Не- (ня‑) адмоўная часціца ў якасці прэфікса і ў складзе словазлучэнняў, вядомая усім славянскім мовам. Прасл. *ne‑, ідэнтычнае па паходжанню адмоўю *не (гл. не1); у шэрагу выпадкаў выконвае чыста структурную функцыю, утвараючы назвы прадметаў з «адмоўным» значэннем, параўн. нягода ’дрэннае надвор’е’ пры пагода ’добрае надвор’е’, нясла́ва ’ганьба’, няволя ’палон’ і пад.; выступае як дээтымалагізаваны элемент, параўн. небара́ка ’нябога’, ненаві́дзець (гл.), часам у якасці т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя, параўн. неўбой ’неслух’ (Растарг.) і убой ’тс’, якое можа выкарыстоўвацца для табуізацыі, параўн. не́вад (гл.), нячы́сцік (гл.), нядо́бры ’вуж’ (ТС) і пад. (гл. ESSJ SG, 2, 446–448; Шустар-Шэўц, 13, 1006–1007; Талстой, Зб. Рэфармацкаму, 282–287; Папова, ФН, 1971, 1, 81–92). У складзе словазлучэнняў: не (ў)ва што ’няма ў што’ пры не́вашта ’тс’ (Растарг.); не ў змогу ’сіл не стае; няма сілы’ (Нас.), не ў чо́м ’ах як; вось чаму; вось табе і’ (Нас.) пры неўчом ’нездарма, то-та ж’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон) (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),

германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОТ (Якаў Карлавіч) (27.12.1812, С.-Пецярбург — 5.6.1893),

рус. філолаг. Акад. (1858), віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН (з 1889), праф. Гельсінгфорскага (Хельсінкскага) ун-та 1841—52 і Царскасельскага ліцэя (1853—62). Даследаваў шведскую і фінскую л-ры, скандынаўскі фальклор і міфалогію, рус. л-ру 18—19 ст. Аўтар прац «Пушкін, яго ліцэйскія сябры і настаўнікі» (1887), «Пушкінскі ліцэй (1811—1817)» (1911), «Нарыс жыцця і паэзіі Жукоўскага» (1883). Выдаў першы і найб. поўны збор твораў Г.​Дзяржавіна ў 9 т. Асаблівае значэнне мелі яго працы па этымалогіі, лексікаграфіі і граматыцы рус. мовы, сярод якіх «Філалагічныя росшукі» (т. 1—2, 1873, 4-е выд. 1899), «Рускі правапіс» (1885, 22-е выд. 1916) і інш. У 1891 пад яго кіраўніцтвам і па складзенай ім праграме пачаў выдавацца акадэмічны «Слоўнік рускай мовы».

Тв.:

Труды. Т. 1—5. СПб., 1898—1903.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.

А.​Г.​Калечыц.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІКА́НЦЫ (позналац. dominicani або fratres praedicatores браты-прапаведнікі),

каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Створаны ў пач. 13 ст., зацверджаны папам у 1216. Заснавальнік іспанец Дамінік дэ Гусман. Галоўны накірунак ордэна — прапагандысцка-місіянерская дзейнасць. У 1232 Д. была даручана інквізіцыя. Жабрацкі характар ордэна не заўсёды вытрымліваўся, у 1475 і 1477 Д. афіцыйна дазволена валодаць маёмасцю і мець сталыя крыніцы прыбытку. Папства выкарыстоўвала ордэн у барацьбе з ерасямі, свецкімі ўладамі, рэфармацыйным рухам. Д. ўзначальвалі кафедры ў многіх ун-тах сярэдневяковай Еўропы. У Беларусі з’явіліся ў пач. 16 ст., на пач. 19 ст. мелі тут больш за 40 кляштараў і рэзідэнцый, дзейнічаў Забельскі дамініканскі калегіум. Вядомы жаночы кляштар Д. у Навагрудку. У 1830—60-я г. кляштары Д. у Беларусі зачынены, жылыя іх будынкі прыстасаваны пад казармы, шпіталі і інш., касцёлы сталі парафіяльнымі або перададзены праваслаўнай царкве.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХА́У (Dachau),

канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс. чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац. падп. арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,

саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л. бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.

З.​І.​Гіяргідзе.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАМЕРЫ́ДЫ (Glomeridae),

сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах. ч., занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.

Да арт. Гламерыды. Гламерысы: 1 — звязаны; 2 — стэліфера, 3 — арната; 4 — шасціпалосы.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.​С.​Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.​Х.​Бабарыкін), драм. (І.​Я.​Марголін, В.​М.​Плахаў) і муз. (С.​Л.​Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.​Чэхава, «Рэвізор» М.​Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.​Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.

У.​В.​Мальцаў.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)