дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.
1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. □ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.
2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.
3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.
4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.
•••
Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.
Даць дуба гл. даць.
Плесці з дуба вецце гл. плесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.
2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.
3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. каго-што. Пачаць каціць, прымусіць каціцца (пераважна што‑н. круглае). Раптам свавольнік-вецер сарваў з галавы хлопчыка шапку і пакаціў яе, як мячык, па полі, у бок ад дарогі. Сіняўскі. // Пачаць рухаць, везці што‑н. на колах. Айцец Сабольскі падняў веласіпед з дарогі і пакаціў яго ў руках, чапляючыся нагамі за пні. Пташнікаў. Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Мележ.
2. Разм. Пачаць перамяшчацца (аб транспартных сродках). Неўзабаве.. [прышэльцы] выйшлі — завуркатаў на вуліцы матор, і легкавік ціха, як бы нехаця, пакаціў да станцыі. Вышынскі. // Паехаць, адправіцца куды‑н. [Ірына] пашыла з паўтузіна новых шаўковых халатаў і пакаціла ў Сачы. Краўчанка.
3. што. Перамяшчаць сілай цячэння. Рака Сасна дажджэцца той пары, Што зноў пакоціць хвалі праз бары. Астрэйка.
4. каго-што. Разм. Паваліць, прымусіць упасці. Вася падхапіўся з зямлі. Пачырванелы, сярдзіты. — Давай яшчэ раз!.. Мы схапіліся зноў. Тузаліся, тузаліся, і я зноў пакаціў яго. Рунец.
•••
Хоць шаром пакаці — пуста, нічога няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму-чаму.
1. Садзейнічаць; памагаць. [Сабалеўскі:] — Мой абавязак, як палкавога ўрача, спрыяць словам і справай вашым поспехам у лётнай рабоце. Алешка. Гуманістам можа быць толькі той, хто спрыяе шчасцю працоўнага чалавека. Ярош. [Казік да Веры:] — А мне не можа [Віктар] дараваць, што я спрыяў твайму збліжэнню з Максімам і што ты адмовіла таму ўдаўцу-асадніку. Машара. // (1 і 2 ас. не ўжыв.) і без дап. Быць прычынай чаго‑н., памагаць, рабіць магчымым узнікненне, развіцця чаго‑н. Чыгунка спрыяла таму, што Міця рана стаў цікавіцца справамі, якія ідуць у вялікім свеце. Навуменка. Станаўленню светапогляду паэта спрыяла тое, што ў часе вучобы ён актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх гуртках. Няхай. Калгаснікі дажалі жыта і пачалі жаць ярыну. Надвор’е спрыяла. Чорны. Гунава не прыехаў.. Гэта таксама не спрыяла настрою Сімона. Самуйлёнак. // Разм. Аказваць патрэбнае дзеянне, прыносіць карысць. [Алімпа:] — І не думай, Тэлё, — палягчэе: вельмі ж спрыяе .. [зелле] на хворае нутро. Вышынскі.
2. Праяўляць добразычлівасць да каго‑н. Пад .. [дубам] Даніла зрабіў столік і лавачкі, зрабіў для Грушкі і для ўсіх, хто яму спрыяе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
Разм.
1. Сустракацца, мець спатканне з кім‑н. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. Колас. // перан. Знацца з чым‑н., адчуваць на сабе ўздзеянне чаго‑н. (часцей з адмоўем). [Незнаёмы:] — Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся. Купала.
2. Быць бачным; успрымацца зрокам. [Павел] аглядаўся — і не пазнаваў парку: дрэвы кожны раз бачыліся нязвыкла цёмнымі і чужымі. Вышынскі. [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўначы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.
3. Паўставаць у думках, уяўляцца. Будучае бачылася выразна, як другі бераг іх ціхай Пцічы. Грахоўскі. // Разм. Здавацца, мроіцца. [Замылка:] — Баешка ў нас заўжды такі... падазроны, яму ўсё нешта бачыцца такое... Шынклер. // Разм. Праясняцца, больш прыкметна выступаць. Аднак сёння, на дзевятым месяцы палону, Алесю многае ўжо бачыцца ясней, чым у тую кашмарную першую ноч, калі і радасць, і адчай, і горкі сум то праясняліся трохі, то зноў жахліва блыталіся ў адно. Брыль.
