МО́ДУЛІ ПРУ́ГКАСЦІ,
велічыні, якія характарызуюць пругкія ўласцівасці (пругкасць) цвёрдых цел. Вызначаюць каэф. залежнасці паміж дэфармацыяй і прыкладзенымі мех. напружаннямі. Пры малых дэфармацыях, калі справядлівы Гука закон, гэтая залежнасць лінейная, а М.п. з’яўляюцца каэф. прапарцыянальнасці. Пры расцяжэнні-сцісканні нармальнаму напружанню адпавядае модуль падоўжанай пругкасці E (Юнга модуль), роўны адносінам нармальнага напружання σ да адноснага падаўжэння ε :
.
Напружанаму стану чыстага зруху адпавядае модуль зруху G, роўны адносінам датычнага напружання τ да вугла зруху γ :
; вызначае здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам формы пры захаванні аб’ёму. Модуль аб’ёмнага сціскання (аб’ёмны М.п.) — адносіны ўсебаковага нармальнага напружання σ да адноснага аб’ёмнага сціскання Δ :
; характарызуе здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам яго аб’ёму, які не суправаджаецца зменамі формы. Пругкія ўласцівасці цвёрдых цел характарызуе і каэфіцыент Пуасона γ, роўны адносінам адноснага папярочнага сціскання сячэння ε′ (пры аднабаковым расцяжэнні) да адноснага падоўжнага падаўжэння ε :
. Для аднароднага ізатропнага цела М.п. аднолькавы па ўсіх напрамках, для анізатропнага — пастаянныя E, G, γ, маюць розныя значэнні ў розных напрамках. Значэнні М.п. залежаць ад хім. саставу матэрыялаў, іх апрацоўкі, т-ры. М.п. выкарыстоўваюцца пры разліках на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і інш.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1974.
В.К.Грыбоўскі.
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСАМАТЫ́ЗМ, метасаматоз
[ад мета... + грэч. sōma (sōmatos) цела],
працэс замяшчэння адных мінералаў іншымі са зменай хім. саставу пароды (звычайна з захаваннем яе аб’ёму і цвёрдага стану) пад уздзеяннем раствораў (флюідаў) высокай хім. актыўнасці. Адрозніваюць М. магматычнай стадыі (напр., у сувязі з гранітызацыяй) і постмагматычнай стадыі (рудаўтварэнне метасаматычных радовішчаў). Са зменай хімізму раствораў, пры іх ахаладжэнні, вылучаюцца стадыі працякання М.: ранняя шчолачная высокатэмпературная (магнезіяльныя і вапняковыя скарны), кіслотная (грэйзены і другасныя кварцыты),
позняя шчолачная нізкатэмпературная (беразіты, лісцвяніты). Вылучаюць інфільтрацыйны М. (перанос хім. кампанентаў растворамі, якія фільтруюцца, праз горную пароду) і дыфузійны М. (дыфузія хім. кампанентаў у адносна нерухомым растворы). На мяжы 2 розных паводле хім. саставу асяроддзяў (напр., вапнякі і кварцыты) узнікае сустрэчная дыфузія, т.зв. біметасаматоз. У сувязі з дыферэнцыяльнай рухомасцю кампанентаў у растворах пры М. ўзнікае метасаматычная занальнасць з рэзкімі межамі паміж зонамі. З нарастаннем інтэнсіўнасці М. павышаная рухомасць хім. кампанентаў прыводзіць да ўтварэння монамінеральнай пароды. Пры рэгіянальным М. ўтвараюцца вял. аб’ёмы метасаматычных парод, пры лакальным М. на кантактах з руднымі целамі — калярудныя метасаматыты. На Беларусі метасаматычныя пароды трапляюцца: у крышт. фундаменце — альбітыт, біятыталіт, другасныя кварцыты, піраксеналіты, мікраклініт і інш.; у асадкавым чахле — даламіты, ангідрыты і інш.
Літ.:
Коржинский Д.С. Теория метасоматической зональности. 2 изд. М., 1982.
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.
Літ.:
Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;
Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;
Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.
І.В.Катляроў.
т. 12, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).
У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел. рэсп. навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж. гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.
І.М.Чарняўскі.
т. 2, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фа́за
(гр. phasis = з’яўленне)
1) момант, асобная стадыя ў развіцці якой-н. з’явы або працэсу ў прыродзе ці грамадстве, у змене формы ці стану чаго-н. (напр. ф. цвіцення расліны, другая ф. месяца);
2) фіз. велічыня, якая характарызуе стан вагальнага працэсу ў кожны момант часу (напр. газападобная ф. рэчыва);
3) адзін з электрычных ланцугоў у мнагафазавай сістэме пераменнага току.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.
1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.
2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.
3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.
•••
Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Паправіцца пасля хваробы, ачуняць; набрацца сіл, акрэпнуць. [Нупрэй:] — Думалі, ні за што не выжыве [Язэп]. Аж месяц-другі пасядзеў дома і акрыяў трохі. Сачанка. Ранены крыху акрыяў, але не настолькі, каб як след ахапіць розумам сваё становішча. Шарахоўскі. // Дасягнуць (пасля ваеннага разбурэння і пад.) ранейшага стану. Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. Брыль.
2. перан. Ажыць душой. Іван.. чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. [Анюта:] — Каб мне хоць слоўца пра майго Казіка сказаў — дзе ён, што з ім, — дык я ўся душой бы акрыяла, свет перада мной адкрыўся б. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.
1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.
2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развіццё, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. развіваць — развіць (у 2, 3 і 4 знач.) і стан паводле дзеясл. развівацца — развіцца (у 2, 3 і 4 знач.).
2. Працэс пераходу з аднаго стану ў другі, больш дасканалы. Гістарычнае развіццё. □ Універсальная таленавітасць Мікельанджэла ці Леанарда да Вінчы падрыхтавана была ўсім папярэднім развіццём чалавека, яго рукі і мозга. Адамовіч. З абвастрэннем класавых супярэчнасцей, развіццём грамадскай думкі ў жніўных песнях з’явіліся матывы сацыяльнага пратэсту, народ пачынае адкрыта выказваць сваю нянавісць да эксплуататараў-прыгоннікаў. Саламевіч.
3. Ступень духоўнай і разумовай сталасці, шырыня кругагляду. Амаль шэсць гадоў быў я спеваком у хоры Тэраўскага, і гэта адыграла вялікую ролю ў маім развіцці. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ужо́, прысл. і часціца.
1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.
2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.
3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.
4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)