ГАРАДСКА́Я ЎПРА́ВА,

выканаўчы орган гар. думы ў Рас. імперыі. Складалася з 2—3 асоб, выбраных думай. Узначальваў управу гарадскі галава (адначасова быў і старшынёй гар. думы). Члены ўправы лічыліся на дзярж. службе і атрымлівалі заработную плату, якую ўстанаўлівала гар. дума з фонду гар. даходаў. Гарадская ўправа мела пастаянную канцылярыю, якая падзялялася на шэраг аддзелаў, адпаведных функцыям гар. самакіравання. Пры ёй ствараліся пастаянныя і часовыя камісіі. Гар. ўправы займаліся пытаннямі гаспадаркі і добраўпарадкавання гарадоў, супрацьпажарнымі мерапрыемствамі, ажыццяўлялі нагляд за развіццём мясц. гандлю і прам-сці, кіравалі гар. медыцынай і нар. адукацыяй. Не валодалі прымусовай уладай, падпарадкоўваліся губернатару і міністру ўнутр. спраў, якія маглі накласці вета на любое рашэнне ці пастанову гарадскай управы. У Беларусі, дзе гар. даходы былі меншыя за расходы, гарадскія ўправы выбіраліся пераважна ў губ. гарадах. У большасці пав. гарадоў функцыі гарадской управы выконваў гар. галава.

А.М.Люты.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мартэн дзю Гар Ражэ

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРЫЦА,

назва гар. пас. Арэхаўск да 1946.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЗНА,

назва гар. пас. Чырвоная Слабада да 1923.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ГАЛАВА́,

службовая асоба ў Рас. імперыі. Узначальваў гарадскую думу і гарадскую ўправу. Пасада ўведзена ў 1785. Паводле гарадской рэформы 1870—75 гарадскі галава выбіраўся на 4 гады гар. думай і зацвярджаўся міністрам унутр. спраў (у губ. гарадах) або губернатарам. У невял. гарадах выконваў функцыі гар. управы. Сумяшчэнне ў асобе гарадской галавы пасад старшыні гар. управы і старшыні гар. думы абмяжоўвала дзейнасць апошняй і пакідала магчымасць самавольства. З 1892 гарадскі галава лічыўся чыноўнікам дзярж. службы. Паводле закону ад 16.6.1870 на пасады гарадской галавы і яго намеснікаў забаранялася выбіраць яўрэяў, што асабліва датычыла бел. губерняў.

А.М.Люты.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я РЭФО́РМА 1870—75,

рэформа гар. кіравання ў Рас. імперыі. Ажыццёўлена паводле Гарадавога палажэння ад 16.6.1870. Спачатку праводзілася ў гарадах рас. губерняў Еўрап. Расіі і Сібіры. На нац. ускраінах уводзілася з вял. асцярожнасцю. На тэр. Беларусі і ў Літве пачала дзейнічаць у крас. 1875, у Латвіі і Эстоніі — у сак. 1877, на польскія губерні, Фінляндыю і Сярэднюю Азію зусім не пашыралася. У Беларусі рэформай уводзіўся новы бессаслоўны орган гар. самакіравання — гарадская дума. Пры выбарах членаў (гласных) думы права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту, якія валодалі пэўным маёмасным цэнзам і не мелі запазычанасці па гар. зборах. Выканаўчым органам гар. думы была гарадская ўправа. Сістэма выбараў гар. гласных забяспечвала большасць прадстаўнікам буйнога капіталу. Выбаршчыкі падзяляліся на 3 курыі, кожная з якіх выбірала ⅓ частку ўстаноўленай колькасці гласных. Большасць насельніцтва горада, якое не мела ўстаноўленага маёмаснага цэнзу (чорнарабочыя, рамеснікі, дробныя служачыя і г.д.), не дапускалася да выбараў. Органы гар. самакіравання залежалі ад царскай адміністрацыі і з’яўляліся дадатковымі органамі мясц. улад. Рэформа спрыяла ўмацаванню пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гар. гаспадаркі. Аднак прыгонніцкія перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць рэформу ў поўнай меры.

А.М.Люты.

т. 5, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́РГЕРСТВА,

бюргеры, у шырокім сэнсе ўсе жыхары зах.-еўрап. сярэдневяковага горада, у вузкім — сярэдні слой гар. насельніцтва, пераважна рамеснікі і гандляры. Сфарміравалася ў 11—13 ст. у працэсе барацьбы з феадаламі-сеньёрамі за гар. зямлю і вызваленне ад феад. залежнасці.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДАВЫ́,

ніжэйшы чын гар. паліцэйскай варты ў Рас. імперыі ў 1862—1917. Служыў па вольным найме.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРМІ́СТР

(польск. bürmistrz ад ням. Bürgermeister),

выбарная асоба ў магістратадм. і судовы орган гар. самакіравання ў гарадах Беларусі, якія мелі магдэбургскае права ў 14—18 ст. Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12—20 чал.) выбіралі на пасаду бурмістра гараджан з заможных гар. вярхоў (мяшчан). У 16 — 1-й пал. 17 ст. пабольшала роля сходу гараджан у працэдуры выбараў гар. рады і яе галавы. Сход прапаноўваў некалькі кандыдатур, з якіх войт зацвярджаў аднаго, часцей 2 бурмістры тэрмінам на 1 год. Пасля сканчэння паўнамоцтваў бурмістр рабіў справаздачу перад радай. З цягам часу ўстанавіўся прынцып справаздачы бурмістра на агульным сходзе гараджан. У абавязак бурмістра ўваходзіла загадванне гар. скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда. У канцы 18 ст. царскі ўрад скасаваў на Беларусі магдэбургскае права, а бурмістр замяніў прызначаемы ўладай гарадскі галава.

З.Ю.Капыскі.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,

выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)