вампі́р

(фр. vampire)

1) казачны пярэварацень, мярцвяк, які нібыта выходзіць ноччу з магілы і смокча кроў жывых;

2) перан. жорсткі чалавек, крывасмок;

3) перан. чалавек, які жыве за кошт энергіі, жыццёвых сіл іншых людзей.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

пега́с

(гр. Pegasos, ад pege = крыніца)

1) казачны крылаты конь у старажытнагрэчаскай міфалогіі, з-пад капыта якога пачала біць цудоўная крыніца, адкуль чэрпалі натхненне паэты;

2) перан. сімвал паэтычнай творчасці, натхнення (асядлаць пегаса).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

му́драсць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць мудрага (у 1, 2 знач.). Народная мудрасць. Жыццёвая мудрасць. □ Кніга — казачны скарб чалавечай мудрасці. «Звязда». [Бобрык:] — За касільна трымацца мудрасці вялікай не трэба. Дуброўскі.

2. Мудрыя думкі, выказванні, жыццёвы вопыт. Кажуць людзі: «Гады — не пуды». Гэтай мудрасці я не пярэчу. Прануза.

3. Разм. Што‑н. складанае, цяжкае для разумення. [Якаў] прыглядаўся да [дарожных] знакаў, стараўся ўспомніць усю гэту мудрасць — некалі ж вучыў. Кулакоўскі.

•••

Зуб мудрасці гл. зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утра́ціць, утрачу, утраціш, утраціць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і страціць. Пацее Яська, чуць не плача, Сказаць штось хоча і баіцца Утраціць гонар, памыліцца. Колас. «Усё мудруе нейкай трасцы, усё яму [Юзіку] трэба не так, як людзі робяць! Нейкі воз сена ўтраціў, не дадуць цяпер», — думаў стары. Крапіва. — Ну, акурат казачны паляшук [дзядзька], што і чорта ашукае, і богу не дадасць, і пана ў лыжцы вады ўтопіць, а свайго не ўтраціць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАСПАДАРО́Ў (Піліп Паўлавіч) (1865, в. Забаб’е Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.7.1938),

рускі і бел. нар. казачнік. У 1905 за ўдзел у сял. выступленні на Магілёўшчыне сасланы пажыццёва ў Алонецкую губ. (в. Шуя). Пасля вызвалення з-пад нагляду паліцыі ў 1907 перасяліўся ў Петразаводск. Працаваў кавалём на Аляксандраўскім з-дзе. Казачны рэпертуар засвоіў у дзяцінстве ад аднавяскоўца, прыгоннага селяніна К.​К.​Шаўцова. У 1937—38 ад яго фалькларыст М.У.Новікаў запісаў 106 казак, прыказкі, загадкі. Традыц. для бел. казачнага эпасу антыпамешчыцкая, антырэліг. і антыклерыкальная накіраванасць характэрна і для казак Гаспадарова («Салдацкія сыны», «Пра дурнога Амелю», «Пра залатое яечка», «Поп і работнік», «Каваль і поп», «Праўда пра святога Феадосія»). На аснове традыц. сюжэтаў стварыў казкі на сав. тэматыку («Як мужык і рабочы праўду шукалі», «Чырвоныя арляняты», «Як Мар’я з Іванам зраўняліся»). Казкі Гаспадарова вылучаюцца шырокім выкарыстаннем сродкаў традыц. фальклорнай паэтыкі, трапных прыказак, загадак, майстэрствам дыялогаў. Чарадзейныя казкі Гаспадарова паводле стылю блізкія да яго быт. казак. Казка Гаспадарова «Салдацкія сыны» ў перакладзе на ням. мову Г.І.Грыма ўвайшла ў складзены Л.Р.Барагам зб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966, 10-е выд. 1980).

Тв.:

Сказки Ф.​П.​Господарева. Петрозаводск, 1941;

У кн.: Песни и сказки на Онежском заводе. Петрозаводск, 1937.

Літ.:

Бараг Л. Беларуская казка. Мн., 1969.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак. // Чалавек вялікага росту і сілы; велікан, гігант. [Багданёнак] быў волат гадоў трыццаці. Чарнышэвіч. Волатам выглядае цельшынскі дзед Мікіта. Пшыркоў. // перан. Што‑н. надта вялікіх памераў. На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі.

2. перан. Чалавек выдатных здольнасцей, геній; тытан. У гэтай сялянскай хаце адбылася першая сустрэча волатаў нашай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слі́вень ‘род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі’ (ТСБМ), ‘род злой, гавораць сляпой, змяі’ (Нас.), ‘мядзянка (змяя)’ (Байк. і Некр.), ‘род змяі’ (Касп.), сьлі́вень ‘слімень, медзяніца-гадзюка’ (Бяльк., Сцяшк.), слі́вянь, слі́вень ‘вераценніца, якую лічаць ядавітай змяёй’ (Сл. ПЗБ). Рус. зах. сли́вень ‘тс’, польск. дыял. śliwień ‘ядавітая змяя’. Паводле Фасмера (3, 670), табуістычнае пераўтварэнне з сле́пень (гл. сляпень, як другую назву вераценніцы, Сл. ПЗБ) пад уплывам сліва, таму што змяя мае свінцова-шэрую афарбоўку; мала верагодным ён лічыць запазычанне з літ. slibinas, slykỹnas ‘казачны злы змей’, як гэта мяркуе Карскі (РФВ, 49, 21); прыводзіцца сярод слоў, балтыйскае паходжанне якіх цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 148). Параўн. слімень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.​Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.​Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.​Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.​Міцкевіча, А.​Фета, С.​Ясеніна. Т.​Шаўчэнкі, Л.​Украінкі, І.​Франко, П.​Грабоўскага, У.​Сасюры, Л.​Кастэнкі, І.​Няходы, Т.​Каламіец, П.​Маха, Э.​Межэлайціса, П.​Мацева і інш.

І.​У.​Саламевіч.

В.А.Жуковіч.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯШЧУ́К (Мікалай Міхайлавіч) (4.8.1947, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.9.1996),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нац. культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі бел. нар. фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкар. дэталямі, фантаст. выявамі, арх. помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р.​Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай іл. ў Браціславе 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988—90) і інш. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць маст. мовы, часам філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Вял. ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я г.: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982—84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984—85), «Свята IV», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і інш. Працаваў у станковай графіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001;

Каваленка В. Палёт над прасторай і часам // Мастацтва. 1997. № 8.

М.​Р.​Баразна.

М.Селяшчук. Злашчасны вечар. 1994.

т. 14, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)