ВЕРАНДРЫ́, Ла Верандры (La Vérendrye) П’ер Гацье дэ Варэн (17.11.1685, Труа-Рыўер, цяпер у межах г. Квебек, Канада — 5.12.1749), франка-канадскі падарожнік, даследчык Канадскага Захаду Паўн. Амерыкі. У пошуках воднага шляху да Ціхага ак. і з мэтай скупкі пушніны на працягу 1731—48 разам з сынамі здзейсніў некалькі падарожжаў, у выніку якіх адкрыў і даследаваў шэраг канадскіх азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс, і рэк іх басейнаў, сярод якіх Саскачэван і сярэдняе цячэнне р. Місуры.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБНО́Р,

бяссцёкавае возера на У Тарымскай раўніны, у Кітаі. Выш. ўзроўню каля 780 м. Месцазнаходжанне, памеры, контуры і салёнасць вады моцна мяняюцца на працягу года або сезона, што абумоўлена зменамі расходу вады і міграцыямі вусцевых участкаў рэк Тарым і Канчэдар’я. Макс. пл. сучаснага Л. дасягае 3 тыс. км², даўж. больш за 100 км, сярэдняя глыб. каля 1 м. Акаймаваны багністымі саланчакамі і балотамі, у малаводныя перыяды распадаецца на некалькі плёсаў або перасыхае. Даследаваў рас. падарожнік М.М.Пржавальскі.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРМАН ((Krman) Даніэль) (28.8.1663, в. Амшэне, Славакія — 23.9.1740),

славацкі рэліг. і грамадскі дзеяч, падарожнік. Вучыўся ў Браціславе, Лейпцыгу, Вітэнбергу. Выкладаў у славацкіх навуч. установах. Уваходзіў у склад пратэстанцкага пасольства да шведскага караля Карла XII, якога суправаджаў у паходах 1708—09. Аўтар дзённіка на лац. мове, у якім апісаў гаспадарку, культуру, прыродныя і нац. асаблівасці Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, даў звесткі пра Палтаўскую бітву 1709 і інш. У 1729—40 адбываў пажыццёвае зняволенне ў Браціславе. Пакінуў вял. літ. спадчыну.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

lone

[loʊn]

adj.

1) само́тны; адзіно́кі; адзі́ны

the lone traveler — само́тны падаро́жнік

the lone survivor — адзі́ны ацале́лы

2) адзіно́тны

3) адасо́блены, само́тны (дом, дрэ́ва)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),

англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.​П.​Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕА́РЫЙ [Olearius; сапр. Эльшлегер

(Ölschläger)] Адам (16.8.1603, Саксонія — 23.2.1671),

нямецкі вучоны, падарожнік. Вучыўся, потым выкладаў у Лейпцыгскім ун-це. Прыдворны матэматык і бібліятэкар у герцага Фрыдрыха III Шлезвіг-Гальшнтэйнскага. Ведаў рус. і араб. мовы. Наведаў Расію ў складзе пасольства герцага ў 1633—34. Аўтар «Апісання падарожжа ў Масковію...» (выд. 1647, рус. пер. 1906) са звесткамі па геаграфіі, гісторыі Расіі, яе населеных пунктах, народах і іх звычаях; мае шмат картаў і малюнкаў. У 1654 выдаў на ням. мове зб-кі перс. і араб. паэтаў.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ХЕЛЬ ((Kiechel) Самуэль) (1563, г. Ульм, Германія — 1619),

нямецкі падарожнік. У 1585—89 зрабіў вял. падарожжа па краінах Еўропы і Азіі. У 1586 праязджаў праз Беларусь, Літву, Інфлянты (Гродна—Вільня—Рыга). У сваёй справаздачы даў звесткі пра заняткі, лад жыцця, гандаль жыхароў ВКЛ, адзначыў іх верацярпімасць. Гэтая праца ўпершыню надрукавана ў 1820 у час. «Archiv zur Geografie, Historie, Staats- und Kriegskunst» («Архіў геаграфіі, гісторыі, дзяржаўнай палітыкі і ваеннага мастацтва»).

Літ.:

Грыцхевіч В., Мальдзіс А Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Афанасій) (? — 1472),

рускі падарожнік. цвярскі купец. У 1466—72 зрабіў падарожжа з гандл. мэтай у Персію, потым у Індыю, дзе пражыў амаль 3 гады. На зваротным шляху наведаў афр. бераг (Самалі), Маскат у Аравіі. Турцыю, ВКЛ. У дзённіку дакладна і рознабакова апісаў мясціны, дзе пабываў. Яго падарожныя запіскі — літ. помнік, каштоўны дакумент па гісторыі і геаграфіі Індыі 15 ст.

Тв.:

Хождение за три моря Афанасия Никитина, 1466—1472 гг. М., 1960.

Літ.:

Виташевская М.Н. Странствия Афанасия Никитина. М., 1972.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБАРА ((Barbaro) Іасафат) (1413, Венецыя — 1494),

італьянскі дыпламат, купец, падарожнік, усходазнавец. У 1436—51 консул венецыянскай факторыі Тана (Азоў), падарожнічаў па дняпроўскіх, данскіх, волжскіх стэпах, Крыме, Каўказе, Закаўказзі, Трапезундскай і Візантыйскай імперыях. У 1464—65 рэвізор у Далмацыі, павераны ў справах Венецыі ў Албаніі (1465—71), пасол у Іране (1473—77). У 1479 быў у Маскве, зрабіў кароткае апісанне горада, шляху ад Масквы да Познані.

Тв.:

Путешествие в Тану // Барбаро и Контарини о России: К истории итало-рус. связей в XV в. Л., 1971.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)