Крупе́ня ’крупяны суп’ (ТСБМ, Нас., Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Мат. Маг., Нар. сл., Шатал., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з літ. kruopiẽnė ’суп з крупы’. Суфіксацыя, характэрная для літоўскай мовы. Параўн. іншыя назвы страў, утвораныя пры дапамозе той жа словаўтваральнай мадэлі: лапеня, раўчэня (Лаўчутэ, Лекс. балт., 20; Лаўчутэ, Балтизмы, 115).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раго́йшыла ’няўдаліца’ (ашм., Сл. ПЗБ), ’скаціна (пра чалавека) (там жа). Утворана па мадэлі дуры́ла. Лічыцца запазычаннем з літоўскай мовы, параўн. літ. ragúotas ’рагаты’, raduõlis ’пірог’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), але гэта версія гучыць непераканальна. Складальнікі беларускага слоўніка звязваюць запазычанне з літ. rãgas ’рог’ (Сл. ПЗБ, 4, 238). Параўн. таксама раго́йш (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛТРУША́ЙЦІС ((Baltrušaitis) Юргіс) (2.5.1873, в. Паантвардзіс Юрбаркскага р-на, Літва — 3.1.1944),

літоўскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). У 1920—39 паўнамоцны прадстаўнік Літвы ў СССР. З 1939 у Парыжы. Пісаў на рус. (зб-кі «Зямныя ступені», 1911, «Горная сцяжына», 1912, «Лілія і Серп», 1948) і літоўскай (зб-кі «Наваселле», 1941, «Вянок слёз», 1942, «Паэзія», 1967, і інш.) мовах. Гал. тэматыка — сэнс быцця чалавека, яго адносіны да сусвету і вечнасці. Паэзіі Балтрушайціса ўласцівыя філасафічнасць, унутр. драматызм, спалучаны з элегічнымі настроямі, шматпланавая сімволіка, самабытная структура маст. вобраза. Перакладаў на рус. мову Дж.​Байрана, Г.​Ібсена, Г.​Гаўптмана, К.​Гамсуна.

Тв.:

Лилия и Серп: Стихотворения. М., 1989.

А.​Лапінскене.

Ю.Балтрушайціс.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОП ((Bopp) Франц) (14.9.1791, г. Майнц, Германія — 23.10.1867),

нямецкі мовазнавец. Чл. Прускай АН (з 1822). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Праф. Берлінскага ун-та (1821—64). Заснавальнік параўнальна-гіст. вывучэння індаеўрап. моў і параўнальнага мовазнаўства. Даследуючы марфалагічную структуру слоў у санскрыце, прыйшоў да высновы аб граматычным падабенстве гэтай мовы са стараж. мовамі Еўропы, што дазволіла ўявіць першасную структуру граматычных формаў (найперш дзеяслоўных) у гэтых мовах (кн. «Сістэма спражэння ў санскрыце ў параўнанні з грэчаскай, лацінскай, персідскай і германскімі мовамі», 1816). У 1833—49 выпускамі выходзіла яго «Параўнальная граматыка санскрыту, зенду, грэчаскай, лацінскай, літоўскай, гоцкай і нямецкай моў». Аўтар «Крытычнай граматыкі санскрыту» (1834); выдаў шэраг стараж.-індыйскіх тэкстаў і перакладаў.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),

гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).

У.​М.​Міхнюк.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦ (Рамуальд Тадэвуш) (7.2.1750, в. Бобчын Браслаўскага пав. — 15.10.1824),

удзельнік паўстання 1794. З роду Гедройцаў. На баку Барскай канфедэрацыі змагаўся пад Гроднам, Моўчаддзю (1769), Бездзежам (1771), Сталовічамі (1773). Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794, чл. Найвышэйшай Літоўскай рады, адзін з бліжэйшых паплечнікаў яе кіраўніка Я.Ясінскага. Пасля паражэння паўстання на тэр. ВКЛ з 5-тысячным атрадам прыбыў у Варшаву і ўдзельнічаў у яе абароне. Пасля ў эміграцыі. У 1796 рыхтаваў паўстанне ў Жамойціі. У час Варшаўскага герцагства чл. Ваеннага к-та (1812), пазней яго старшыня. У 1813 трапіў у палон і высланы ў Архангельск. Праз 2 гады вярнуўся ў Варшаву, ген. дывізіі ў арміі Каралеўства Польскага, чл. Ваеннага к-та.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка з 1795 у Рас. імперыі, з 1919 у Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — мяст. Пружаны. Утвораны ў 1795 у складзе Слонімскай, з 1796 у Літоўскай губ. У павет увайшла ч. Брэсцкага пав., у 1796 далучана ч. Бярозаўскага пав. З 1802 у Гродзенскай губ. У 1861—22 воласці. Паводле перапісу 1897 у П.п. 139,9 тыс. жыхароў, 8 мястэчак, 540 сёл і вёсак. З 1919 у складзе Польшчы. У 1920 зах. ч. павета перададзена Белавежскаму пав., з 1921 у Палескім ваяв., падзяляўся на 17 (пасля 9) гмін. З вер. 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Брэсцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Пружанскі і інш. раёны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (5.8.1845—?),

рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел. князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.

Тв.:

Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);

Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна, 1896.

Дз.​У.​Караў.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

энергетычныя аб’екты (электрастанцыі, падстанцыі, лініі электраперадач, цеплавыя сеткі, кацельныя), звязаныя агульным рэжымам у бесперапынным працэсе вытв-сці, ператварэння і размеркавання эл. і цеплавой энергіі. На тэр. б. СССР фарміраванне пачалося ў 1956—59. Да пач. 1990-х г. завершана падключэнне большай ч. аб’яднанай электраэнергетычнай сістэмы да агульнай сеткі ліній электраперадач напружаннем 220, 330, 500 і 750 кВ. У 1991 адзіная энергетычная сістэма аб’ядноўвала 92 энергет. сістэмы (выраблена каля 1490 млрд. кВтгадз электраэнергіі). На пач. 1992 магутнасць 790 электрастанцый адзінай энергетычнай сістэмы складала больш за 288 тыс. МВт. Беларуская энергетычная сістэма тэхналагічна ўваходзіць у паўн.-зах. рэгіён адзінай энергетычнай сістэмы б. СССР і звязана лініямі з Літоўскай, Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай і Украінскай энергасістэмамі.

А.​У.​Вержбаловіч.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,

крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)