АЛЕА́РЫЙ [Olearius; сапр. Эльшлегер
(Ölschläger)] Адам (16.8.1603, Саксонія — 23.2.1671),
нямецкі вучоны, падарожнік. Вучыўся, потым выкладаў у Лейпцыгскім ун-це. Прыдворны матэматык і бібліятэкар у герцага Фрыдрыха III Шлезвіг-Гальшнтэйнскага. Ведаў рус. і араб. мовы. Наведаў Расію ў складзе пасольства герцага ў 1633—34. Аўтар «Апісання падарожжа ў Масковію...» (выд. 1647, рус. пер. 1906) са звесткамі па геаграфіі, гісторыі Расіі, яе населеных пунктах, народах і іх звычаях; мае шмат картаў і малюнкаў. У 1654 выдаў на ням. мове зб-кі перс. і араб. паэтаў.
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)