асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш стараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯПІ́ХА (Hippophae),
род кустовых і дрэвавых раслін сям. лохавых. Вядомы 3 віды, пашыраныя ў Еўразіі. На Беларусі ў канцы 19 ст. інтрадукавана абляпіха крушынападобная (H. rhamnoides), звычайная ў аматарскіх насаджэннях.
Калючыя кусты або разгалінаваныя дрэўцы, часта са скрыўленым ствалом, выш. 0,1—7, зрэдку да 15 м. Кветкі паяўляюцца разам з лісцем, дробныя, аднаполыя. Расліна двухдомная (мужчынская і жан.), таму для плоданашэння патрэбна мець у суседстве разнаполыя асобіны. Плод — несапраўдная касцянка шарападобна-авальнай формы, залаціста-жоўты або аранжавы ў жн.—верасні. Размнажэнне насеннем або вегетатыўнае. У пладах шмат вітамінаў, алей. Дэкар. расліны, як лек. сродак выкарыстоўваюць абляпіхавы алей.
Абляпіха крушынападобная: 1 — парасткі жаночай расліны (а — з суквеццямі, б — з пладамі); 2 — парасткі мужчынскай расліны (а — з суквеццямі, б — прырост бягучага года).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́РА,
1) традыцыйная гаспадарчая пабудова на Беларусі для кароў. У 16—пач. 20 ст. будавалі з бярвення ці дыляў («у вянок», «замётам у шулы»), часам сцены плялі з лазовых дубцоў і абмазвалі глінай. У сял. гаспадарках абора — вял.хлеў. У фальварках і маёнтках аборы будавалі звычайна на 4—8 памяшканняў (кожнае мела асобныя вароты), згрупаваных прамавугольнікам вакол двара і звязаных адно з адным у суцэльную забудову. Такі комплекс часта злучаўся варотамі з падвор’ем, гумнішчам. У аборах вылучаліся памяшканні для цельных кароў, маладняку, маглі ўваходзіць таксама птушнікі, стайні, жылыя і гасп. будынкі для парабкоў.
2) Загароджаная частка двара для дзённага ўтрымання хатняй жывёлы (дзяннік).
3) Загон для жывёлы на выпасах.
4) Вяровачка з пянькі, лёну ці раменны пасак для прымацоўвання лапця і анучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРАІ́ЗМ,
кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст.Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст.еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН (ад Artesium — лац. назвы франц. правінцыі Артуа),
басейн напорных падземных водаў (гл.Артэзіянскія воды), прымеркаваны да адмоўных геал. структур. Адрозніваюць платформавыя артэзіянскія басейны (у сінеклізах, мульдах і інш.) і міжгорныя артэзіянскія басейны (у міжгорных прагінах). Утвараюцца пластавымі водамі платформавага чахла і трэшчынава-жыльнымі водамі крышт. фундамента. У артэзіянскім басейне вылучаюць вобласці жыўлення, напору і разгрузкі падземных водаў. Пл. ад дзесяткаў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Самыя вял. артэзіянскія басейны: Заходне-Сібірскі, Маскоўскі (зах.ч. на тэр.Беларусі), Прыбалтыйскі, В. Аўстралійскі, Парыжскі і інш.
Схема будовы артэзіянскага басейна: 1 — ваданосны гарызонт; 2 — водатрывалыя слаі; 3 — узровень грунтавых водаў; 4 — свідравіны (а — без фантанавання, б — з фантанаваннем); аб і вг — вобласці жыўлення; бв — вобласць распаўсюджвання напорных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»
(«Archiwum domu Radziwiłłów»),
зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.К.Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял.літ. Л.Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),
лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.
падклас сумчатых грыбоў. Уключае 5 парадкаў, каля 5 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 4 парадкаў: капнадыяльныя, датыяральныя, датыдэяльныя, гістэрыяльныя, каля 100 відаў. Большасць аскалакулярных — сапратрофы. Жывуць на розных раслінных субстратах. Ёсць паразіты вышэйшых раслін і грыбоў. Віды з родаў афіябол, вентурыя, лептасферыя, плеяспора, стыгматэя і інш. — узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (парша яблыні і грушы, плямістасці бабовых, гнілі каранёў злакаў і інш.).
Аскалакулярныя ўтвараюць сумкі ў стромападобных утварэннях — аскастромах, або псеўдатэцыях, рознай формы і будовы (сістэматычная прыкмета). Сумкі фарміруюцца сярод тканак пладовых целаў у поласцях — локулах (адсюль назва). Па форме локула падобная да перытэцыю, але без уласнай абалонкі (перыдыю), якую замяняе тканка стромы. У кожнай локуле ўтвараецца 1 або некалькі сумак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАХІТО́ЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусінайб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.