балато́ў́е Балоты; мясцовасць, багатая балотамі (Слаўг.). Тое ж балатаўё, балатовічча, балатовішча, балатовічышча, балатоўнічча, балатня́ (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

зем

1. Зямля, багатая перагноем; чарназём (Краснап. Бяльк., Слаўг.).

2. Торф, тарфянішча (Краснап. Бяльк., Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГО́ЛУБ (Юрка) (Юрый Уладзіміравіч; н. 20.10.1947, в. Горны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). З 1970 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, з 1979 заг. аддзела маст. вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. Вядзе на абл. студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная». Друкуецца з 1963. Першы зб. вершаў «Гром на зялёнае голле» (1969). У вершах Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчодрасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры. Для дзяцей зб. «У бары грыбы бяры» (1986). Выступае як празаік, перакладчык.

Тв.:

Дрэва навальніцы. Мн., 1973;

Векапомнае поле. Мн., 1976;

Помню пра цябе. Мн., 1983;

Сын небасхілу. Мн., 1989.

А.​М.​Пяткевіч.

Ю.Голуб.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДЫ (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлян),

народнае зімовае свята дахрысц. паходжання, звязана з першым павелічэннем самага кароткага дня. У гадавым крузе нар. агр. абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркаваны да рэліг. свят Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысц. рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снеж. да 6 студз. (ст. ст.) Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці); посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалася калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗГАВЫ́Я АБАЛО́НКІ,

злучальнатканкавыя плевачныя мембраны, якія пакрываюць галаўны мозг і спінны мозг у пазваночных жывёл і чалавека. Аднаслойную першасную М.а. маюць рыбы. У наземных пазваночных М.а. дыферэнцыруецца на цвёрдую (вонкавую) і мяккую (унутр.); мяккая падзяляецца на павуцінную і сасудзістую. Цвёрдая М.а. высцілае ўнутр. паверхню чэрапа і пазваночнага канала, утварае вянозныя сінусы, якія служаць для адцёку вянознай крыві ад галаўнога мозга. Павуцінная М.а. ў поласці чэрапа прылягае да паверхні звілін кары вял. паўшар’яў. Сасудзістая М.а. непасрэдна пакрывае паверхню галаўнога і спіннога мозга, шчыльна злучана з ёю, багатая крывяноснымі сасудамі, якія забяспечваюць мозг і служаць для ўсмоктвання спіннамазгавой вадкасці (ліквара). Разам з павуціннай абалонкай утварае сасудзістыя спляценні жалудачкаў мозга.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЎНУШЭ́ННЕ, аўтасугестыя,

працэс унушэння, накіраваны на самога сябе, пры якім суб’ект і аб’ект уздзеяння ўнушэння супадаюць. Прыводзіць да павышэння ўзроўню самарэгуляцыі, што дазваляе суб’екту выклікаць у сабе пэўныя адчуванні, успрыняцці, кіраваць працэсамі ўвагі, памяці, эмацыянальнымі і саматычнымі рэакцыямі. Можа быць адвольнае і неадвольнае. Адвольнае С. дасягаецца пры дапамозе вербальных (моўных) самаінструкцый або ўзнаўлення ў думках пэўных сітуацый, адназначна звязаных з патрэбным змяненнем псіхічнага або фіз. стану. Эфектыўнаму адвольнаму С. спрыяюць псіхічная рэлаксацыя, багатая фантазія. Неадвольнае С. характарызуецца некрытычнымі адносінамі суб’екта да ўласных ідэй, канцэпцый, ацэнак, адсутнасцю сумненняў у іх правільнасці і верагоднасці, зніжэннем кантралюючых функцый свядомасці. Вынікам гэтага можа стаць рыгіднасць (адсутнасць гібкасці) псіхічнай дзейнасці. С. можа выкарыстоўвацца як метад самакіравання ў псіхатэрапіі, спорце, педагогіцы.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯНЁК,

рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл. бас. каля 220 тыс. км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»

(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),

бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.​Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.​Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.​Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.

М.​А.​Лазарук.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦЫКЕ (Gercike),

Герсіке, Гарцыке, старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас. пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.

Г.​М.​Семянчук.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),

старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)