прыскры́нак, ‑нка, м.

1. Скрыначка ў куфры на бакавой сценцы для захоўвання дробных рэчаў. З боку куфра паглядаў чыста выгабляваны прыскрынак, куды складаліся дзявочыя каралі і брошкі... Броўка. Бывала.. адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі.., рознакаляровыя стужкі. Колас.

2. Абл. Бакавая скрынка ў стале. У сваім кабінеце застаў [Шэмет] Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,

металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.

Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.

Прыклады кампановак агрэгатных станкоў: 1 — вертыкальны аднабаковы аднапазіцыйны; 2 — нахілены аднабаковы аднапазіцыйны; 3 — шматбаковы аднапазіцыйны змешанай кампаноўкі; 4 — вертыкальны аднабаковы шматпазіцыйны.
Уніфікаваныя агрэгаты вертыкальнага агрэгатнага станка: 1 — станіна; 2 — цэнтральны і наладачны пульты; 3 — паваротны дзялільны стол; 4 — гідрабак; 5 — помпавая ўстаноўка; 6 — гідрапанэль; 7 — электрашафа станка; 8 — сілавы стол (у станках іншых тыпаў — сілавыя галоўкі); 9 — стойка; 10 — свідравальная бабка; 11 — упорны вугольнік; 12 — расточная панэль; 13 — разьбовы капір; 14 — шпіндэльная каробка; 15 — падаўжальнік; 16 — электрашафа сілавых механізмаў; 17 — каробка скарасцей; 18 — двухпазіцыйны дзялільны стол; 19 — расточная бабка; 20 — бакавая станіна. У станку уніфікаваны базавыя дэталі (1, 9, 11, 20), шпіндэльныя механізмы (10, 14, 19) і інш.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,

помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.​Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл. гл. да арт. Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.

А.​М.​Кулагін.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шта́нга

(ням. Stange)

1) металічны прут як састаўная частка многіх інструментаў, механізмаў (напр. буравая ш.);

2) бакавая стойка (часам і верхняя перакладзіна) футбольных і хакейных варот;

3) спартыўны снарад у выглядзе металічнага прута з дыскамі на абодвух канцах для заняткаў цяжкай атлетыкай.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Слабіна́ ‘нетрывалае, слабое месца’ (ТСБМ), ‘воля, свабода, безнагляднасць’, ‘нядужы, хілы чалавек’ (Яўс.), сла́бінка ‘слабасць, недахоп’ (Нар. Гом.), сюды ж слабе́нё (słabienio) ‘бакавая частка жывата да клуба’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. слабина́ ‘слабасць’, ‘пахвіна ў жывёлы’, рус. слабина́, в.-луж. słabina, н.-луж. słabina, чэш. slabina, славац. slabina, серб.-харв. сла̀бина, балг. слабина́, макед. слабина ‘пахвіна’. Прасл. *slabina ‘слабіна’, вытворнае ад *slabъ (гл. слабы), параўноўваюць з літ. pa‑slẽpenes ‘пахвіна’ (Голуб-Копечны, 335; БЕР, 6, 828).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛІНАВА́ННЕ ў раслін,

утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.

Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым у манападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,

адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.

Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.

На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прычо́лак 1 ’скат чатырохскатнай страхі над папярочнай сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.), прычо́лак, прічо́лок, прычо́лкі ’сярэдні скат трохсотай страхі, звычайна з задняга боку будынка’, ’страха над тарцовай сцяной будынка’ (ельск., Шушк.; ТС), прычі́лок, прычо́лак, прычо́лкі ’франтон’ (іван., нараўл., гродз., ДАБМ, 778), прычо́лак ’закот (з саломы, дошак, шыферу)’ (Ян.), ’франтонная частка страхі’, ’ніжняя частка франтона’ (карэліц., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.), ’частка страхі, якая звісае над сцяной; напуск, стрэшка (з саломы)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), прычо́лак ’вільчык’ (лід., барыс., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), прычі́лок ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. приче́лок, дыял. паўдн. ’франтон; выступ франтона’; ’скат страхі, даху’; ’тарцовы бок сцірты’; укр. причі́лок ’бакавая сцяна хаты; бок страхі, франтон’; ’бакавая сценка куфра’, польск. przyczółek ’франтон’, славен. pričélek ’гладкая паверхня каменя на сячэнні’. Прэфіксальна-суфіксальны дэрыват ад чало́ (гл.). Параўн. Банькоўскі, 2, 931.

Прычо́лак 2 ’выступ каля коміна печы’ (Сцяшк.). Далейшае развіццё семантыкі ў прычо́лак ’прыбудова, прысценак, трысцень’ (ТС). Рус. дыял. приче́лок ’выступ каля коміна печы’; ’палічка пры ўваходзе ў камору са спускам у склеп, якая знаходзіцца каля печы’ і г. д., укр. причі́лок ’край, канец чаго-небудзь’. Этымалагічна тое ж, што і прычолак 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каплі́ца, каплічка ’невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара’, ’малельня’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Мядзв., Сцяшк., Бяс.; Сержп. Грам.; Бір. Дзярж.; ганц. Сл. паўн.-зах.). Ст.-бел. каплица (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. kaplica ’бакавая частка касцёла, пакой, у якіх адпраўляецца набажэнства’ < ст.-чэш. kapla, kaplicě < с.-в.-ням. kápelle < ст.-в.-ням. kapëlla < с.-лац. capella ’плашч’, у прыватнасці ’плашч св. Марціна з г. Тур (Францыя)’ як ’рэліквія і месца захоўвання яе’ > ’невялікая святыня’ (Слаўскі, 2, 56).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)