ПАЗАМА́ТАЧНАЯ ЦЯЖА́РНАСЦЬ,

развіццё аплодненага яйца па-за маткай (у матачнай трубе, яечніку, брушной поласці). Прычыны: запаленчыя захворванні палавых органаў, пухліны, эндакрынныя захворванні, выкарыстанне гарманальных сродкаў, інфантылізм і інш. Часцей бывае трубная П.ц. (95—98%). Эктапічная цяжарнасць уключае ўсе віды П.ц. і матачную цяжарнасць з няправільнай лакалізацыяй плоднага яйца. Пры П.ц. звычайна (у 2—3 месяцы цяжарнасці) разрываецца ёмішча плода з вонкавым або небяспечным для жыцця ўнутр. крывацёкам (рэзкі боль жывата, зніжэнне артэрыяльнага ціску, непрытомнасць, шок). Асабліва небяспечны крывацёк развіваецца пры разрывах у шыйцы маткі, у рудыментарнай матцы. Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Альберт Ільіч) (н. 5.10.1938, г. Архангельск, Расія),

бел. вучоны ў галіне уралогіі. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Архангельскі мед. ін-т (1966). У 1976—79 і з 1995 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па сістэмах гемастазу пры хірург. лячэнні хворых з новаўтварэннямі мочапалавых органаў, прафілактыцы ўскладненняў.

Тв.:

Неферментативный фибринолиз крови и мочи при урологических заболеваниях (разам з Л.​А.​Ляпінай) // Сов. медицина. 1988. №12;

К патогенезу нераспознанных перитонитов у больных пожилого и старческого возраста с острой коронарной недостаточностью (разам з М.​М.​Стасевічам) // Вестн. хирургии. 1997. Т. 156, № 5.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВО́ЗКІ,

сукупнасць арганізацыйна і тэхналагічна ўзаемазвязаных дзеянняў і аперацый, якія выконваюцца прадпрыемствамі і інш. прадпрымальнікамі пры падрыхтоўцы, ажыццяўленні і завяршэнні перамяшчэння грузаў, пасажыраў і багажу. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь робяцца паводле дагавору. Агульныя ўмовы П. вызначаюцца грамадзянскім кодэксам, трансп. статутамі і кодэксамі, інш. актамі заканадаўства і выдадзенымі на іх аснове актамі органаў дзярж. кіравання. Умовы П. асобнымі відамі транспарту, а таксама адказнасць дагаворных бакоў па П. вызначаюцца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Заключэнне дагавору П. грузаў пацвярджаецца складаннем трансп. накладной; П. пасажыра і багажу адбываецца пры наяўнасці білета і багажнай квітанцыі.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТЭМБРЫЯНА́ЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ, паслязародкавае развіццё,

перыяд развіцця жывёл і чалавека пасля выхаду з абалонак або нараджэння да палаваспеласці. Пачынаецца адразу за эмбрыягенезам. Прамое П.р. адбываецца, калі арганізм мае асн. марфал. адзнакі палаваспелай асобіны; пры значным адрозненні лічынка, што вылупліваецца з яйца, пераходзіць да дарослага стану шляхам метамарфозу. У працэсе П.р. працягваецца рост, далейшае развіццё органаў, тканак, ускладненне функцый, станаўленне канчатковых прапорцый цела. У некат. жывёл П.р. займае большую ч. жыцця. Напр., у шэрагу цыкад лічынка жыве 17 гадоў, а палаваспелае насякомае — адно лета. Працягласць П.р. ў чалавека — 13—16 гадоў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНЫЯ ТКА́НКІ раслін,

тканкі, якія служаць для перамяшчэння па расліне пажыўных рэчываў. Па ксілеме ад каранёў да лісця з глебы паступае вада з мінер. рэчывамі, па лубе (флаэме) ад лісця да інш. органаў (каранёў, пупышак, кветак, пладоў) — рэчывы, што сінтэзуюцца ў лісці, пераважна прадукты фотасінтэзу. Ксілема і луб размяшчаюцца звычайна побач і ўтвараюць цяжы, ці праводныя пучкі, што фарміруюць у целе расліны бесперапынную разгалінаваную сістэму, якая злучае ўсе органы. У склад П.т. уваходзяць праводныя, мех., назапашвальныя і выдзяляльныя элементы. Высокаспецыялізаваныя П.т. з сасудамі развіліся ў працэсе эвалюцыі толькі ў вышэйшых, т.зв. сасудзістых раслін.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́К УЛА́ДЫ,

дзяржаўны служачы, які мае права ў межах сваёй кампетэнцыі даваць распараджэнні і загады, прымаць рашэнні адносна асоб, што не падначалены яму па службе. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да П.у. адносяцца дэпутаты палат Нац. сходу і дэпутаты мясц. Саветаў, работнікі праваахоўных і кантралюючых органаў і інш. службовыя асобы, надзеленыя ўладнымі паўнамоцтвамі. Закон прадугледжвае крымін. адказнасць за супраціўленне П.у., публічную яго знявагу, пагрозу насіллем і насілле над П.у. пры выкананні ім службовых абавязкаў. У той жа час прадугледжана крымін. адказнасць і П.у. за злоўжыванне ўладай або яе перавышэнне ці бяздзейнасць (невыкананне службовых абавязкаў).

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

марфала́ксіс

(ад гр. morphe = форма + allaksis = змена)

адна з форм рэгенерацыі ў жывёл, пры якой аднаўленне страчаных органаў і тканак адбываецца шляхам іх карэннай перабудовы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

атэрасклеро́з

(ад гр. athere = кашка + склероз)

захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы, пры якім у артэрыях адкладваецца халестэрын і разрастаецца злучальная тканка, што пагаршае забеспячэнне крывёй органаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ніктына́стыі

(ад гр. nyks, -ktos = ноч + настыі)

рухі органаў вышэйшых раслін, абумоўленыя зменай дня і ночы (напр. раскрыванне кветак зранку і закрыванне іх на ноч).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эксгібіцыяні́зм

(ад лац. exhibitio = выстаўленне)

1) палавая ненармальнасць, якая праяўляецца ў публічным выстаўленні палавых органаў з мэтай палавога задавальнення;

2) празмерная схільнасць да самарэкламы, самалюбавання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)