ЗАХА́РАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),
расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «І хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.
Літ.:
Ливанова Т. В.Г.Захаров. М., 1954;
Воспоминания о В.Г.Захарове. М., 1967.
т. 7, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАЦЫ́ЙНАЯ КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі і спектраскапіі іанізавальных выпрамяненняў. Мае рабочы аб’ём газу паміж двума электродамі (плоскімі, цыліндрычнымі ці інш.), да якіх прыкладзена эл. напружанне. Бывае імпульсная (рэгіструюцца асобныя часціцы і вымяраецца іх энергія) і інтэгральная (вымяраецца інтэнсіўнасць выпрамянення).
Прынцып дзеяння І.к. заснаваны на збіранні электродамі эл. зарадаў, якія ўзніклі толькі ў выніку першаснай іанізацыі газу (у адрозненне ад інш. газавых дэтэктараў, напр., Гейгераўскага лічыльніка). Можа выкарыстоўвацца і для рэгістрацыі нейтронаў: пры рэгістрацыі павольных нейтронаў у рабочы аб’ём І.к. ўваходзяць злучэнні бору (напр., фтарыд бору), а пры рэгістрацыі хуткіх нейтронаў — вадарод.
т. 7, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МАНДРА,
возера на ПдЗ Кольскага п-ва, у Мурманскай вобл. Расіі. На выш. 126,7 м. Пл. 876 км². Глыб. да 67 м. Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Усх. бераг слаба расчлянёны, зах. мае шмат заліваў (губ). На І. больш за 140 астравоў. Складаецца з 3 частак: паўн. — Вялікая І., цэнтр. — Іокастраўская І., зах. — Бабінская І. Упадае каля 20 рэк, выцякае р. Ніва. Воды І. вылучаюцца вял. празрыстасцю (да 11 м). Рыбалоўства. Пасля стварэння ў 1936 ГЭС на р. Ніва І. стала вадасховішчам. На паўн.-зах. беразе І. ў Монча-губе г. Манчагорск.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКІ́ СВО́ЙСКІЯ,
птушкі, якія паходзяць ад дзікага звычайнага індыка, пашыранага ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы. Мяса мае высокія дыетычныя і смакавыя якасці. На Беларусі гадуюць пераважна белую і бронзавую шыракагрудыя пароды.
Маюць моцныя доўгія ногі і шырокі хвост, кароткія і пукатыя крылы. На галаве і шыі скурныя ўтварэнні — «каралы», з верхняй ч. дзюбы самцоў звісае мясісты прыдатак Апярэнне густое, белае, чорнае, бронзавае і інш.; у самцоў на грудзях кутасік з доўгіх пёраў. Жывая маса дарослых самцоў 9—35 кг, індычак 4,6—11 кг.
т. 7, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́Л ІМАВЕ́РНАСЦІ,
агульная назва некалькіх звязаных адна з адной спец. функцый, напр., інтэграл памылак
. У тэорыі імавернасцей пераважна выкарыстоўваюць І.і. Гаўса
.
Для выпадковай велічыні x, якая мае нармальнае размеркаванне з матэм. чаканнем 0 і дысперсіяй σ2, імавернасць таго, што |x|≤t роўная er𝑓(t/√2). Для вылічэння І.і. створаны спец. табліцы.
т. 7, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),
моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).
К.В.Фамічэнка.
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЖАЧО́К,
аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см2), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ МАШЫ́Н Дзейнічае з 1954 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як рамонтна-экскаватарны з-д. На поўную магутнасць пачаў працаваць у 1957. Прадпрыемства мае цэхі: сталеліцейны, кавальскі, механазборачны, інструментальны, энергамех. і дробных серый. З 1958 з-д меліярацыйных машын, з 1975 галаўное прадпрыемства Мазырскага ВА «Меліярмаш», з 1989 арэнднае прадпрыемства АП «МЗММ». Асн. прадукцыя (1999): касілкі ротарныя дарожныя, гідраманіпулятары, с.-г. пагрузчыкі, мантажныя пад’ёмнікі, навясное абсталяванне бульдозера, карчавальніка, рыхліцеля, пагрузчыка на трактары К-700, Т-170 і запасныя часткі да буд.-дарожных машын.
т. 9, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КЛУБ-ТЭА́ТР,
помнік архітэктуры канструктывізму ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Узведзены ў 1929—32. 2-павярховы асіметрычны П-падобны ў плане мураваны будынак. Мае дакладна размежаваныя тэатр. і клубную часткі, кожная з асобным уваходам і вестыбюльнай групай, злучаныя паміж сабой папярочным крылом-пераходам. Маст. аблічча будынка вырашана лаканічнымі сродкамі. На гал. фасадзе вылучаецца паўкруглы з 6 калонамі аб’ём з уваходам у глядзельную частку. У будынку працавалі Мазырскія т-ры: рабочай моладзі (з 1935), калг.-саўгасны (1935—38), Палескі абл. драматычны (1938—41, 1944—46).
А.А.Воінаў.
т. 9, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,
навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад больш стараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).
т. 9, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)