парушэнні ў працэсе развіцця эканомікі, што выяўляюцца ў спадзе вытв-сці, адноснай перавытворчасці, скарачэнні капітальных укладанняў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фін. сферах, зніжэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Першы К.э. адбыўся ў 1825 у Вялікабрытаніі, калі значнае развіццё атрымала машынная вытв-сць. К.э. 1857 лічыцца першым сусв. крызісам, бо ахапіў большасць краін Еўропы і Амерыкі. З прыблізна 10-гадовай перыядычнасцю К.э. паўтараліся ў 2-й палове 19 і 1-й трэці 20 ст.Найб. глыбокімі ў сусв. гісторыі былі К.э. 1900—03 (асабліва цяжка праходзіў у Расіі) і 1929—33. К.э. носяць часовы характар і перыядычна паўтараюцца ў сучаснай рыначнай эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КТЫРЫ́ (Asilidae),
сямейства прамашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў стэпах і пустынях. На Беларусі найб. трапляюцца К. гарбаты, або ляфрыя гарбатая (Laphria gibbosa), К. жоўты (L. flavia), К. шэршнепадобны (Asilus crabroniformis), ястрабніцы празрыстакрылая (Dioctria hyalipennis) і рыжая (D. mfipes). Жывуць на ўзлесках, высечках, уздоўж дарог.
Даўж. да 50 мм. Галава шырокая, рухомая. Вочы вял., брушка доўгае. Ногі і цела (у многіх відаў) укрыта валаскамі і шчацінкамі. Драпежнікі, кормяцца жукамі, пчалінымі, саранчовымі. Лічынкі жывуць у глебе, гнілой драўніне, кормяцца пераважна лічынкамі жукоў, інш. насякомых, ёсць расліннаедныя. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1925,
міжнародная канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Францыі і Чэхаславакіі, якая адбылася 5—16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) у развіццё гарантыйных палажэнняў Версальскага мірнага дагавора 1919 і Даўэса плана. На канферэнцыі былі парафіраваны 9 дакументаў, у т. л. Рэйнскі гарантыйны пакт (гл.Дакарнскія дагаворы 1925). У сакрэтным парадку канферэнцыя мела і антысав. накіраванасць (спроба схіліць Германію да канфрантацыі з СССР). Садзейнічала ўзмацненню знешнепаліт. пазіцый Германіі, аслабленых пасля 1-й сусв. вайны.
Кр.: Локарнская конференция 1925 г.: Док. М., 1959.
Літ.:
Климовский Д.С. Германия и Польша в локарнской системе европейских отношений: Из истории зарождения второй мировой войны. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎБЕ ((Laube) Генрых Рудольф Канстанц) (18.9.1806, Шпротаў, Германія — 1.8.1884),
нямецкі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Вывучаў тэалогію і л-ру ва ун-тах Гале і Брэслаў (1826—30). Кіраўнік венскага «Бургтэатра» (1849—67), працаваў у Лейпцыгскім (1869—70) і Венскім гар. (1872—80) т-рах. Чл. групы пісьменнікаў «Маладая Германія». Лепшы раман «Маладая Еўропа» (1833—38), напісаны пад уражаннем Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі і паўстання 1830—31, пра прыгнечаную Польшчу, яе сац. і нац. праблемы. Аўтар рамана «Графіня Шатабрыян» (1843), драм «Вучні школы Карла» (1847, пра маладога Ф.Шылера), «Граф Эсекс» (1856), тэатразнаўчых прац. Як рэжысёр паўплываў на развіццёрэаліст. традыцый аўстр. і ням. т-раў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАБЛО́ШКІ, медзяніцы,
псіліды (Psyllinea),
падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Ва Усх. Еўропе каля 160 відаў, найб. трапляюцца медзяніцы яблыневая (Psylla mali) і грушавая (P. pyricoia), Л. капусная (Trioza brassicae) і маркоўная (T. viridula) і інш. Жывуць калоніямі. Многія віды — шкоднікі раслін, галаўтваральнікі, пераносчыкі вірусных хвароб раслін.
Даўж, да б мм. Цела жоўтае, зеленаватае, чырв.-бурае. Ротавыя органы сысучыя. 2 пары крылаў. Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Экскрэменты Л. утвараюць т.зв. «медзяную расу» (адсюль другая назва).
Размнажэнне палавое, зрэдку партэнагенетычнае. Развіццё з няпоўным ператварэннем, у лічынак 5 узростаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЫ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 2.1. 1951, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1976). З 1982 ст. выкладчык, з 1985 заг. кафедры Бел.пед. ун-та. Даследуе сац.-эканам. і культ.развіццё Беларусі ў 18—19 ст., генезіс капіталізму на Беларусі.
Тв.:
Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987;
Генезис капитализма в промышленности Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1991;
Гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст.Мн., 1996 (разам з В.Ф.Касовічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,
наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),
2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.
Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЛІЛЕ́Ічленістыя
(Articulata),
падклас беспазваночных жывёл кл. крынаідэй тыпу ігласкурых. Вядомы з пач. мезазою (каля 200 млн. гадоў назад). 4 атр., каля 700 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, трапляюцца да глыб. 10 км.
Цела чашкападобнае, уверх уздымаецца венчык перыстых, разгалінаваных прамянёў — «рук» (да 200) даўж. да 35 см. Маюць вапняковы шкілет з пласцінак рознай формы і памераў. У сцябліністых М.л. уніз ад чашачкі адыходзіць сцябло даўж. да 1 м, якое прымацоўваецца да грунту. У бессцябліністых М.л. — шматлікія рухомыя адросткі, з іх дапамогай некат. формы здольныя плаваць і поўзаць па дне. Кормяцца планктонам, дэтрытам. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,
рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.