

філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.​Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.

Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.​Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.​Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.

Літ.:

Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;

Zaslawski D. Analyse de l’être. Paris, 1982.

А.​М.​Елсукоў.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лапа́та, лопа́та ’драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝ ’лапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па 2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тор 1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор 2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор 3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарало́ ’адтуліна (у зямлі, посудзе, дрэве, гармаце)’ (ТСБМ, Нас.), ’крыніца, вірыстае месца на рацэ, вокнішча ў балоце’ (Яшкін). Рус. дыял. же́ре́ло́ ’адтуліна ў розных прадметах’, паўд., зах. ’крыніца’, укр. джерело́ ’крыніца’, польск. źródło, н.-луж. žredło, чэш. zřídlo, славац. žriedlo, žrielo ’тс’, балг. жрело̀, ждрело̀ ’цясніна, крыніца’, серб.-харв. ждрело ’глотка’, ’цясніна’, ’адтуліна’, славен. žrélọ ’адтуліна, выхад з цясніны, рот (жывёлы)’, žerélo ’адтуліна (у печы, у вулеі)’. Ц.-слав. жрѣло ’голас’, ст.-рус. жрѣло, жрело ’голас’, жерело ’вусце’, ’голас’, ’горла’, ’крыніца’, ’дула’. Зыходная прасл. форма *žerdlo з першасным значэннем ’горла, глотка’, адкуль перанос на геаграфічны аб’ект, адтуліну ў нейкім прадмеце (параўн. ’рот’), а таксама ’голас’. Аналагічнае значэнне маюць балт. словы: ст.-прус. gurcle ’глотка, горла’, літ. gurklỹs ’зоб, адамаў яблык’, ’горла пасудзіны’, дыял. gurklė ’глотка’, лат. gurklis ’глотка, зоб’ (Траўтман, 89–90). І.‑е. корань *g​u̯er‑ ’глытаць, глотка, зяпа’ (Покарны, 1, 474–475). Суфіксацыя мае балта-слав. характар, слав. назвы на ‑lo утварыліся з інструментальным значэннем (SP, 1, 103). Корань прадстаўлены таксама ў жэрці, горла, жарло (гл.). Сучаснае пашырэнне пераносных, у асноўным геаграфічных, значэнняў прасл. *žerdlo можа сведчыць у карысць гіпотэзы аб тым, што перанос адбываўся яшчэ ў прасл. перыяд, што вяло да семантычнага размежавання *gъrdlo і *žerdlo; месца *žьr(d)lo ў гэтай семантычнай групе няясна. На другасны характар прасл. значэння *žerdlo ’крыніца’ ўказваюць і яго суадносіны з koldędźь (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 67). Паводле Курынай (Этымалогія, 1967, 132), першаснае значэнне *žerdlo/*žьrdlo ’бяздонне’; яго першасны характар можна пастуліраваць для некаторых геагр. значэнняў, але не для лексемы ў целым. Курыловіч (L’apophonie, 230) тлумачыць і.-е. апафанічнае адрозненне *žerdlo і *žьrdlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяць 1 ’лічба пяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ), пʼяць ’тс’ (ТС), укр. пʼять, рус. пять, польск. pięć, чэш. pět, славац. рäť, каш. ṕińc, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěš, палаб. pąt, славен. pẹ̑t, серб.-харв. pȇt, балг. пет, макед. пет, дыял. пент, ст.-слав. пѧть. Прасл. *pętь ’пяцёрка’, лічыцца вытворным ад *pętъ ’пяты’; роднаснае прус. penckts ’пяты’, літ. penkì ’пяць’, лат. pìeci ’тс’, гоц. fimf, ст.-в.-ням. fimfto, ням. fünfte ’тс’; сюды ж таксама ст.-інд. páñca, грэч. πέντε, лац. quīnque ’тс’ (Фасмер, 3, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1074; Махэк₂, 447; БЕР, 5, 191; Глухак, 476–477; Сной₂, 509–510; ESJSt, 11, 643–644; ЕСУМ, 4, 652–653). Пра першасны назоўнікавы характар лічэбніка, на думку Банькоўскага (2, 569), сведчаць фразеалагізмы — польск. вілен. ni pięć, ni dziewięć, адпаведна ні ў пяць, ні ў дзесяць ’дрэнна і непапраўна (зрабіць)’ (Шат.), паралельныя да літ. nei penki, nei devyni ’ні тое, ні сее’.

Пяць 2 ’напружваць, напінаць’ (ТСБМ), ’ціснуць, перці; пнуць, піхаць’ (Нас.), пя́цца ’напружвацца; праціскацца; тужыцца’ (Нас.; Сержп.; смарг., Сл. ПЗБ), пʼяцца ’пнуцца’ (ТС), пя́стысь, пясты́сь ’напружвацца’ (Сл. Брэс.); укр. пʼя́сти ’нацягваць’, рус. пять, польск. piąć, чэш. píti, славац. pnuť, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěś, серб.-харв. пе́ти ’ўзнімаць’, славен. pẹ́ti ’нацягваць’, балг. пъ́на. Прасл. *pęti, *рьnǫ ’напружваць, напінаць’, роднаснае літ. pìnti ’плясці, скручваць’, лат. pît ’тс’, грэч. πένομαι ’працаваць’, гоц. spinnan ’прасці’, на аснове якіх рэканструюецца і.-е. *(s)pen‑ ’цягнуць, нацягваць’ (Махэк₂, 447; Фасмер, 3, 292; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Глухак, 477–478; Сной₂, 510–511). Мартынаў (Язык, 81) лічыць, што першапачатковае тэрміналагічнае значэнне ’звіваць, прасці’, змененае пад уплывам прасл. *plesti (гл. плясці), што пераняло першаснае значэнне. Гл. таксама і пнуць, пнуццца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)