разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.

1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.

2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.

3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.

4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.

5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.

6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.

7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.

9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.

10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.

11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.

12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).

•••

Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.

Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

порази́ть сов.

1. (нанести удар) паразі́ць; уда́рыць; (попасть) папа́сці (у што), тра́піць (у што); пацэ́ліць;

порази́ть пу́лей паразі́ць ку́ляй;

порази́ть на́смерть паразі́ць насме́рць;

порази́ть гро́мом уда́рыць гро́мам;

порази́ть цель паразі́ць цэль [тра́піць (папа́сці) у цэль];

2. (победить) паразі́ць, перамагчы́; (разбить) разбі́ць;

порази́ть врага́ перамагчы́ во́рага;

порази́ть неприя́тельские войска́ разбі́ць варо́жыя во́йскі;

3. мед. пашко́дзіць; (разбить) разбі́ць; (лишить зрения, слуха и т. п.) пазба́віць зро́ку (слы́ху і да таго́ падо́бнае), зрабі́ць сляпы́м (глухі́м і да таго́ падо́бнае); кроме этого переводится другими конструкциями: его́ порази́ла слепота́ ён стра́ціў зрок (асле́п, пераста́ў ба́чыць);

его́ порази́л парали́ч яго́ разбі́ў пара́ліч;

4. перен. (произвести сильное впечатление) ура́зіць; (удивить) здзіві́ць;

э́то изве́стие меня́ порази́ло гэ́та ве́стка мяне́ здзіві́ла;

э́то порази́ло воображе́ние гэ́та ўра́зіла ўяўле́нне;

порази́ть до глубины́ души́ ура́зіць да глыбіні́ душы́;

5. юр. пазба́віць (каго, чаго);

порази́ть в права́х пазба́віць право́ў;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)