сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).
Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.
Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЦЫ́ (Dytiscidae),
сямейства водных насякомых атр. цвердакрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Некат. віды знішчаюць лічынак камароў-крывасмокаў, інш. — малявак рыб. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. трапляюцца балацянік буры (Colymbetes fuscus), падводнік выразнакрапінкавы (Coelambus impessopunctatus), паласкун баразнаваты (Acilius sulcatus), П. аблямаваны (Dytiscus marginalis), ціннікі аблямаваны (Ilybius fuliginosus) і чорны (I. ater) і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 2 віды: П. найшырэйшы (D. latissimus) і глейнік невядомы (Rhantus incognitus).
Даўж. да 5 см. Цела авальнае, чорнае, інш. раз з жоўтымі плямамі або палосамі, верх крапінкавы або шчыгрынаваны. Галава шыр., вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя. Брушка з 14 сегментаў. Заднія ногі доўгія, плавальныя, пярэднія кароткія, хапальныя. Дыхаюць паветрам, якое ўтрымліваюць пад надкрыламі. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем. Акукліваюцца ў глебе паблізу вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАХВО́СТКІ, калембалы (Collembola),
атрад (клас) першаснабяскрылых насякомых. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 2 падатр., каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай (імхі тундры і тайгі, стэпы, лугі) і трапічнай зонах. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі сям. аніхіўрыд, бязвусікавых, гіпагаструрыд, ізатамід, смінтур, энтамабрыід. Найб. пашыраны Н. вадзяная (Podura aquatica), ізатома зялёная (Isotoma viridis) і інш. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, на водных раслінах, паверхневай плеўцы стаячых вод, у гнёздах птушак і інш. Глебаўтваральнікі.
Даўж. да 2, зрэдку да 10 мм. Разнастайныя па форме і афарбоўцы цела. Вочы з 1—8 фасетак, у некат. (глебавыя формы) адсутнічаюць. Вусікі 4—6-членікавыя. Брушка сегментаванае (да 6 сегментаў), заканчваецца скакальнай вілкай. Ротавыя органы грызучыя, колюча-сысучыя. Сапрафагі, фітафагі, драпежнікі. Некат. віды жыццяздольныя пры нізкай т-ры, могуць трапляцца на снезе ў вял. колькасці, што надае яго паверхні афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),
род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.
Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.
С.Л.Максімава.
Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Расі́цца1 ’памалу есці’, звычайна ў прош. ч. з адмоўем не: не расі́лася ’і расінкі ў рот не брата’ (Сцяц.), росі́цца ’браць у рот, перакусваць’ (ТС), rasíś ’пажаданне з’есці, дакрануцца вуснамі’ (Варл.). Да раса́1 (гл.) са зразумелым метафарычным пераносам.
*Расі́цца2 (rʼesʼitysʼa) ’цвісці, квітнець (пра жыта)’ (палес., Выг., Смул.). Параўн. укр.ряси́ти ’быць пакрытым лістамі, пладамі’, серб.-харв.ре́сити се ’прыгажэць’, ресати ’цвісці, распускацца’, балг.ря́сам ’цвісці, пакрывацца пупышкамі’, реся́ 3 ас. адз. л. ’выпускаць вусікі, распушвацца, цвісці (пра расліны)’. Гл. з іншым вакалізмам расаваць, укр.роси́ты ’цвісці (пра жыта)’ і пад., усё да *ręsa (Смулкова, Białoruś, 229), гл. раса́2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.
2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі.Казека.
3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету.Барсток.[Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная.Гамолка.// Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку.Матрунёнак.Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя.Луфераў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЛАКІ́ТНІЦЫ (Lycaenidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, з якіх 4 занесены ў Чырв. кнігу: блакітніца алькон (Maculinea alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (P. eroides), блакітніца тарфянікавая (P. optilete), 10 відаў — у Чырв. кнігу СССР. Найб. пашыраны на Беларусі мнагавочка шчаўевая (Chrysophanus dispar rutilus), блакітніца-ікар (L. icarus), блакітніца лясная (L. semiargus). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.
Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з метал. бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды блакітніц звязаны з мурашкамі. У некат. трапічных відаў вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак. Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.
Самцы блакітніцы: 1 — алькон, 2 — мелеагр, 3 — эраідэс, 4 — тарфянікавай; малюнак крыла: а — зверху, б — знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАЕ́ДЫ (Chrysomelidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. шматлікія ў тропіках.
Большасць відаў — шкоднікі лясных, палявых, пладовых, агароднінных раслін. На Беларусі больш за 300 відаў. Жывуць пераважна ў лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў, некат. — пад вадой. Найб. вядомы каларадскі бульбяны жук; зерневым злакам шкодзяць хлебныя і агародныя блошкі, хлебныя п’явіцы; буракам, лёну — бураковыя і льняныя блошкі; дрэвам — таполевы, дубовы, вярбовы Л. і інш. Некат. віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з пустазеллем.
Даўж. да 20 мм. Цела круглае, авальнае або цыліндрычнае. Афарбоўка пераважна яркая, з метал. бляскам, бывае з плямамі і палосамі. Вусікі найчасцей 11-членікавыя, нітка- або ружанцападобныя. Крылы добра развітыя. Ногі бегальныя. Кормяцца лісцем (адсюль назва). Характэрны палавы дымарфізм. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя Лічынкі валікападобныя, укрытыя бародаўкамі або валаскамі, з развітымі груднымі нагамі, праходзяць 3—5 узростаў. Кукалка свабодная, радзей у кокане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ,
караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.
Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.