ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,

час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск Арфаэпія. Мн., 1991.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

змя́кчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змякчыць.

2. у знач. прым. Які страціў суровасць, строгасць, стаў мяккім, лагодным, падатлівым. Змякчаны погляд.

3. у знач. прым. Які вымаўляецца з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палатальны (пра гукі мовы). Змякчаныя зычныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нёбный

1. анат. паднябе́нны;

нёбная по́лость паднябе́нная по́ласць;

нёбная занаве́ска мя́ккае паднябе́нне;

2. лингв. паднябе́нны;

нёбные согла́сные паднябе́нныя зы́чныя.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гарта́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гартані. Гартанныя мышцы. Гартанны нерв.

2. Які ўтвараецца ў гартані (пра гукі мовы). Гартанны гук. Гартанныя зычныя.

3. Багаты гартаннымі гукамі. Вецер даносіў да мяне ўрыўкі гартаннай размовы, нібы там некалькі чалавек адразу паласкалі горлы. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫГРА́Ф (ад ды... + ...граф),

спалучэнне 2 літар, што ўжываецца для абазначэння на пісьме пэўнага гуку. Уласцівы кірыліцы (Д. «оу» абазначаў просты гук «у»). У помніках старабел. мовы 14—17 ст. ужываліся Д. «кг» на месцы «г» (кгузикъ), «іо» — «ё» (ліонъ), «хв» — «ф» (Тимохвѣй), «дж» (дроджи), «дз» (дзедзіч). Сучаснай бел. мове ўласцівы Д. «дз» і «дж». Спалучэннямі з 2 і больш літар перадаюцца ў некат. зах.-еўрап. сістэмах пісьма зычныя гукі, блізкія да ўсх.-слав. «х», «ч», «ш», «щ» (ням. ch, tsch, sch, schtsch; польск. ch, cz, sz, czcz).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

губны́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да губы ​1. Губныя мышцы. // Прызначаны для губ. Губная памада.

2. Які вымаўляецца пры ўдзеле губ; лабіяльны (пра гукі). Губныя зычныя.

•••

Губны гармонік гл. гармонік.

губны́ 2, ‑ая, ‑ое.

Гіст. Які мае адносіны да губы ​3. Губны стараста.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМБІНАТО́РНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,

фанетычныя змяненні гукаў, што ўзнікаюць у выніку іх спалучэння з інш. гукамі ў моўнай плыні. Асн. віды: асіміляцыя, дысіміляцыя, акамадацыя.

На асімілятыўнай і дысімілятыўнай аснове могуць адбывацца: эпентэза (устаўка — «Лявон», «рубель»), дыярэза (выпадзенне — «праязны», «сэрца»), гаплалогія (выпадзенне аднолькавых элементаў на стыках марфем — «марфаналогія» з «марфафаналогія»), кантракцыя (сцяжэнне — «казацкі» з «казакскі»), метатэза (перастаноўка — «футляр» з «футарал»), пратэза (прыстаўны гук — «возера» з «озера»), Адрозніваюць К.з.г. прагрэсіўныя (папярэдні гук уплывае на наступны, напр., папярэднія мяккія зычныя выклікаюць і-падобны прыгук наст. галоснага) і рэгрэсіўныя (уплыў наступных гукаў на папярэднія: «сьмех», «лышка» — лыжка»).

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (позналац. labialis губны ад лац. labium губа),

агубленне, артыкуляцыя гукаў мовы (галосных і зычных), якая суправаджаецца акругленнем выцягнутых уперад губ. Л. можа быць адрознівальнай прыкметай фанем (напр., у ням., франц., швед. мовах лабіялізаваныя галосныя фанематычна проціпастаўлены нелабіялізаваным). Існуюць лабіялізаваныя галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга (часцей) рада. Лабіялізаваныя зычныя як асобныя фанемы маюць паўн.-каўк. мовы. Л. з’яўляецца дадатковай артыкуляцыяй, якая прыводзіць да ўзнікнення камбінаторных варыянтаў (алафонаў) фанем, калі яна абумоўлена толькі фанет. становішчам гуку (напр., Л. зычных перад губнымі галоснымі, параўн.: бел. «сад» — «суд»). Для розных моў характэрна розная ступень Л.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

dental

[ˈdentəl]

1.

adj.

1) зубны́

dental technician — зубны́ тэ́хнік

2) Phon. зубны́

2.

n.

зубны́ зы́чны

“T” and “d” are dentals — “Т” і “д” — зубны́я зы́чныя

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

БІ́РМАНСКАЯ МО́ВА,

адна з кітайска-тыбецкіх моў (тыбецка-бірманская група). Афіц. мова М’янмы (б. Бірма) і мова міжнац. зносін большасці народаў М’янмы. Традыцыйна вылучаюць дыялекты: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоў, йо (некаторыя даследчыкі лічаць іх самаст. мовамі). У фанетыцы 11 галосных, 33 зычныя фанемы; з’яўляецца тонавай мовай (мае 4 тоны) з аднаскладовай будовай кораня. Асн. спосабы словаўтварэння — словаскладанне і афіксацыя аглюцінатыўнага тыпу. У марфалогіі вылучаюцца іменныя і дзеяслоўныя класы слоў, а таксама службовыя словы, што разам з парадкам слоў перадаюць сінтаксічныя адносіны. Пісьменства бірманскай мовы складовае, пабудаванае на аснове аднаго з відаў паўд.-інд. пісьма. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 11 ст.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)