КО́ЛЬНІК (Phyteuma),

род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе пераважна ў Альпах, Карпатах і Пірэнеях. На Беларусі 2 дзікарослыя віды К.: коласападобны (Ph. spicatum) і чорны (Ph. nigrum). Трапляюцца ў мяшаных лясах, зарасніках па берагах рэк, у ярах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з мясістым коранем і прамым пустым у сярэдзіне сцяблом. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, падоўжанае. Кветкі дробныя, шматлікія, амаль сядзячыя ў галоўчатым або коласападобным суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Кольнік коласападобны.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)