•••
Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам — выпіваць, піць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́шта 1, нечага, нечаму, нешта, нечым, аб нечым, займ. неазначальны.
1. Невядома, незразумела што. Дзядзя Косця сядзеў за сталом і нешта пісаў. Шчарбатаў. Мікола нешта сканфужана прамармытаў і, прыгнуўшыся, пайшоў з пакоя. Даніленка. // Што‑н. неакрэсленае, пакуль што няяснае; штосьці. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысьці ісці, трэба нешта рабіць. Колас. Лукаша як быццам нешта затрымлівала. Кавалёў.
2. звычайна ў Н і В. Нейкі прадмет, з’ява, пачуццё і пад. Нешта паставіў [бацька] на стол, зняў пінжак, потым зачэрпнуў конаўкай вады з вядра, выпіў. Кандрусевіч. У далечыні сіняваты лес, вада і неба зліваюцца ў нешта адно. Ермаловіч. / Тое ж з азначэннем. На забалочанай сенажаці з’явілася з туману нешта цёмнае, жывое і набліжаецца да лесу. В. Вольскі. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля.
не́шта 2, прысл.
1. Чагосьці, чамусьці, невядома чаму. Нешта нездаровіцца. □ Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Чорны. [Максім:] — Ды нешта ты, Сяргей, раптам загаварыў, як па-пісанаму. Машара.
2. (у спалучэнні з прыназ.). Прыблізна. Штодня нешта пад восем гадзін па нашу брыгаду ў Лазюкі прыязджаў грузавік. Вышынскі. Ужо асушана нешта каля пяцісот гектараў, а экскаватарчыкі нястомна ўсё ідуць, усё чэрпаюць глыбінныя пласты палескай зямлі. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спод, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.
2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.
3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.
4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.
•••
Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сям’я́, ‑і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.
1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.
2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.
3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.
4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штуршо́к, ‑шка, м.
1. Кароткі, рэзкі дотык ці ўдар рухам ад сябе. Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок. Бядуля. Васіль моцным штуршком адапхнуў ад сябе Антося і прыўзняўся на левы локаць. Кулакоўскі. // звычайна мн. (штуршкі́, ‑оў). Біццё сэрца, пульсацыя крыві. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Карпаў. — Заўтра ўстану і прыбягу сюды, — вырашыў Алежка і адразу адчуў, як гарачымі штуршкамі забілася сэрца, як забегалі па спіне халодныя дрыжыкі: весела і страшна стала яму. Вышынскі. // Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад. Падземныя штуршкі. □ Глухія штуршкі раз-пораз устрасаюць карабель. «Звязда». Ад рэзкага штуршка паляцяць з лавак пасажыры і чамаданы, не ўтрымаецца і жонка з дзіцем... Не, нельга спыняць састава! Васілёнак.
2. Рэзкі рух, якім адпіхваюцца ад чаго‑н. Штуршок ад трампліна. Штуршок ад берага. // Рэзкі рух уперад або ўгору; рывок. Андрэйка робіць моцны штуршок наперад, размахвае рукамі і то правым, то левым плячом сячэ цемру, і яна, як вада, расступаецца. Кавалёў.
3. Спец. Асобнае практыкаванне ў штурханні спартыўнага снарада. Па класічнаму трохбор’ю.. [Хальфін] набраў 305 кілаграмаў і ўстанавіў 2 рэкорды Беларусі — у рыўку дзвюма рукамі — 94,5 кілаграма і ў штуршку — 122,5 кілаграма. «Маладосць».
4. перан. Знешняе або ўнутранае пабуджэнне, што паскарае ці ўзмацняе якое‑н. дзеянне, служыць стымулам для развіцця чаго‑н. — А голад у дзевяностых гадах — .. быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба. Гартны. Уздым патрыятычнай свядомасці беларускага народа.. даў моцны штуршок развіццю.. літаратуры. Барысенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.
2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.
3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.
•••
Род чалавечы гл. род.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)