ГІДРАКСІ́ДЫ,

неарганічныя злучэнні металаў агульнай формулы M(OH)n (n — ступень акіслення металу М). Сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, напр. Al(OH)3 гідраргіліт, Mg(OH)2 брусіт. Асновы (напр., гідраксіды калію KOH, барыю Ba(OH)2 і інш.) ці амфатэрныя злучэнні. Амфатэрнасць праяўляюць гідраксіды некаторых металаў (напр., алюмінію Al(OH)3, цынку Zn (OH)2 і інш.). Гідраксіды шчолачных, шчолачназямельных металаў і талію Tl (I) наз. шчолачамі.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.​Вульфена),

мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.

Вульфеніт.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),

аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПО́ЕВАЯ КІСЛАТА́, тыоктавая кіслата, вітамін N; монакарбонавая серазмяшчальная кіслата, кафермент. Пашырана ў прыродзе. Крышталі Л.к. вылучаны ў 1941 з бычынай печані. Л.к. ўдзельнічае ў пераносе рэшткаў к-т (ацыльных груп) і ў рэакцыях акіслення біялагічнага. З’яўляецца фактарам росту для некат. мікраарганізмаў (напр., дражджэй). У клетках расл. і жывёльных тканак знаходзіцца ў звязанай з бялком форме. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэгулявання ліпіднага абмену, лячэння хвароб печані (напр., хваробы Боткіна), цукр. дыябету і інш.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́Т (ад лац. Mars бог вайны ў рымскай міфалогіі, чыё імя ў алхімікаў служыла сімвалам жалеза),

мінерал, прадукт ператварэння магнетыту Fe3O4 у гематыт Fe2O3. Крышталі і крышт. зерні магнетыту ператвораныя ў М., звычайна пры захаванні іх формы, замешчаны тонкаагрэгатным гематытам і набываюць яго фіз. ўласцівасці. Утвараецца М. у зоне кары выветрывання і на глыбіні, ва ўмовах павышанага патэнцыялу акіслення гідратэрмальных раствораў, вакол раней вылучанага магнетыту. Мартытавыя руды — высокагатунковыя жалезныя руды. Гл. таксама Псеўдамарфозы.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста),

рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка, мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.

Прустыт.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́ціна

(іт. patina)

налёт зеленавата-карычневага колеру, што ўтвараецца на паверхні прадметаў з медзі і бронзы ў выніку акіслення пад уздзеяннем часу або ствараецца штучна.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАЛАКТУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная гексуронавая кіслата, монацукрыд. Утвараецца ў арганізмах з D-галактозы шляхам акіслення яе першаснай гідраксільнай групы да карбаксільнай. Вельмі пашырана ў прыродзе: структурны кампанент многіх вышэйшых поліцукрыдаў, утвараецца ў тканках раслін, уваходзіць у састаў пекцінавых рэчываў, камедзей, слізей, спецыфічных поліцукрыдаў некат. мікробаў і інш. У раслінах пад уздзеяннем ферменту дэкарбаксілазы галактуронавая кіслата ператвараецца ў арабінозу. Пры награванні водных раствораў галактуронавая кіслата ў прысутнасці солей некат. металаў можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем L-арабінозы.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР (Ягор Ягоравіч) (9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),

рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).

Літ.:

Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЭСК»,

жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

Метэарыт «Грэск».

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)