Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,
раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ МО́ВА,
самастойнае адгалінаванне індаеўрапейскіх моў. Мова армян; дзярж. мова Арменіі. Пашырана таксама сярод армян Азербайджана, Грузіі, Сірыі, Ірана, Лівана, Турцыі, ЗША, некат. краін Зах. Еўропы, Амерыкі. У лексіцы і фанетыцы ёсць агульныя рысы з мовамі Каўказа. У ёй больш за 50 дыялектаў. Фанетыка багатая зычнымі — 30 фанем; 6 галосных. Самая развітая і багатая граматычная катэгорыя — дзеяслоў.
Гісторыя літ. мовы падзяляецца на 3 перыяды: стараж.-арм. мова вядома з часу стварэння армянскага пісьма (5 ст.), вусны яе варыянт выйшаў з ужытку ў 11 ст., пісьмова-літ. (грабар) існавала да канца 19 ст.; сярэдні перыяд — 12—16 ст.; з 17 ст. фарміруецца новая літ. армянская мова. Сучасная літ. мова мае 2 варыянты: усх. (дзярж. мова) і зах. мова (сродак зносін армян за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДЫПУ́Р,
нацыянальны парк на Пд Індыі, на Дэканскім пласкагор’і, у паўн. адгор’ях горнага масіву Нілгіры. Засн. ў 1941 (да 1973 рэзерват). Пл. каля 85,5 тыс.га. Вышыня да 1223 м. Сухія лістападныя лясы, крывалессе з пышным травастоем. Багатая фауна млекакормячых (слон, тыгр, леапард, мядзведзь гібаян, алені, малпа, антылопы, грызуны), птушак, рэптылій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМА́ДЭК (Kermadec),
група з 4 вулканічных астравоў на ПдЗ Ціхага ак.Тэр. Новай Зеландыі. Пл. 33 км². Найб. вялікі (29 км²) і найб. высокі (да 525 м) в-аў Рауль (Санды). Трапічная і субтрапічная расліннасць. Багатая арнітафауна, калоніі марскіх птушак. Адзначаны выключна высокія паказчыкі заамасы (57,3 г/м²). Рэзерват Кермадэк—Айлендс (засн. ў 1934). Астравы названы ў гонар Х.Кермадэка — удзельніка франц. экспедыцыі д’Антркасто ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЬКО́ (Мікола) (Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар.ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Іванавіч) (н. 1.6.1927, в. Тушавая Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Віленскі маст.ін-т (1952). З 1960 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах пейзажа і партрэта. У пейзажах багатая вобразнасць спалучаецца з майстэрствам абагульнення: «Веснавое ворыва» (1967), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень на Вячы» (1975), «Браслаўшчына» (1976), «Лён» (1977), «Вечар» (1981), «Зноў прыйшла вясна» і «Лён сцелюць» (1982), «Месячная ноч ля возера» (1983), «Парыў ветру» (1994), «Белавежская пушча» (1996) і інш.