аалі́ты

(ад аа- + -літ)

мінеральныя ўтварэнні з кальцыту, даламіту, вокіслаў жалеза, марганцу ў выглядзе дробных акруглых зярнят канцэнтрычнай або радыяльна-прамяністай будовы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВО́ХРА (ад грэч. ōchros бледна-жоўты),

прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3∙nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАЛЮЗІ́Т (ад піра... + грэч. lusis ачыстка),

мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл. Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.

Піралюзіт.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПАЛІ́Т (ад грэч. skapos слуп + lithos камень),

група мінералаў, каркасных алюмасілікатаў, (Na, Ca, K)4 [Al3 (Al, Si)3 Si6 O24] (Cl, CO3, SO4, F, OH). Мінералы гэтай групы ўтвараюць бесперарыўны ізаморфны рад ад марыяліту Na4 [Al3 Si9 O24]Cl да меяніту Ca4 [Al6 Si6 O24]∙CO3. Маюць прымесі жалеза, магнію, тытану, марганцу. Крышталізуюцца ў тэтраганальнай сінганіі. Утвараюць слупкаватыя крышталі, зярністыя і паралельна-шаставатыя агрэгаты і інш. Колер белы, шэры, шэра-зялёны, мядова-жоўты, ружовы, блакітны да фіялетавага. Празрыстыя і паўпразрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 6. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паходжанне метамарфічнае. Пародаўтваральныя мінералы. Буйныя празрыстыя крышталі выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, Танзаніі і інш.

Скапаліт.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прысу́тнасць, ‑і, ж.

Знаходжанне, асабістае прабыванне ў якім‑н. месцы ў пэўны час. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас. [Таццяне] раптам зрабілася надзвычай весела, і яна адчувала сябе вельмі ўтульна ў лесе ў прысутнасці гэтага разважлівага хлапца. Шамякін. // Наяўнасць чаго‑н. у чым‑н., дзе‑н. У прысутнасці марганцу, а асабліва бору расліна накоплівае больш вугляводаў. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзюралюмі́ній, дзюра́ль

(ад лац. durus = цвёрды + алюміній)

лёгкі і трывалы сплаў алюмінію і медзі з прымессю марганцу, магнію, крэмнію і іншых хімічных элементаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАІ́Я (Bahia),

штат на У Бразіліі, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Пл. 561 тыс. км². Нас. 11,7 млн. чал. (1990). Адм. ц. і гал. порт — г. Салвадор.

Займае ўсх. ч. Бразільскага пласкагор’я, у бас. р. Сан-Франсіску. Клімат трапічны і субтрапічны, вільготны на ўзбярэжжы, сухі на З ад яго. Развіты сельская гаспадарка і гарнарудная прам-сць. Вырошчваюць какава (85% збору краіны, 1990), цукр. трыснёг, тытунь, бавоўнік, маніёк (1-е месца ў краіне). Экстэнсіўная гадоўля буйн. раг. жывёлы і авечак. Здабыча нафты, рудаў медзі, свінцу, марганцу, хрому, алмазаў, золата, манацытавага пяску. Харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім. і інш. прам-сць. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія складаюцца з вулканічнага і асадкавага матэрыялу. Адрозніваюць вулканагенна-асадкавыя пароды: вулканагенна-абломкавыя, утвораныя з абломкавага (піракластычнага) матэрыялу — попелу, часцінак і абломкаў лавы, горных парод, што складаюць вулкан, і асадкавых кампанентаў (туфы, туфіты, туфапясчанікі, туфагравеліты і інш.); хемагенныя, якія складаюцца з матэрыялаў гарачых крыніц, парагазавых струменяў, прадуктаў вышчалочвання вулканічных парод і інш., што выпалі ў асадак на дне мораў або ўчастках прылеглай сушы (многія яшмы, некаторыя руды жалеза, марганцу, адклады серы, фасфарыты і інш.). У Беларусі вулканагенна-асадкавыя пароды вядомыя ў вендзе (верхні пратэразой) у цэнтр., паўд,зах. і паўн.-ўсх. частках і ў дэвоне (на ПдУ).

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,

працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.

Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),

п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.​С.​Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10​−12 Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)