Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс.км². Нас. 1,9 млн.чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г.Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).
Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.
Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт.тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш.З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч.прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн.га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс.га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш.Даўж. аўтадарог 10,4 тыс.км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ПАСЦЬ,
умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).
Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.
У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.
На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л.Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен.тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;
гл. таксама пры арт.Абарончыя збудаванні.
М.А.Ткачоў.
Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.Крэпасць Туроўля. 1566—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.
Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл.Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл.Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 1021Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.
На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац.АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;
Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА (лац. moneta),
грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыя метал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала 8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
І.Л.Сінчук.
Да арт.Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),
галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл.Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл.Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.Дж.Томаса (Англія), А.Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл.Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац.АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш.Гл. таксама Металургічная прамысловасць.
Літ.:
Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;
Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;
Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ФАНТАСТЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж. Б.Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.Уайз, І.Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.Казанскі, У.Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж. Б.Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.Менакер), «Кін-дза-дза» (1986, рэж. Г.Данелія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Утворана 14.5.1928 як Сярэдняволжская вобл., з 1929 Сярэдняволжскі край, з 1935 Куйбышаўскі край, у 1936 Куйбышаўская вобл., з 1990 сучасная назва. Пл. 53,6 тыс.км². Нас. 3295 тыс.чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г.Самара. Найб. гарады: Тальяці, Сызрань, Навакуйбышаўск, Чапаеўск.
Правабярэжная ч. вобласці занята Прыволжскім узв. (выш. да 315 м), якое парэзана ярамі і лагчынамі, і гарамі Жыгулі выш. да 370 м. Левабярэжжа — хвалістая раўніна, на ПнЗ размешчана Нізкае Заволжа, на ПнУ — Высокае Заволжа (Сокскія і Кінельскія Яры), на Пд і ПдУ Каменны і Сярэдні Сырт. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), гаручыя сланцы, сера, гіпс, вапнякі, бітум, фасфарыты. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 21 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал.р. Волга (340 км на тэр. вобласці) утварае вял. выгін — Самарскую Луку. Прытокі Волгі: Уса, Сызрань (справа), Вял. Чарамшан, Сок, Самара, Чапаеўка, Чагра, Вял. Іргіз (злева). Куйбышаўскае і Саратаўскае вадасх. Вобласць размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя (вышчалачаныя, сярэднягумусавыя і тлустыя), на правабярэжжы шэрыя і цёмна-шэрыя, на Пд цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы. Лясы займаюць каля 12% (пераважна на правабярэжжы і ў Жыгулях). Пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, ліпа, клён). Нац. парк Самарская Лука, Жыгулёўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (58,9% па кошце прадукцыі, 1999). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў, самалётаў, касм.тэхнікі, с.-г. машын, авіярухавікоў, абсталявання для аэрадромаў, нафтаздабычы, аўтарамонту, энергетыкі; станкоў, матораў, тэлевізараў, суднарамонту. Паліўна-энергет. комплекс (13,5%) прадстаўлены здабычай нафты (7,8 млн.т разам з газавым кандэнсатам, 1999), прыроднага газу, вытв-сцю электраэнергіі (25,5 млрд кВт∙гадз). Волжская ГЭС, Самарская ДРЭС. Развіта нафтаперапрацоўчая, нафтахім. і хім. (вытв-сцьсінт. спірту і смол, фенолу, аміяку, мін. угнаенняў, палімернай плёнкі), буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, азбацэментных труб, шыферу), харч. (мукамольная, мясная, малочная, алейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, мяса-малочнай і мяса-воўнавай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 2,2 млн.га, у т. л. збожжавыя 65%. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, авёс, з тэхн. — сланечнік, кармавыя культуры. Бульба- і агароднінаводства. Садоўніцтва. Вял. масівы арашальных зямель. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1388 км, гал. Масква—Сызрань—Самара—Уфа—Чэлябінск. Чыг. вузлы: Самара, Акцябрск, Кінель, Сызрань. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс.км. Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Тальяці, Жыгулёўск, Самара, Акцябрск, Сызрань. Развіты трубаправодны транспарт. Тэр. вобласці перасякае нафтаправод «Дружба». Курорт — Сергіеўскія Мінер. Воды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЗМ,
метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.
Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав.муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.Араноўскага, Ю.Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.Булеза, С.Губайдулінай, В.Лютаслаўскага, А.Месіяна, К.Пендарэцкага, В.Сільвестрава, А.Шнітке і інш).
У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.Манюшкі, канцэрты М.Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.Аладаў, В.Залатароў, Я.Цікоцкі, М.Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.Багатыроў, П.Падкавыраў, Р.Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.Мдывані, Ф.Пыталеў, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Хадоска і інш.).
