ВО́ЙТАЎСТВА,
1) адм.-гасп. адзінка ў ВКЛ і ў Польшчы ў 15—18 ст. У войтаўства ўваходзілі адна або некалькі вёсак, што найчасцей складалі невял. зямельнае ўладанне на велікакняжацкіх землях, якім кіраваў сельскі войт, або горад, часам з навакольнымі землямі, якім кіраваў гар. войт.
2) Назва пасады войта паводле Статута ВКЛ 1588.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБАЎ Міхаіл Нілавіч
(20.11.1851, С.-Пецярбург — 25.6.1911),
рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў «Пшаніцыны» (1873), «Дзень выніку» (1879), хронікі «Канец Невядомай вуліцы» (1881—82), рамана «Ра́са» (1883), рамант. трылогіі «Дзень ды ноч» (1890—1903), прысвечаных пераважна жыццю гар. мяшчанства і духавенства, лёсу «маленькага» чалавека (адчувальны ўплыў твораў Ф.Дастаеўскага).
Тв.:
Соч. Т. 1—8. Спб., [1906—08].
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЯ,
вёска ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад гар. пас. і 16 км ад чыг. ст. Свіслач, 120 км ад Гродна. 681 ж., 338 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Іаана (1840).
т. 5, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
навучальная ўстанова ў Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Вышэйшыя пачатковыя вучылішчы былі створаны паводле Палажэння ад 25.6.1912 замест 3- і 4-класных гар. вучылішчаў. Складаліся з 4 класаў з гадавым курсам у кожным. Былі мужчынскія, жаночыя і мяшаныя. У іх прымалі дзяцей сярэдніх слаёў гар. і сельскага насельніцтва ва ўзросце 10—13 гадоў. Навучанне пераважна платнае. Вывучалі: Закон Божы, рус. мову і славеснасць, арыфметыку, асновы алгебры і геаметрыі, геаграфію, гісторыю Расіі са звесткамі па ўсеаг. гісторыі, прыродазнаўства, фізіку, маляванне, чарчэнне, фіз. практыкаванні, рамёствы, замежную мову. Пры вучылішчах часам былі дадатковыя класы або курсы з 1—2-гадовым тэрмінам навучання: пед., с.-г., рамесныя, бухгалтарскія і інш. У 5 губернях Беларусі ў 1915 было 121 вышэйшае пачатковае вучылішча. Скасаваны ў 1918.
т. 4, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛБЖЫХ
(Wałbrzych),
горад на ПдЗ Польшчы, у Судэтах. Адм. ц. Валбжыхскага ваяводства. Гар. правы атрыманы каля 1400. 140,3 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр Ніжнесілезскага кам.-вуг. басейна. Коксахімія, маш.-буд., шкларобная прам-сць. ЦЭС. 2 тэатры, філармонія. Горны музей. Сярэдневяковы замак, палацы і касцёлы 17—19 ст. Каля Валбжыха — горны бальнеакліматычны курорт Шчаўна-Здруй.
т. 3, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР Секст
(Sextus Aurelius Victor),
рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.
т. 2, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,
часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМ
(Adam) Роберт (3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСАНО́ГІЯ»,
удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКА,
альтана (італьян. altana), драўляная ці мураваная дэкар. пабудова каркаснай (слупавой) канструкцыі для адпачынку, аховы ад сонца і ападкаў. Звычайна размяшчаецца ў маляўнічых кутках паркаў, гар. і прыгарадных зялёных зон, у дварах жылых дамоў, каля вадаёмаў і г.д. Найчасцей вырашалася ў выглядзе ратонды ў пейзажных і рэгулярных парках стыляў барока і класіцызму. У мураваных альтанках стылю класіцызму выкарыстоўваліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)