род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе пераважна ў Альпах, Карпатах і Пірэнеях. На Беларусі 2 дзікарослыя віды К.: коласападобны (Ph. spicatum) і чорны (Ph. nigrum). Трапляюцца ў мяшаных лясах, зарасніках па берагах рэк, у ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з мясістым коранем і прамым пустым у сярэдзіне сцяблом. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, падоўжанае. Кветкі дробныя, шматлікія, амаль сядзячыя ў галоўчатым або коласападобным суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІНЕ́Ц (Polygala),
род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКО́ЛЬ (Agrostemma),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЛЕ́ШНІК (Asarum),
род кветкавых раслін сям. кірказонавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (A. europaeum), нар. назвы канячыя капыткі, дзікі перац, церазгрывіца. Трапляецца ў цяністых лясах, хмызняках.
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 10 см з вострым пахам перцу. Сцёблы кароткія, слабаразвітыя з лускавінкамі. Лісце (2—3) буйное, зялёнае, скурыстае, зімуючае, на доўгіх чаранках з глыбокай выемкай. Кветкі адзіночныя, званочкавыя, на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя, лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),
род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.
Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пу́пінак ’малы круглы чалавечак’ (слонім., Нар. словатв.), пупянок ’сасок грудзей’ (карэл., пін., Шатал.), пу́пэнок ’бутон; страўнік у птушак’ (Сл. Брэс.); сюды ж укр.пу́пінок ’бутон; маленькі агурок’, рус.пупёночкы ’саскі грудзей’, пу́пень ’драўляная затычка ў лодцы’. Да пуп (гл.), параўн. паралельныя ўтварэнні балг.пупу́няк ’вельмі малы чалавек; маленькае колца’ (БЕР, 5, 857, ад пуп), макед.пупунок ’пупышка, бутон; каробачка (бавоўны і інш.)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БРО́ЎНІК (Herminium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі вельмі рэдка на сырых лугах, лясных палянах і каля крыніц трапляецца броўнік аднаклубневы (H. monorchis); занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з амаль бязлістым сцяблом і шара- або яйцападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае, голае, бліскучае, па 2—3 каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, паніклыя, зеленавата-жоўтыя, з моцным мядовым лахам, сабраны ў канцавое падоўжанае шматкветкавае коласападобнае суквецце. Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭРЛА́К (Peplis),
род кветкавых раслін сям. плакуновых. Вядомы 4 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і Паўд. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца бутэрлак партулакавы (P. portula), вельмі рэдка чаргаваналісты (P. alternifolia). Растуць на вільготных глеяватых або пясчаных мясцінах: лясных дарогах, грунтавых агаленнях, берагах рэк і поймавых лугах.
Аднагадовыя травяністая расліны з сакаўнымі, часта чырванаватымі, распасцёртымі ці ўзыходнымі сцёбламі даўж. 5—20 см. Лісце супраціўнае ці чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, непрыкметныя, белыя або бледна-ружовыя, адзіночныя, на кароткіх кветканосах ці амаль сядзячых ў пазухах лісця. Плод — шарападобная каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЮ́К (Anthericum),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (A. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (A. liliago).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАПЕ́РЫЦА (Hottonia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Еўропе, М. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляецца вадаперыца балотная (H. palustris). Расце ў стаячай вадзе ў сажалках, канавах, на балотах.
Шматгадовыя травяністыя павольнаплаваючыя расліны без каранёў, з падводным косаўзыходным сцяблом даўж. 15—60 см. Лісце перыстарассечанае, кальчаковае, у разетцы каля асновы доўгага кветаноса, які ў час цвіцення ўздымаецца над вадой. Кветкі белыя ці ружаватыя, у зеве жоўтыя, сабраныя ў гронкападобныя суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. (прыдатныя для аквакультуры) і меданосныя расліны.