цяплі́ца, ‑ы, ж.

Цёплае памяшканне з празрыстым дахам і сценамі для вырошчвання круглы год агародніны, кветак, пладоў і пад. або для зімоўкі паўднёвых раслін. Штучныя крыніцы святла даюць магчымасць вырошчваць гародніну ў цяпліцах узімку. «Беларусь». Пад шклянымі дахамі цяпліц цяпер вырошчваецца шмат буракоў, салаты. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ншавы, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да чыншу. Чыншавы падатак. □ Пан Адам Выбіцкі яшчэ шэсць год назад ледзь не паміраў з голаду разам з бацькамі. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такіх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГУЙЧЖО́Ў,

правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс. км². Нас. 32,4 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля ​1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш. Адм. ц. — г. Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. 4—8 °C, ліп. — жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 мм за год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн. с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сць буд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЦКІ Францішак Казіміравіч (14.5.1907, фальварак Каладзянка, Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 1988),

бел. і польскі паэт, журналіст. З 1925 чл. Незалежнай сял. партыі. З 1926 чл. КПЗБ, з 1928 чл. Пастаўскага падп. райкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць быў зняволены на 7 гадоў. У 1936 вызвалены, да 1938 у падп. Краёвым сакратарыяце ЦК КПЗБ. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з польск. патрыят. рухам, з 1943 у падполлі ў акупіраванай Варшаве. Пасля вайны арыштаваны па лжывым абвінавачванні, 5 гадоў быў у зняволенні ў СССР. Рэабілітаваны. З 1952 у віленскай польскамоўнай газ. «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»). З 1957 у Польшчы. Пісаў вершы на бел. і польскай мовах. Некат. з іх, напісаныя ў 1927, сталі рэв. песнямі («Мы ішлі ў цяжкім змаганні», «Стары год пражыўшы, жывём новы год» і інш.); ананімна апубл. ў зб. «Сцягі і паходні» (1965).

Тв.:

Памятные годы // Люди Нарочанского края. Мн., 1975, Важная пляцоўка // Бел. каляндар. Беласток, 1980.

Літ.:

Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975. С. 192—203;

Яго ж. Лёсам пазнанае. Мн. 1982. С. 269—283.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр. мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЕЛІ́НІ (Rossellini) Раберта (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),

італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, пад кіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАША́ЛЬ Рыгор Львовіч (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед. т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.​Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.​Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.​Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.​Строевай), аповесці М.​Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.​Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.​Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.​Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.​Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

Тв.:

Кинолента жизни. М., 1974.

Літ.:

Розен С. Григорий Рошаль. М., 1965.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫЧУА́НЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Чырвоны басейн,

міжгорная ўпадзіна ў Кітаі, у бас. сярэдняга цячэння р. Янцзы. Пл. каля 200 тыс. км². Выш. 400—500 м (на ўскраінах да 1000 м). Абмежавана на З Сіна-Тыбецкімі гарамі, на Пн і ПнУ хр. Цыньлін і Дабашань, на Пд нагор’ем Гуйчжоў. Прымеркавана да сінеклізы Кіт.-Карэйскай платформы. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 4000 м) чырванаколерных пясчанікаў і сланцаў юрскага і мелавога ўзросту і інш. асадкавымі пародамі. Утварае прыступкавы амфітэатр, звернуты на Пд. Паверхня ўзгорыстая, перасечана р. Янцзы і яе прытокамі. Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 29 °C. Ападкаў 800—1750 мм за год. Вегетац. перыяд круглы год. Глебы — жаўтазёмы, чырваназёмы. Лістападныя і вечназялёныя лясы (большасць высечана), вышэй за 600 м вільготныя лясы (вечназялёны дуб, вастраліст, лаўр, кунінгамія, кіпарыс, хвоя і інш.). Важны с.-г. раён (вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, чай, тытунь, цытрусавыя і інш. культуры). Класічная правінцыя тэрасавай гаспадаркі. Радовішчы нафты, газу, кам. солі, кам. вугалю, жал. і поліметал. руд. Буйныя гарады Чунцын і Чэнду.

т. 15, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ты́тул

(лац. titulus = надпіс)

1) ганаровае радавое або падараванае дваранскае званне (напр. т. графа, т. барона);

2) званне, якое прысвойваецца каму-н. у знак прызнання яго заслуг (напр. т. чэмпіёна);

3) старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,

суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс. км³ атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс. км³), мінус сцёк (47 тыс. км³), расход — выпарэнне (63 тыс. км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс. км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс. км³ атм. ападкаў і 47 тыс. км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс. км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³ атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)