РУБРУ́К, Рубруквіс (Rubrouck, Roebroeck, Ruysbroeck, Rubruquis) Вілем (паміж 1215 і 1220—1293), фламандскі падарожнік, манах. У 1253—55 узначальваў дыпламат. місію, накіраваную франц. каралём Людовікам IX у Манголію. З Францыі цераз Палесціну, Канстанцінопаль, Крым, данскія стэпы, нізоўе р. Волга, каля Аральскага м. і воз. Балхаш місія прыбыла ў г. Каракарум у 1254. Зваротны шлях прайшоў уздоўж зах. ўзбярэжжа Каспійскага м., цераз Армянскае нагор’е і Усх. Таўр. У справаздачы Р. пра падарожжа шмат каштоўных звестак па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі гэтых тэрыторый, адзначана, што Каспійскае м. на самай справе з’яўляецца возерам. Гэта было самае значнае да М.Пола падарожжа еўрапейца ў Цэнтр. Азію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс.км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб.выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б.ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),
італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.
Тв.:
Рус.пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.
Літ.:
Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл. каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км² за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.
тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінклінальм. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд.ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх.ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭГО́Н (Oregon),
штат на З ЗША. Пл. 248,6 тыс.км², нас. 3,08 млн.чал., у т. л. гарадскога каля 68% (1993). Адм. цэнтр — г. Сейлем. Найб. гарады: Портленд, Юджын з Спрынгфілдам, Олбані. На З Берагавыя хр. і Каскадныя горы (вулкан Худ, 3427 м), паміж імі Уіламецкая даліна, на ПнУ Калумбійскае плато, на ПдУнагор’еВ. Басейн.
Клімат на ўзбярэжжы ўмераны, вільготны, ва ўнутраных раёнах кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 °C да 4 °C, ліпеня 14—20 °C, ападкаў 300—2000 мм за год. Галоўная рака Калумбія з прытокамі Снейк і Уіламет. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (секвоя, дугласава піхта і інш.). Аснова эканомікі — лясная і сельская гаспадарка. Прамысловасць: дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая, алюмініевая, выплаўка нікелю, вытворчасць электроннага і высокатэхналагічнага абсталявання, металаапрацоўчая, хімічная, харчовая. Асноўны сельскагаспадарчы раён — урадлівая Уіламецкая даліна. Вырошчваюць пшаніцу, сеяныя травы, бульбу, садавіну, агародніну. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, птушак. Развіта рыбалоўства. Здабываюць ртуць, нікель. На рацэ Калумбія буйныя ГЭС. Транспарт: марскі (галоўны порт — Портленд), чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны; міжнародныя аэрапорты (Портленд, Асторыя). Развіты турызм. Нацыянальны парк Кратэр-Лейк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БАСЕ́ЙН (Great Basin),
нагор’е ва ўнутраным поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на З ЗША. Абмежавана хр. Сьера-Невада і Каскаднымі гарамі на З Скалістымі гарамі на У. Пл. больш за 500 тыс.км².
У рэльефе спалучэнне кароткіх хрыбтоў (выш. да 3982 м) і вялізных катлавін (басейнаў) тэктанічнага паходжання, днішчы якіх ляжаць на выш. 1200—1500 м (Даліна Смерці на выш. 85 м ніжэй за ўзр. м.). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя і вальфрамавыя руды, кухонная і глаўберава соль. Клімат пераважна субтрапічны, рэзка кантынентальны, засушлівы, на Пн умераны. Сярэднія т-ры ліп. 20—22 °C (макс. 56,7 °C), студз. 0—2 °C (мінім. -30 °C, у гарах да -60 °C). Ападкаў каля 200 мм за год. Б. ч.тэр. бяссцёкавая, арашаецца кароткімі часовымі водапатокамі. Гал. рэкі — Снейк і Гумбальт, буйныя азёры — Вял. Салёнае возера, Юта і інш. Пашыраны бурыя глебы, шэразёмы, саланчакі і саланцы (у катлавінах), горна-карычневыя (у гарах). Ландшафты паўпустынь і пустынь: на Пн (ад 37°паўн. ш.) — злакава-палынная расліннасць, на Пд — участкі з кактусамі і агавамі. Больш вільготныя схілы ўкрыты крывалессем з хвоі і ядлоўцу. Жывуць у Вялікім Басейне паўзуны — грымучыя змеі, яшчаркі-ядазубы і фрыназомы. На арашальных плошчах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗАзіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн.км². У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч.тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд.ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд.ч. Каспійскага м., паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНД (санскр.Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),
рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл.бас. 980 тыс.км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах.ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасля г. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс.км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м.Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн.т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн.га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).