РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],
будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.
Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.
На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн.буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г. Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч.гіст. цэнтра горада.
Літ.:
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).Ратуша ў г. Каўнас (Літва).Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ РАЁН У цэнтры Гомельскай вобл Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,7 тыс.км². Нас. 46 тыс.чал. (2001, без райцэнтра), гарадскога 12,8%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км² Цэнтр — г.Рэчыца. Уключае г.Васілевічы, г.п.Зарэчча, 189 сельскіх населеных пунктаў, Васілевіцкі гарадскі Савет, Зарэцкі пасялковы Савет, 20 сельсаветаў: Азершчынскі, Артукоўскі, Бабіцкі, Баршчоўскі, Белабалоцкі, Вышамірскі, Глыбаўскі, Дземяхоўскі, Дуброўскі, Жмураўскі, Заспенскі, Камсамольскі, Капараўскі, Караваціцкі, Ліскаўскі, Новабарсуцкі, Перасвятоўскі, Ровенскаслабодскі, Свірыдавіцкі, Холмецкі.
Тэр. раёна ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня пераважна пласкахвалістая з выступамі марэнных град і ўзгоркаў на З, забалочанымі плоскімі паніжэннямі і ўчасткамі дзюнна-ўзгоркавых форм на У. Пераважаюць выш. 130—140 м (75% тэр), найвыш. пункт 161 м (за 2 км на Пд ад в. Камсамольск). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ. Карысныя выкапні: нафта і спадарожны гаручы газ (асн. раён здабычы на Беларусі, гл.Рэчыцкае радовішча нафты) торф, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз -6,7 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 609 мм за год. Вегетац перыяд 194 сут. Найб.р. Дняпро з прытокамі Бярэзіна і Ведрыч з Днепрыкам. Каналы: Кербіцкі, Нізавы, Рэчыцкі (усе часткова), Ветхінскі, Перавалоцкі, Бонда і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (27,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,1%), тарфяна-балотныя (17,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (16,2%), поймавыя (алювіяльныя, 11,5%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя, радзей трапляюцца асінавыя, грабавыя, яловыя і інш. Штучныя насаджэнні (30,8%) пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3% тэр раёна. Найб. балотныя масівы Васілевічы-І, Шэўб-Кабылёва, Крапіўніцкае балота, Шчыгус, Белае-Пагарэлец, Янаўскае балота. У межах раёна ландшафтны заказнік рэсп. значэння Смычок, біял. заказнік мясц. значэння Закрашынскі Мох. Помнікі прыроды рэсп. значэння — дуброва ва Узнажскім лясніцтве, мясц. значэння — дуброва ў Баршчоўскім і ясеннікі ў Васілевіцкім і Караваціцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 93 тыс.га, з іх асушаных 44,6 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 15 калгасаў, 8 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, с.-г. прадпрыемства «Дземяхі», племзавод «Ведрыч», падсобная гаспадарка «Крынкі» Гомельскага аддз.Бел. чыгункі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм «Рэчыцкае ПМС», аграхім. лабараторыя, насенная інспекцыя і міжраённая льнонасенстанцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых, кармавых і пладова-ягадных культур, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы харч. (спірт, канцэнтрат кваснага сусла, крухмал, кісель, хлебапрадукты, камбікорм, жытняя мука), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), металаапр. (запчасткі для с.-г. машын) прам-сці, аблспажыўсаюза (кансервы з агародніны і мяса, мінер. вада і вінныя напіткі); Васілевіцкі і Рэчыцкі лясгасы (аднаўленне і догляд лясных насаджэнняў, дрэваапрацоўка); ААТ «Буравая кампанія «Дэльта» (свідравіны на ваду). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Гомель—Калінкавічы, аўтамагістраль Расія—Гомель—Кобрын, аўтадарогі Рэчыца—Парычы, Рэчыца—Хойнікі і Рэчыца—Лоеў. Суднаходства па рэках Дняпро і Бярэзіна. У раёне 27 сярэдніх, 11 базавых, 5 пач., 4 муз., 2 спарт. школы, дзіцячая школа мастацтваў, школа-інтэрнат, 2 спецшколы, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, с.-г. тэхнікум, 32 дашкольныя ўстановы, 59 сельскіх дамоў культуры і клубаў, 56 б-к, 6 бальніц, 2 дыспансеры, 3 паліклінікі, 4 амбулаторыі, 44 фельч.-ак. пункты, 3 санаторыі-прафілакторыі. Ровенскаслабодскі музей баявой і працоўнай славы. Выдаецца газ. «Дняпровец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу, якая ўключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў газаў прыродных, вытв-сць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па магістральных газаправодах, захоўванне, пастаўку розным галінам прам-сці і для камунальна-быт. гаспадаркі. Газ выкарыстоўваецца як крыніца энергіі і хім. сыравіна. Значная колькасць яго спажываецца ў хім., металургічнай, маш.-буд. прам-сці, у буд. індустрыі. На газаперапрацоўчых з-дах з прыроднага газу (у т. л. і са спадарожнага пры здабычы нафты) атрымліваюць газавы кандэнсат, які выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў (стабільны кандэнсат) і як хім. сыравіна, сухі і звадкаваны газ, сыравіну для вытв-сці азотных угнаенняў і інш.
