Веснаво́е ’рунь’ (добр., Мат. Гом.), рус. свярдл. весня́ ’рунь, усходы азімага жыта’. Да вясна́ (гл.). Як правіла, рунь абазначае ’ўсходы азімых’, на поўдні ж Беларусі рунь (уру́на, вру́но, уру́нь) ’усходы збожжавых восенню і вясной’. Яр, ярына маглі, відаць, абазначаць не толькі вясеннія ўсходы, але і ўсходы азімых. Тады веснаво́е выцясняе яраво́е як ідэнтычнае ў адрозненне ад яравых ’яравых раслін’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асяні́на ’асенні збор для царквы’ (Нас., Янк. I). Ст.-рус. осенина ’тс’ з XII ст. (Філін, Происх., 599–600). Ад восень (гл.) з суфіксам ‑іна, як і ў іншых назвах падаткаў, а таксама свят. Ад гэтага ж кораня асянчук ’народжанае восенню цяля, ягня і інш’. (Сцяц.) з суфіксам ‑чук, які выкарыстоўваецца наогул для пазначэння сына ці ўнука.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Дзікая, не прышчэпленая груша або яблыня. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастухамі, Якая горкія ападкі На дол раняе заінелы. Лойка.

2. Плод дзікай ігрушы або яблыні. Маці восенню рассцілае салому і ссыпае грушы-дзічкі, каб улежваліся. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,

вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫГАХО́Д,

рух крыг і ледзяных палёў на рэках, азёрах і вадасховішчах пад уплывам цячэння або ветру. Адбываецца вясной і восенню, зрэдку зімой пры моцных і працяглых адлігах. Пры веснавым К. рухаюцца льдзіны, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння ледзянога покрыва, пры асеннім — ільдзіны, што сфарміраваліся пры змярзанні ледзянога сала, шарашу, кавалкаў лёду, якія адрываюцца ад заберагаў. К. нярэдка суправаджаецца заторамі лёду. Гушчыня К. на рэках ацэньваецца ў 10-бальнай сістэме, на азёрах — у 3-бальнай.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХТА́К, марскі заяц (Erignathus barbatus),

воднае млекакормячае сям. сапраўдных цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны ў арктычных раёнах Атл. і Ціхага акіянаў, Ахоцкім моры. Трымаецца пераважна паасобку на мелкаводдзях, восенню ўтварае лежбішчы па 1000 асобін і больш.

Даўж. да 2,7 м, маса да 360 кг. Валасяное покрыва негустое, грубае, бура-шэрае, часам са светлымі плямамі на спіне. Корміцца доннымі беспазваночнымі, рыбай. Размнажаецца вясной на дрэйфуючых ільдах. Нараджае 1 дзіцяня. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Лахтак.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЬ (лац. Cygnus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Дэнеб (α Л.) 1-й зорнай велічыні; з зоркамі β, γ, δ і ε Л. яна ўтварае фігуру крыжа, доўгая вось якога выцягнута ўздоўж паласы Млечнага Шляху. У Л. выяўлены 2 крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення — Cyg X-1 i Cyg X-2, першая з якіх, магчыма, звязана з чорнай дзірой. З тэр. Беларусі Л. відаць вясной, летам і восенню. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лебедзь.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАМАНО́З, краснуха карпаў, інфекцыйная вадзянка, веснавая вірэмія карпаў,

інфекцыйная хвароба карпавых рыб, радзей судака і вугра, якая выклікаецца бактэрыямі з роду Aeromonas. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем скуры, унутр. органаў, асцытам і агульнай вадзянкай. Вострая форма хваробы адзначаецца вясной і характарызуецца парушэннем функцыі выдзялення. У хворых лускаватых рыб луска тапырыцца, у голых утвараюцца скурныя пухіры, вочы лупатыя. Хранічная форма адзначаецца летам і восенню, суправаджаецца ўтварэннем паверхневых язваў цёмна-чырвонага колеру з блакітна-шэрым абадком на хвасце і баках.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНА́ВА,

самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс. мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)