БРУКІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Г.​Дж.​Брука),

мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАІ́МАЎ (Іван Васілевіч) (8.3.1894, г. Анесі, Францыя — 2.12.1981),

рус. фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы цвёрдага цела і нізкіх тэмператур. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1919 у навук. установах Петраграда, Харкава, Масквы. Навук. працы па фізіцы крышталёў, оптыцы і оптатэхніцы. Распрацаваў метад вырошчвання монакрышталёў з расплаваў, заклаў асновы нізкатэмпературнай спектраскапіі, сканструяваў шэраг спектральных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

О приложении френелевой дифракции для физических и технических измерений. М.; Л., 1945.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),

крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.

Дэндрыты піралюзіту на палявым шпаце.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПО́НЕНКА (Сяргей Васілевіч) (н. 5.6.1958, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Сын В.І.Гапоненкі. Скончыў БДУ (1980). З 1980 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы паўправаднікоў. Вызначыў асаблівасці насычэння паглынання ў дамешкавых крышталях пры інтэнсіўным лазерным узбуджэнні, даследаваў аптычныя нелінейнасці, абумоўленыя эксітон-эксітоннымі ўзаемадзеяннямі, эвалюцыю аптычных уласцівасцей рэчыва пры пераходзе ад кластэраў да крышталёў.

Тв.:

Оптические процессы в полупроводниковых нанокристаллитах (квантовых точках) // Физика и техника полупроводников. 1996. Т. 30. № 4.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЬКЕ́ВІЧ (Мечыслаў Іванавіч) (н. 14.10.1935, в. Міхнаўшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958), там і працаваў. З 1996 у Ін-це электронікі Кашалінскага тэхн. ун-та (Польшча). Навук. працы па магн., эл., мех. уласцівасцях цвёрдых цел. Атрымаў і даследаваў шырокадыяпазонныя дыэлектрычныя спектры ферытаў; прапанаваў метад вызначэння трываласці крышталёў праз энергію крышт. рашоткі.

Тв.:

Диэлектрические свойства оксидных феррошпинелей с различным магнитным разбавлением // Неорганические материалы. 1997. Т. 33, № 3.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕК ((Seebeck) Томас Іаган) (9.4.1770, Талін — 10.12.1831),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1818) і Парыжскай (1825) АН. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і оптыцы. Адкрыў з’яву тэрмаэлектрычнасці (гл. Зеебека з’ява), пабудаваў тэрмапару і выкарыстаў яе для вызначэння т-ры. Даследаваў форму сілавых ліній магн. поля, вывучаў магн. дзеянне эл. току, палярызацыю святла, выявіў палярызацыйныя ўласцівасці крышталёў турмаліну.

Літ.:

Льоцци М. История физики. Пер. с итал. М., 1970. С. 263—264.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

ідэалізаваная мадэль крышталя бясконцых памераў са строга перыядычным размяшчэннем атамаў, пазбаўленая дэфектаў. Адрозненне рэальных крышталёў ад І.к. звязана з канечнасцю іх памераў і наяўнасцю дэфектаў (вакансіі, дыслакацыі, міжвузельныя атамы, дамешкі і інш.). У рэальных крышталях пры т-ры, большай за т-ру 0 К, заўсёды ёсць некаторая колькасць дэфектаў, тэрмадынамічна раўнаважных з рашоткай. Найб. блізкія па будове да І.к. бездыслакацыйныя крышталі (напр., крэмній Si, германій Ge). Паняцце І.к. шырока выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі і фізіцы цвёрдага цела.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУГ ((Klug) Аарон) (н. 11.8.1926, г. Іаганесбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

англійскі крышталёграф, вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1969). Вучыўся ва ун-тах Іаганесбурга і Кейптаўна. З 1949 працуе ў Англіі, з 1962 у лабараторыі малекулярнай біялогіі Мед. даследчага савета пры Кембрыджскім ун-це (з 1986 дырэктар). Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі крышталёў, даследаванні структуры нуклеінавых кіслот і нуклеапратэідаў (віруса тытунёвай мазаікі, храмаціну, трансп. рыбануклеінавай к-ты). Нобелеўская прэмія 1982.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),

1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.

2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

склераме́трыя

(ад склера- + -метрыя)

раздзел фізікі, які займаецца вымярэннем цвёрдасці мінералаў, крышталёў і іншых матэрыялаў пры дапамозе склерометра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)