МАЗЖУ́ХІН (Іван Ільіч) (26.9.1889, Масква — 18.1.1939),
расійскі кінаакцёр. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Працаваў у правінцыяльных т-рах, маскоўскім Увядзенскім нар. доме. З 1911 здымаўся ў кіно. Буйнейшы акцёр рас.дарэв. кінематографа. Іграў рамант. герояў у меладрамах, здымаўся ў быт. камедыях, салонных і дэкадэнцкіх драмах. Сярод роляў: гвардзейскі афіцэр Маўрушка («Домік у Каломне» паводле А.Пушкіна, 1913), Стаўрогін («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Д’яблы», 1915), Герман («Пікавая дама» паводле Пушкіна, 1916), князь Касацкі («Айцец Сергій» паводле Л.Талстога, 1918). З 1920 у эміграцыі, здымаўся пераважна ў Францыі: «Дзіця карнавала» (1921, 1933, сцэнарыст і рэжысёр), «Дом таямніц» (1922), «Касцёр палае» (1923, сцэнарыст і рэжысёр), «Міхаіл Строгаў» (1926) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ ((Makowski) Юзаф Тадэвуш) (29.1.1882, г. Асвенцім, Польшча — 1.11.1932),
польскі жывапісец. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1903—08) у Я.Станіслаўскага і Ю.Мехофера і ў Парыжы (1908) у А. Ле Факанье. Жыў пераважна ў Францыі. У ранні перыяд пад уплывам П.Пюві дэ Шавана ствараў манум. сімвалічныя карціны («Хрышчэнне ў Іардані», 1909), пазней зазнаў уплыў кубізму («Партрэт мужчыны ў белым капелюшы», 1912). З 1920-х г. рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі, пераважна на тэмы з жыцця дзяцей, у якіх спалучаў рысы сімвалізму, кубізму і прымітывізму. Сярод твораў: «Дзіцячая капэла» (1922), «Дзеці і ліхтарыкі» (каля 1928), «Шавец» (1930), «Скнара» (1932), «Двое дзяцей з сабакам» (каля 1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬРО́ (Malraux; сапр.Бержэ; Berger) Андрэ
(3.11.1901, Парыж —23.11.1976),
французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Нац. вучылішчы жывых усх. моў у Парыжы. У 1959—69 міністр культуры Францыі. Першыя раманы «Заваёўнікі» (1928), «Так жыве чалавек» (1933), «Надзея» (1937) па настраёвасці і танальнасці блізкія да экзістэнцыялізму. У 1940—50-я г. творчасць М. зазнала значны ўплыў Ф.Ніцшэ, Ф.Дастаеўскага, О.Шпенглера, А.Жыда (мастацтвазнаўчыя працы «Псіхалогія мастацтва», «Метамарфоза багоў»). У «Антымемуарах» (1967), «Чорным трохкутніку» (1970), маст. біяграфіі «Лазар» (1974) стаў на пазіцыі скептычнага гуманізму.
