АЭРАДЫНА́МІКА (ад аэра... + дынаміка),

раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.

Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.

Літ.:

Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;

ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ. М., 1985;

Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.

Ю.​В.​Хадыка.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),

1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.

2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).

3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.​В.​Малашэвіч.

Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.
Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІ́МНЫ ТВОР у літаратуры,

друкаваны або рукапісны твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было жаданне пазбегнуць ганенняў з боку ўлад. Ананімна з’явіліся многія літ. і філас. творы: «Думкі» Б.​Паскаля, «Максімы» Ф.​Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава, «Гаўрыліяда» А.​Пушкіна і інш. У стараж. бел. л-ры многія творы (асабліва свецкія) былі ананімныя. У перыяд станаўлення новай бел. л-ры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, яе аўтары не імкнуліся занатаваць сваё аўтарства, тым болей што гэтыя творы звычайна распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах. Па меры росту нац.-культ. свядомасці абуджалася і цікавасць да пытання аўтарства бел. твораў (Я.​Баршчэўскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.). З сярэдзіны 19 ст. бел. л-ра мела пераважна апазіцыйны да самаўладства характар, большасць яе твораў прасякнута вострай крытыкай дзярж. ладу, таму іх забаранялася друкаваць аж да 1906. Але і пазней найб. вострыя творы з’яўляліся ананімна. Паводле жанру ананімныя творы разнастайныя: паэмы («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), лірычныя вершы («Вясна гола перапала», «Ой, у полі вецер вые»), вершаваныя або празаічныя гутаркі («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда»). Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або паліт. пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К.​Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы бытавалі і ў сав. час («Сказ пра Лысую гару»).

М.​А.​Лазарук.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛЧЭ́ННЕ,

1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайне 1941—45.

На тэр. Беларусі апалчэнне наз. пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст. вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.

2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў сацыялогіі,

кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.​Шэфле (Германія), Р.​Вормс і А.​Эспінас (Францыя), П.​Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.

Літ.:

Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;

История социологии. Мн., 1993.

Е.​М.​Елсукоў.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.​Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.​Ядзешка, Т.​Івінская, І.​Сумнікава, А.​Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

Да арт. Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,

масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час. «Спадчына».

Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.

Г.​А.​Саўчанка.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,

добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз. Бел. т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш. Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.

А.​М.​Ваніцкі.

Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,

навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.

У.​С.​Пасэ, В.​А.​Цяплова.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)