Выкарыстанне прыродных гаручых газаў («вечных агнёў») вядома са стараж. часоў у Дагестане, Азербайджане, Іране і інш. краінах. Газавая прамысловасць пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст., калі газ сталі выкарыстоўваць для асвятлення вуліц і памяшканняў. У 1-й пал. 19 ст. з’явіліся ўстаноўкі для выпрацоўкі штучнага газу — газагенератары. Газ атрымлівалі з вугалю, асабліва пашырылася яго вытв-сць пры вырабе коксу. Здабыча прыроднага газу пачалася ў 2-й пал. 19 ст. (1870, ЗША). З сярэдзіны 19 ст. прыродныя газы выкарыстоўваюцца як тэхнал. паліва.
Асновай сучаснай газавай прамысловасці з’яўляецца прыродны газ, вытв-сць штучнага газу з вугалю і сланцаў не расце, у невял. аб’ёме газ атрымліваюць метадам падземнай газіфікацыі вугалю. У свеце здабываецца каля 2,1 трлн. м³ прыроднага газу (1993). Найб. запасы маюць: краіны б.СССР — Расія, Туркменія, Узбекістан, Азербайджан і інш. (больш за 17 трлн. м³, самыя вял.Астраханскае радовішча, Газлінскае радовішча, Урэнгойскае радовішча, Ямбургскае радовішча і інш.); Іран (10,5 трлн. м³, буйное радовішча Ахваз, Персідскага заліва нафтагазаносны басейн і інш.); ЗША (5,6 трлн. м³, Ілінойскі нафтагазаносны басейн, Каліфарнійскія нафтагазаносныя басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн і інш.); Алжыр (3,2 трлн. м³, Алжыра-Лівійскі нафтагазаносны басейн); Канада (2,6 трлн. м³, радовішча Пембіна і інш.); Мексіка (2,2 трлн. м³, Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн); Саудаўская Аравія (2 трлн. м³, Сафанія); Нідэрланды (1,6 трлн. м³, Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць, усе даныя на пач. 1980-х г.). Пра буйнейшых вытворцаў газу гл. ў табл. 1. <TABLE>
Транспарціроўка газу ад радовішча да спажыўца ажыццяўляецца па магістральных газаправодах (з дапамогай устаноўленых на іх газаперапамповачных агрэгатаў), агульная працягласць якіх у свеце 750 тыс.км (канец 1970-х г.), а водным шляхам — спец. танкерамі метанавозамі-газавозамі. Найб. агульную працягласць газатрансп. сістэм маюць ЗША (442 тыс.км), самыя працяглыя сістэмы ў краінах СНД — шматнітачная Урэнгой—Ухта—Таржок—Мінск—Івацэвічы—Даліна (11 тыс.км) і ў Паўн. Амерыцы Аляска—Канада—ЗША (7,7 тыс.км). Захоўваецца газ у наземных (газгольдэры), паверхневых падземных (участкі газаправодаў з павышаным ціскам) і падземных сховішчах. Найб. выкарыстоўваюцца падземныя сховішчы, якія ствараюць у выпрацаваных газавых ці нафтавых радовішчах (газ запампоўваюць праз свідравіны ў спустошаны прадуктыўны пласт).