Тв.:
Рус.пер. — Зеркало лимба: Худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАЎ (Ігар Фёдаравіч) (н. 26.10.1931, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1979). Нар.арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Ленінградзе (1967). Паставіў маст. фільмы: «Асабістае жыццё Кузяева Валянціна» (1967, пры ўдзеле І.Авербаха), «Гоншчыкі» (1972), «Пад каменным небам» (1975, сумесна з К.Андэрсанам, Нарвегія), «Сентыментальны раман» (паводле В.Пановай, 1976), «Яраслаўна, каралева Францыі» (1978), «Зімовая вішня» (1985), «Зімовая вішня-2» (1990), «Цемра» (1991) і інш.; тэлефільмы: «Шэрлак Холмс і доктар Ватсан» (1979) і «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1980—86; абодва паводле апавяданняў А.Конан-Дойла), «Пікавая дама» (паводле А.Пушкіна, 1982), серыял «Зімовая вішня» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСТА́ЦТВА ДЗЕ́ЛЯ МАСТА́ЦТВА»,
«чыстае мастацтва», назва шэрагу эстэтычных канцэпцый, што грунтуюцца на сцвярджэнні самакаштоўнасці маст. творчасці і яе незалежнасці ад грамадскага жыцця. Філас. аснова гэтай канцэпцыі — вучэнне І.Канта, які абвясціў «чысты» характар эстэтыкі, вольны ад маралі і палітыкі. У тэорыю аформілася да сярэдзіны 19 ст. ў Францыі, распаўсюдзілася ў еўрап. і інш. краінах. Сярод прадстаўнікоў «М. дзеля м.» С.Малармэ, Т.Гацье (Францыя), П.Аненкаў, А.Майкаў, А.Бенуа (Расія) і інш. З крытыкай тэорыі «М. дзеля м.» і яе практыкі, што ігнаравала грамадскую праблематыку ў маст. творчасці, выступалі рус.рэв. дэмакраты, марксісты. Прыхільнікі «М. дзеля м.» ідэалізуюць эстэтыку мінулага, далучаюцца да фармаліст. плыней (абстракцыянізм, акмеізм, дэкадэнцтва, кубізм, сімвалізм, фармалізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬЕ́ ((Meslier) Жан) (15.6.1664, Мазерні, Францыя — паміж 28.6 і 6.7.1729),
французскі філосаф, атэіст, заснавальнік рэв. кірунку ў франц. утапічным сацыялізме. Свае погляды выклаў у творы «Завяшчанне», які ў 18 ст. распаўсюджваўся ў рукапісах сярод розных прадстаўнікоў франц. грамадскасці (выд. 1864). У ім М. крытыкаваў рэлігію, сац. няроўнасць, абсалютызм і феад.-прыгонніцкі лад Францыі. Лічыў, што аб’яднанне працоўных і паўстанне супраць прыгнятальнікаў з’яўляецца зыходнай перадумовай пабудовы ідэальнага камуніст. грамадства, заснаванага на сумесным валоданні ўсімі дабротамі і абавязковай для ўсіх працы. У тэорыі пазнання ён зыходзіў з таго, што існуюць вечныя ісціны, якім не патрэбны доказ; яснасць і недвухсэнсавасць ідэй прымаў у якасці крытэрыю ісціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́КЛЬ (франц. miracle ад лац. miraculum цуд),
жанр сярэдневяковай рэлігійна-дыдактычнай драмы ў вершах, звычайна невял. памеру, сюжэт якой заснаваны на цудзе, здзейсненым святым ці Дзевай Марыяй. У Францыі вядомы з 13 ст., пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Прапагандаваў хрысц. мараль, аскетызм. З развіццём жанру рэліг. матывы выцясняліся, М. набываў свецкі характар, хоць агульная дыдактычная накіраванасць яго захоўвалася. На Беларусі існаваў у рэпертуары школьных т-раў у езуіцкіх калегіумах з канца 16 да сярэдзіны 18 ст. Паказы адбываліся ў Полацку, Віцебску, Навагрудку, Брэсце («Св. Ксаверы», «Св. Антоні Падуанскі») і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—144.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВІК (Narvik),
горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс.ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн.т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.
Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭ́НІ ((Nenni) П’етра) (9.2.1891, Фаэнца, Італія — 1.1.1980),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. Чл.італьян.сацыяліст. партыі (ІСП) з 1921, яе ген. сакратар (1931—39, 1943—44, 1949—63), старшыня (з 1973). У 1922—23 рэдактар газ. «Avanti!» («Наперад!»). У 1926 эмігрыраваў у Францыю. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 (камісар інтэрнацыянальных брыгад). У 1942 арыштаваны ў Францыі і выдадзены фаш. уладам Італіі (вызвалены ў жн. 1943). У 1945—47 і 1963—68 чл.італьян. урадаў. Дэп.італьян. парламента (з 1946), сенатар (з 1970). Віцэ-прэзідэнт Сусветнага Савета Міру (1950—55). Старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі (1966—69). Віцэ-старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала (з 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНА́МА»,
«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс.чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі 1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс. дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.