АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),

шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.

Баравік.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.

Лускаўніца звычайная.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калю́ба ’качарга’ (Сцяшк.). У іншых крыніцах як быццам не адзначаецца. Этымалогія няясная, магчыма, знаходзіцца ў сувязі з рус. дыял. кал‑f кол‑: коляба ’крыўляка’, калябиться ’крыўляцца, ламацца’, каляга ’калека, бязногі’, каляжина ’вывернутае з коранем дрэва, корч’, каляжыться ’крыўляцца, ламацца’, каляжка ’нага, ножка’; параўн. яшчэ да семантыкі смал.* кальчушка ’крывая палка’ і ’крывая нага’. Відавочна, што пэўных доказаў мяркуемай сувязі няма, да таго ж наогул нельга выключыць магчымасць як памылковага запісу, так і недакладнай яго расшыфроўкі, іншымі словамі, аўтэнтычнай формай павіцца быць кацюба (Цыхун, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ла́патка, ла́по̂тка ’паглыбленне на галёнцы задняй лапкі пчалы, акружанае цвёрдымі і кароткімі шчацінкамі, якое служыць для пераноскі пылку’ (Анох.). Магчыма, сюды ж рус. лапотки ’пупышкі на лапах мядзведзя’, зах.-укр. лапоть ’абрэзак, шматок, лапік’, славен. lapet ’кавалак зямлі’, серб.-харв. ла̀пат ’тс’, ’кавалак, абрэзак, акравак, лапік’, ц.-слав. лапътъ ’кавалак’. Прасл. lapъtъ роднаснае з літ. lõpas ’акравак’, лат. lãps ’лапік’, алб. lapë ’тс’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’. Гл. лапаць. Суф. ‑ъtь, як у слове (паз)ногаць. У палес. ла́по̂тка па аналогіі да лапка, ножка, абношка даданы яшчэ суф. ‑к‑а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРУЗДЫ́,

шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечнік сям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.

Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.

Грузды: 1 — перцавы; 2 — жоўты; 3 — сапраўдны; 4 — чорны; 5 — асінавы.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНІК (Lactarius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.

С.​С.​Колас.

Да арт. Млечнік: 1 — грузд чорны; 2 — грузд сапраўдны; 3 — скрыпіца; 4 — рыжык сасновы (сапраўдны); 5 — рыжык яловы; 6 — ваўнянка.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМО́Р (Amanita),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.

С.​С.​Колас.

Мухамор: 1 — чырвоны; 2 — смярдзючы; 3 — пантэрны.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЗАКТАНІЁЗ,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.

Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.

Л.​М.​Прыступук.

Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

саба́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сабакі; належыць сабаку. Сабачая будка. □ На сабачы брэх, пакуль Галя ставіла ля частакола веласіпед, выйшла сястра Марына, а за ёю выбег у кароткіх штоніках на падцяжачках, белагаловы, босы Сцепік. Ермаловіч. // Зроблены з футра сабакі. Сабачая даха.

2. Уласцівы сабаку (у 1 знач.); такі, як у сабакі. Я многа скептыкаў пабачыў З душой, спустошаная датла; У іх і нюх, і спрыт сабачы, І боязь рэзкага святла. Панчанка. Старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла! Мележ.

3. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачае жыццё. □ Не дарма кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч. Усё .. жыццё [Васіля], усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Колас. // перан. Разм. Незвычайна моцны ў сваім праяўленні. Сабачы голад. □ Холад сабачы, дажджы льюць, а тут ніхто і вачэй на курган не паказвае... Ракітны. // перан. Разм. Адданы, паслужлівы, пакорны. Бачыце, як людзі рады, што ўбачылі нас, — растлумачыў гэта па-свойму шавец, звяртаючыся да каменданта, на якога пазіраў увесь час адданымі сабачымі вачыма. Шахавец. // перан. Разм. Ганебны, агідны. Вера .. расказала .. аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Лынькоў.

4. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачы сын. Сабачая душа. □ [Астап:] — Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Лынькоў. [Максім:] — Слухай, Сашка, якая ў гэтым твая сабачая справа? Машара.

5. у знач. наз. саба́чыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца свойскі сабака, воўк, пясец, шакал.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Сабачая мята. Сабачы клешч. □ На ножцы бусловай Сабачы грыбок Уверх падымае Свой жоўты чубок. Бядуля.

•••

Сабачая ножка — тое, што і казіная ножка (гл. ножка). Скурыўшы дзве «сабачыя ножкі», Васіль прылёг на трошкі. Крапіва.

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)