На Беларусі газавая прамысловасць развіваецца з 1960-х г. на базе прывазнога прыроднага газу (пасля будаўніцтва магістральнага газаправода Дашава—Мінск). Адзінае Старасельскае радовішча прыроднага газу не распрацоўваецца. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км. Здабываецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. Дынаміку выкарыстання газу ў газавай прамысловасці Беларусі гл. ў табл. 2. <TABLE>
Прыродны газ паступае з Расіі па газаправодзе Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын. У 1995 імпартавана 14 млрд.м³ — амаль увесь спажываны газ. Прыродны газ у эканоміцы Беларусі выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна (напр., на ВА «Азот» у Гродне для выпрацоўкі азотных тукаў), спадарожны пасля перапрацоўкі ідзе на паліва на Светлагорскай ЦЭЦ і ў кватэрах Рэчыцы і Светлагорска.
С.М.Зайцаў.
Табліца 1 Буйнейшыя вытворцы прыроднага газу (1993)
Краіна
Здабыча млрд.м³
Краіна
Здабыча. млрд.м³
СНД і інш. краіны б.СССР
743,0
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
29,6
ЗША
508,0
Нарвегія
26,5
Канада
128,0
Мексіка
26,0
Нідэрланды
84,0
Іран
25,0
Вялікабрытанія
61,0
Венесуэла
24,0
Алжыр
56,5
Аўстралія
23,5
Інданезія
56,0
Малайзія
23,0
Саудаўская Аравія
35,0
Румынія
22,0
Табліца 2 Вытворчасць і спажыванне прыроднага гаручага газу ў Беларусі (млрд.м³)
Вытворчасць і спажыванне
1990
1992
1994
1
2
3
4
Здабыча
0,297
0,292
0,294
Імпарт
18,8
18,0
14,3
Экспарт
3,1
—
—
Валавое спажыванне, усяго
15,5
18,3
14,7
у т. л.
на вытв-сць электраэнергіі
10,3
13,3
11,3
у якасці сыравіны
1,8
1,8
0,9
у якасці паліва ці энергіі
2,6
2,6
2,3
Страчана
0,2
0,1
0,1
Да арт.Газавая прамысловасць. Газаразмеркавальная станцыя ў Мінскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДМАГІ́ЛЛЕ,
твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.
Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст.рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.Бернардзін), П.Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.К.Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.П.Румянцава (1834, скульпт. В.Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г.Кобрын Брэсцкай вобл.), А.Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.Коласа (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка, арх. М.Мызнікаў), Я.Купалы (1971, скульпт. А.Анікейчык і А.Заспіцкі), І.Жыновіча (1976, скульпт. З.Азгур), І.Мележа (1980, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў), П.М.Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.Левін, Ю.Градаў), Е.Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.І.Грамовіча (скульпт. М.Рыжанкоў), А.А.Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.Фінскі), Ю.А.Карачуна (скульпт. У.Лятун), В.Ц.Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.Кароль, Казакоў, В.Волчак, В.Занковіч, Г.Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.С.Барадзіну (1975, скульпт. Г.Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.
А.К.Лявонава.
Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.Анікейчык і А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),
творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.
Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.Бірзеніек, скульпт. К.Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.Пенгюсон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.Вучэціч і інш., арх. Я.Белапольскі і інш.) і інш.
На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл.Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.Фамін), Полацку, помнік у г.Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял.Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в.Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.Заржэцкі, інж. М.Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл.«Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.Андрэеў, А.Крохалеў, А.Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.Левін, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл.«Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. А.Градаў, Г.Заборскі, Левін), Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш.Іл.гл. да арт.Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Да арт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г.Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,
вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс.чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн.дол. зброі і на 51,6 млн.дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал.лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав.Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр.Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.
У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс.чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.М.Гіціс (з 7.7.1919), М.М.Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.І.Ягораў (10.1—31.12.1920), чл.РВС: Р.І.Берзін (10.1—18.12.1920), Х.Г.Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.В.Сталін (10.1—1.9.1920), С.І.Гусеў (29.8—14.10.1920), С.І.Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).
12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс.чал. (камандуючы П.А.Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.
Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс.чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.Дз.Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл.Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.
Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв.сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт.Пінская ваенная флатылія).
Літ.:
Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел.гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);