стро́ма 1, ‑ы, ж.

1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.

2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.

стро́ма 2, прысл.

1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.

2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́ча

1. Высокае месца, стромы бераг; абрыў (БРС). Тое ж круч (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.), круць (Слаўг.).

2. Яма ў рацэ; вір (Жытк., Нар., Цэнтр. і Усх. Палессе Талст., Стол.). Тое ж круч (Глуск. Янк. II).

3. Навіслы, падмыты бераг у рацэ (Жытк.).

4. Круты паварот ракі (Стол.).

5. Завіруха, снегапад з пераменным ветрам (Карскі 1898, 60, Кар., Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

край

1. Радзіма, наша дзяржава, Савецкая Айчына (БРС). Тое ж дзяржа́ва, родзіна, радзі́ма, радзі́на (Слаўг.).

2. Вобласць, раён (Меж., Рэч., Слаўг., Стаўбц.).

3. Вялікі абшар зямлі, лесу (Слаўг.).

4. Ускраіна лесу, поля, лугу (Жытк., Кузн. Касп., Паст., Палессе Талст., Слаўг., Смарг., Стаўбц., Стол.).

5. Канец вёскі (БРС).

6. Бераг, абрыў (БРС).

7. Ніз, падэшва гары, узгорка (Кап.).

8. Месца нараджэння і жыцця (Навагр., Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скала́

1. Гравійны ўзгорак; гравійная глеба (Нясв., Слаўг.). Тое ж сколка (Слаўг.).

2. Камяністая глеба (Зах. Бел. Др.-Падб.).

3. Цвёрды грунт; гліністая глеба (Азяр. Касп., Барыс., Крыч., Навагр., Паст.).

4. Вапняк (Кузн. Касп.).

5. Вялізны камень, агромністы валун (Смален. Дабр., Уш.).

6. Буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі (Ветк.).

7. Стромы гліністы бераг ракі, бок калодзежнай ямы (Смал.).

8. Цвёрды, скалісты бераг (Навагр., Смарг.).

9. Круты абрыў на Дняпры ў выглядзе навіслага пласта торфу (Бых.).

10. Балотная руда ў выглядзе тонкага пласта жалезнай сіні ў рэчышчы Дняпра супраць г. Ст. Быхава (Расія, т. 9, стар. 18).

11. Празрысты, лёгкі мінерал, т. зв. «чортаў палец» (Жытк.).

ур. Скала (залежы фасфарытаў) каля в. Стапкі Мсцісл. («Савецкая краіна», 1932, лістапад, №11 (25), 14), гравійныя ўзгоркі ў в. Шаламы Слаўг.: Кірэева Гара́ або скала́, Гаўры́льчыкава Скала, Мішачкава Скала, Кукалёўка.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)