Літ.:
Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;
Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;
Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;
Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.В.Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;
Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;
Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;
Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр.Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перспекты́ва, ‑ы, ж.
1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні.В. Вольскі.Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы.Мікуліч.
2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы.// Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.
3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.
4.пераважнамн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры.В. Вольскі.// Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад.Кулакоўскі.[Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі...Хадкевіч.Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей.Лынькоў.Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў.Пестрак.// Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына].Машара.Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў.Васілевіч.
•••
У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі.Пестрак.
[Фр. perspective.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУДАЎНІ́ЧА-ДАРО́ЖНАЕ І КАМУНА́ЛЬНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі. Уключае прадпрыемствы па выпуску буд.-дарожнай, пагрузачнай, меліярац.тэхнікі, абсталявання для прам-сці буд. матэрыялаў і камунальнай гаспадаркі. Выпускае буд.-дарожныя машыны для падрыхтоўчых работ (дрэвавальныя, кустарэзныя і інш.), земляных (экскаватары, скрэперы, бульдозеры, грэйдэры), для ўшчыльнення палатна дарог (каткі), а таксама жвіраўкладчыкі, гудранатары, бітумавозы, асфальта- і бетонаўкладчыкі і інш., камунальныя машыны для догляду дарог і іх рамонту, сан. ачысткі і прыбірання тэрыторыі населеных пунктаў (падмятальна-ўборачныя, палівальна-мыйныя, снегаачышчальнікі і снегапагрузчыкі і інш.), для прыбірання памяшканняў грамадскага прызначэння (пыласосы, мыйныя і інш.), машыны і абсталяванне для пральняў і хімчыстак (машыны і прылады меншых габарытаў для прыбірання жылля, мыцця і чысткі адзення адносяцца да бытавых машын і прылад), пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне для складоў, тэлескапічныя лесвіцы, аварыйна-рамонтныя машыны для водаправодных, каналізацыйных, газавых, цеплавых і эл. сетак, меліярацыйныя машыны, тэхнал. абсталяванне для вырабу буд. матэрыялаў і аддзелачна-буд. работ і інш.
Першыя машыны для гар. гаспадаркі створаны ў 2-й пал. 19 ст. Значнае развіццё будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне атрымала ў пач. 20 ст. ў сувязі з пашырэннем аўтамаб. транспарту і буд-вам метро. Рост дарожнай сеткі выклікаў развіццё дарожнага машынабудавання: з’явілася магчымасць шырока выкарыстоўваць аўтамабілі, трактары, лакаматывы і інш. рухомы чыг. састаў, а таксама электраэнергію і хім. прадукцыю. Першыя ў Расіі машыны для ўборкі і сан. ачысткі населеных пунктаў (Масква, Ленінград) і першыя пральныя і прасавальныя машыны (Перм і інш.) выпушчаны ў 1930-я г. Як самаст. спецыялізаваная галіна прам-сці аформілася ў б.СССР у 1965. На Беларусі да Вял.Айч. вайны выпускаліся тарфяныя машыны (Гомель), каменедрабілкі і тачкі (Мінск).
У сучасным будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ствараюцца даўгавечныя маламетала- і малаэнергаёмістыя машыны, з аўтам. і праграмным кіраваннем, выкарыстаннем новых матэрыялаў. Найб. развіта будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ў краінах з высокім узроўнем эканомікі: ЗША (вядучыя кампаніі ФМК, «Дрэсер індастрыз», «Амерыкэн Стандарт»), Японіі («Камацу»), Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі і інш.
На Беларусі будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне пачало хутка развівацца ў 1950-я г. Прадпрыемствы галіны выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, экскаватары, скрэперы, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, абсталяванне для механізацыі пад’ёмна-трансп. і пагрузачна-разгрузачных работ, для ачысткі камунальных водаправодаў і каналізацыі, машыны для буд-ва і ўтрымання меліярац. сістэм, для гар. і камунальнай гаспадаркі, для прам-сці буд. матэрыялаў. У 1993 гэтую прадукцыю выпускала больш за 30 прадпрыемстваў і вытв. аб’яднанняў. Найб. з іх: канцэрн «Амкадор», магілёўскае ВА «Стромаўталінія», ВА «Будмаш» (Мінск), Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Беларускі экскаватарны завод, Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машынВА «Белкамунмаш» і інш. У 1993 выпушчана 264 скрэперы, 106 экскаватараў, 74 бульдозеры, у 1994 — 2,6 тыс. ліфтаў, 76,9 тыс. пральных машын і інш.
У.М.Зайцаў.
Да арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне: франтальныя аднакаўшовыя пнеўмакалёсныя пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор».