Трус 1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць 1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус 2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11–17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус 2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус 3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць 1 ‘шукаць’, гл.

Трус 4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус 5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць 2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скалану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне, ваганне чаго‑н.; прымусіць трэсціся, дрыжаць; прымусіць здрыгануцца, страсянуцца. Страшэнны выбух скалануў хату. Сачанка. Уварваўся вецер, скалануў дах, дзверы. Сташэўскі. У гэтую ж хвіліну наваколле скаланулі грымоты. Кавалёў. Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Шыцік. Песня нядоўга разлягалася над вёскай. Потым цішыню скалануў хлапечы рогат. Гроднеў. / у безас. ужыв. Вагон скаланула. □ Прасторы скаланула громам. Прануза. Разы са два машыну скаланула на выбоінах. Корбан. // перан. Ускалыхнуць, усхваляваць. Геройства «Ворага» скаланула Расію. Колас. Ён скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Глядзім на Ленінскі партрэт І бачым спраў сваіх бяссмерце. Астрэйка. // Штуршкамі прывесці ў рух; патрэсці. Каб абтрэсці.. [яблыню], неабавязкова лезці на самое дрэва, варта толькі скалануць як след. Лупсякоў. Прачнуўся Даніла.., калі адчуў, што нехта моцна ўзяў яго за плечы і скалануў. Кулакоўскі. [Аўдоля:] — Што твой за бацька гэтакі! Узяў бы ты яго за бараду ды скалануў добра. Крапіва.

2. Кіўнуць, страсянуць; паварушыць. Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Караткевіч. — Пабаішся, — скаланула плячыма маці. — З балкона зірнеш, і то галава кружыцца. Хомчанка.

3. Перамяшаць часцінкі вадкасці, страсянуўшы пасудзіну. Скалануць мікстуру.

4. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці, думкі і пад.), вывеўшы з раўнавагі. Жаль, роспач, любоў скаланулі Сердзюка. Карпаў. Думка скаланула.. [Астапа], працвярозіла. Лынькоў. / у безас. ужыв. Міцю скаланула ад страшнай думкі: сляды! Навуменка. Гэтыя словы былі сказаны звычайным тонам, але Гендарсана ад іх скаланула. Чарнышэвіч. // Усхваляваць, узрушыць. Залатая ў сэрцы ёсць жыла, Дакапайся — яна не відна. Вершу трэба адстойная сіла, Каб душу скаланула да дна. Хведаровіч.

5. перан. Разм. Вымусіць каго‑н. аддаць што‑н.; патрэсці. [Хведар:] — Вот Ціток адной-другой пазычыць, а там Думскага скаланём. Будзе насенне. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як².

1. прысл. пыт. і адноснае. Якім чынам.

Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.

2. прысл. пыт. У якой ступені, наколькі.

Як даўно ён паехаў?

3. прысл. азнач. У якой меры, ступені, да чаго.

Як ён пастарэў.

Як я рада!

4. прысл. неазнач. Як-небудзь (разм.).

Трэба ж як знайсці згубленае.

5. прысл. часавае. У які час.

Я гэта бачыў, як ішоў з працы.

6. часц. Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.

Як!

Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.

7. часц. ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.

Ну як мне тут не перажываць.

8. часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.

А ён як ускочыць, пабяжыць!

9. злуч. параўн. Падобна да чаго-н.

Мяккі як пух.

Такі, як і раней.

10. злуч. У якасці каго-, чаго-н.

Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.

11. злуч. Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.

Як кажуць.

Як напрыклад.

12. злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.

Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).

13. злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.

Хто гэта мог зрабіць, як не ты.

◊

Як адзін чалавек — дружна, усе разам.

Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.

Згаджацца як бы нехаця.

Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).

Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.

Раскажы нам, як і што.

Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.

Заходзь да нас як мага часцей.

Як мага лепш.

Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.

Як ні лаюся, не слухаюць мяне.

Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.

Як ні кажы, а свой куток мілы.

Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н. —

Яшчэ як сказаць.

Можа, — і не.

Як толькі — адразу, зараз жа.

Як..., так і — злучнік пералічальны.

Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адпраўляючыся куды‑н., не ўзяць з сабой. У воласці пакінулі мы цэлую звязку кніг і газет. Чорны. Жаль.. [Марыны Паўлаўны] змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут д[а]ччыну картку, ці ўзяць з сабой. Зарэцкі. // Часова змясціць куды‑н. [Марыся:] — Ідзём адгэтуль... Я пакінула ў сенцах свае рэчы і хачу без сведак пагаварыць з бацькам. Бажко.

2. Адпраўляючыся куды‑н., аддаць, перадаць каму‑н. Ад’язджаючы зноў у Данбас, брат пакінуў Васілю гармонік. Кавалёў. // Перадаць у спадчыну. — Тата, калі паміраў, то пакінуў усё мне, — сказаў Андрэй як мага спакайней.. — Я цяпер гаспадар у хаце. Чарнышэвіч.

3. Прыберагчы, адкласці, схаваць для каго‑, чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Пакінуць агурок на насенне. □ Дзяўчаты трошкі паелі і пакінулі яшчэ на раз. Няхай. Грошы .. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі.

4. Выйсці, пайсці адкуль‑н. (часова або назаўсёды). У канцы сакавіка, калі сонца пачало прыграваць і снег паступова сышоў, мядзведзіца пакінула сваю бярлогу. В. Вольскі. // Адказацца ад чаго‑н., звольніцца, пайсці з якой‑н. работы, пасады і пад. Казлоўскі паходзіў з прыгонных сялян. Пасля паўстання пакінуў духоўны сан і стаў настаўнікам. Г. Кісялёў. За тыдзень да заняткаў.. Аляксей пакінуў працу ў МТС. Шамякін. // Перастаць удзяляць увагу каму‑, чаму‑н. Пакінуць чалавека аднаго з яго невясёлымі думамі.. [хлопцы] не маглі. Шахавец. Міхал Шарупіч якраз браў пробу і не мог пакінуць электрапечы. Карпаў. // Пайсці ад каго‑, чаго‑н., расстацца з кім‑, чым‑н. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Непачаловіч. // перан. Перастаць існаваць у кім‑н., знікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). Сышоўшы на перон, Рыта разгубілася. Рашучасць пакінула яе. Навуменка. Таго ніколі не пакіне Юнацкі, Вечна весні ўздым, — Хто аддае, Як дар краіне, Жыццё дарэшты — маладым! Гілевіч.

5. Прымусіць або прапанаваць застацца дзе‑н., працягваць знаходзіцца ў якім‑н. месцы. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома. Пальчэўскі. Тарас здаў дзяржаўныя экзамены на выдатна, яго пакінулі ў аспірантуры. Гурскі.

6. Захаваць у якім‑н. стане, не змяніць чыйго‑н. стану, становішча. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Гартны. Платон разгарнуў пакунак і так пакінуў. Чарнышэвіч.

7. Прызначыць кім‑н., у якасці каго‑н. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам. Колас. Карла парашылі пакінуць тут за гаспадара. Маўр.

8. (ужываецца з адмоўем). Абмінуць, абысці, не крануць. [Максім:] — Ні хаты, ні кусціка, ні дрэўца не пакінула ў.. [сяле] вайна. Кудравец. Сілівону Лагуцьку было больш за семдзесят, але здавалася, што гады прайшлі пад ім, не пакінуўшы ні следу, ні знаку. Лынькоў.

9. з інф. Спыніць якое‑н. дзеянне, занятак. Пабліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Чарнышэвіч. Гадоў васемнаццаці.. [Лешак] пакінуў вучыцца і ўзяўся за гаспадарку. Брыль. [Леў Раманавіч:] — Пакінем пра гэта гаварыць. Усё ў свой час... Асіпенка.

10. Выклікаць што‑н. пасля сябе, паслужыць прычынай з’яўлення чаго‑н. Першая паездка па возеры пакінула непрыемнае ўражанне. Самусенка.

11. Не даць чаго‑н., пазбавіць чаго‑н. Пакінуць ліст без адказу. Пакінуць без абеду. □ [Зыгмусь:] — Ніяк няможна пакінуць нашу зямлю без вільгаці. В. Вольскі.

12. заг. пакі́нь(це). Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., патрабавання спыніць размову пра што‑н. [Мікола:] — Э, пакінь! Нашла каго ўгаворваць. Гэта ж яшчэ дзіця... Гартны. // Ужываецца для выражэння просьбы, патрабавання не чапаць каго‑, чаго‑н., не турбаваць каго‑н. — Пакінь кпіць, — перапыніў.. [Надзю] Вошкін і на хвілінку насупіўся. М. Ткачоў.

•••

Каменя на камені не пакінуць — а) ушчэнт разбурыць; б) бязлітасна раскрытыкаваць.

Пакінуць гэты свет — памерці.

Пакінуць з носам — абдурыць, падмануць каго‑н.

Пакінуць у дурнях — падмануць, паставіць у смешнае, няёмкае становішча каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; зак.

1. што і без дап. Выкласці вусна якую‑н. думку, паведаміць што‑н.; вымавіць. І пахваляць цябе людзі, Скажуць: «Наш хлапчына!» Колас. Хрыпач сказаў кароткую прамову. Ён заўсёды гаварыў коратка. Усе ўважліва слухалі чаканныя, нібы каманда, словы. Б. Стральцоў. — Авёс вельмі мізэрны, — крытычным тонам сказаў аграном. Бядуля. Косця прама сказаў таварышу, калі яны вярталіся дадому: — Хвалько ты, Альберт! Шыловіч. // Разм. Расказаць. Скажу вам не казку, а праўду. Якімовіч.

2. з інф. Загадаць. [Паўлік:] — Я ўсё як трэба расказаў, прызнаўся гэтак, як цяпер тут, і мне сказалі ісці дадому. Чорны.

3. (звычайна з адмоўем). Дапусціць, падумаць, зрабіць вывад. Па вашаму выгляду не скажаш, што вы хворы. □ [Нахлябіч:] — А што, калі людзі бачылі, што ты ў мяне цяпер. Ты малады, ты куды хочаш махнуць можаш, а я што! Тады кожны скажа, што я памагаў табе. Чорны.

4. перан. Зрабіць вядомым, зразумелым што‑н.; паказаць на што‑н. Што скажа мне, Зроблены дбала нажом, Узор[ысты] надпіс на блясе? Гілевіч. «Скончана ўсё», — сказала смяротная халоднасць яго твару. Чорны. Толькі, сустрэўшыся, рукі, Скутыя рукі сказалі, Што за палямі, лясамі, Недзе ёсць Нарачы хвалі. Танк.

5. 1 ас. мн. буд. ска́жам у знач. пабочн. Напрыклад. Прадаць.. [трусоў] ці, скажам, на мяса завесці — трэба ж рашэнне прыняць. Ракітны.

6. заг. скажы́(це). Вокліч, які служыць для выражэння здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н. Які скоры, скажыце!

7. 2 і 3 ас. буд. ска́жаш (ска́жаце), ска́жа (ска́жуць). Вокліч з асобай інтанацыяй для выражэння нязгоды з чым‑н. пачутым, пагардлівых адносін да думкі субяседніка. — Скажа! — узарваўся нейчы бас. Бажко.

•••

Дарэчы сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца для абазначэння таго, што дадзеная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Гэта была яго адзіная спецыяльная вучоба, якая, дарэчы сказаць, пайшла марна. Дуброўскі.

Да слова сказаць (у знач. пабочн.) — у сувязі са сказаным або ў дадатак да яго. [Сцяпан:] — Да слова сказаць, вы таксама забыліся ля свірка свой мяшок. Пянкрат.

(Ды) і то сказаць — выкарыстоўваецца як праяўленне згоды з абгрунтаванасцю, слушнасцю чаго‑н. Ды і то сказаць, які час наш, такія і планы. Краўчанка.

З дазволу сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выказу адмоўных адносін таго, хто гаворыць, да асобы, прадмета ці з’явы, пра якія ідзе размова. Я не веру, што ў такім, з дазволу сказаць, танцы можна знайсці эстэтычную асалоду. «Маладосць».

Каб сказаць (сказаў) (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выражэння скептычных адносін да каго‑, чаго‑н. З усходу да Рагазінкі клінам падступаў лес. Не тое, каб сказаць, добры лес. Не! Так сабе — чарналессе. Сабаленка.

Карацей сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і карацей кажучы (гл. кажучы).

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) — дакладней, праўдзівей кажучы. У малодшага наборшчыка друкарні.. — выхадны дзень. Лепш сказаць — не выхадны, а выязны. Валодзька выпрасіў.. дазвол паехаць на раён. Брыль.

Лёгка сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца як адказ на прапанову зрабіць што‑н. цяжкае. Лёгка сказаць — стаць настаўнікам таму, хто сам скончыў толькі тры аддзяленні. Якімовіч.

Можна сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для ўказання на магчымасць якога‑н. выказу, фармуліроўкі ў адносінах каго‑, чаго‑н. Уся даваенная работа, можна сказаць, на вецер пайшла... Краўчанка.

Не сказаць, каб... — выкарыстоўваецца для выражэння сумнення ў тым, што будзе сказана. Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў.

Нічога не скажаш — выражэнне згоды, пацвярджэння чаго‑н., немагчымасці запярэчыць чаму‑н. Нічога не скажаш, цудоўную мясцовасць выбраў сабе першабытны чалавек, калі ён хоць трошкі ў гэтым разбіраўся. В. Вольскі.

Па праўдзе сказаць; праўду сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і па праўдзе кажучы (гл. кажучы). — Па праўдзе сказаць, Рыгор сам сабою хлопец не брыдкі, толькі... Марта развяжа рукамі. Гартны.

Проста сказаць (у знач. пабочн.) — служыць як указанне на больш дакладную фармуліроўку якой‑н. думкі. Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. Колас.

Скажы на міласць — выражэнне здзіўлення, неўразумення і пад. з якой‑н. прычыны.

Скажы(це), калі ласка — выражэнне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н.

Сказаць лішняе — прагаварыцца.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) — паведаміць употай ад іншых.

Сказаць сваё слова — праявіць сябе ў чым‑н., мець уплыў на што‑н. Падпісаўшыся, .. [Марына Архіпаўна] з палёгкаю ўздыхае: — Ну, вось, і я сваё слова сказала. Шамякін. Сваё слова сказала тут і польская літаратура. Лойка.

Сорамна (цяжка і пад.) сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца пры жаданні раскрыць свае адносіны да чаго‑н., пра што гаворыцца.

Так сказаць (у знач. пабочн.) — калі можна так выказацца. — А рысавальшчыкам, так сказаць, цэнтральнай фігурай, аказаўся малец гадоў на пятнаццаць. Васілёнак.

У вочы сказаць (казаць) — сказаць (казаць) адкрыта, прама.

Як сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)