МАРКС ((Marcks) Герхард) (18.2.1889, Берлін — 1981),

нямецкі скульптар і графік. Вучыўся ў Берліне ў Р.​Шайбе (1907—12). З 1912 выкладаў у «Баўгаузе», Школе маст. рамёстваў у Гале (1925—33), Вышэйшай школе выяўл. мастацтваў у Гамбургу (1946—50). У 1910-я г. зазнаў уплыў А.​Маёля, пазней В.​Лембрука. З 1920-х г. ствараў канструктыўна-ясныя. гарманічныя кампазіцыі і партрэты, арыентаваныя на архаічную стараж.-грэч. пластыку: «Альцына» (1934), «Ева», «Скаваны Праметэй» (абедзве 1948), «Фрэя» (1949), «Ладдзя Харона» (1952), партрэт Х.​Пурмана (1956—63) і інш. Аўтар помнікаў ахвярам 2-й сусв. вайны ў Кёльне (1949), Гамбургу (1949—52), Мангейме (1952), Гановеры (1956—58) і інш. Рабіў ілюстрацыі ў тэхніцы дрэварыту да баек Эзопа (1950) і інш.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),

артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.

Літ.:

Гл. да арт. Артылерыя.

280-міліметровая марціра ўзору 1939 (СССР).

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАВЫ́ ПАСРЭ́ДНІК,

пасада, уведзеная ў Рас. імперыі паводле «Палажэнняў» 19.2.(3.3).1861 аб адмене прыгоннага права для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861. Прызначаўся Сенатам па рэкамендацыі губ. улад з мясц. дваран-памешчыкаў (спачатку на 3-гадовы тэрмін, пазней — бестэрмінова). У межах свайго ўчастка (на Беларусі звычайна 5—7 валасцей) М.п. займаўся размежаваннем сял. і панскай зямлі, разбіраў спрэчныя пытанні паміж сялянамі і памешчыкамі, правяраў, зацвярджаў і ўводзіў у дзеянне ўстаўныя граматы, ствараў і кантраляваў органы сял. самакіравання, ажыццяўляў абмежаваную суд. (да ўвядзення міравых судоў) і паліцэйскую ўладу над сялянамі. Інстытут М.п. скасаваны (за выключэннем Закаўказзя і зах. губерняў, у т. л. беларускіх) у 1874, у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. — у 1878, у Віленскай і Гродзенскай — у 1904.

В.​П.​Панюціч.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца чэрв. 1941 да вер. 1942 у Мірскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. Складалася з груп (97 чал.) у вёсках Беражное (кіраўнікі Р.​М.​Рускіх, Я.​І.​Крамко), Лядкі (А.​Ф.​Бянецкі), Пагарэлка (І.​М.​Мацко), Сіняўская Слабада (К.​У.​Балабановіч). Да сярэдзіны ліп. 1941 падпольшчыкі дапамагалі часцям Чырв. Арміі выходзіць з акружэння, у в. Антанёва і Быковічы арганізавалі шпіталі для цяжкапараненых. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, збіралі і вывучалі зброю. Вясной 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю. Да вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў лес і стварылі партыз. атрад «Камсамольскі», які пазней з інш. атрадамі стаў базай фарміравання аднайм. партыз. брыгады. За гады вайны загінула 29 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШТЭ́КІ індзейскі народ у Мексіцы. Жывуць у штатах Аахака, Герэра і Пуэбла. 270 тыс. чал. (1998). Гавораць на мове міштэкскай групы сям’і ата-манге і іспанскай. Вернікі — католікі. У 1200-я г. М. прыйшлі ў дзяржаву сапатэкаў (даліна Аахакі), што напачатку выклікала заняпад, а пазней росквіт змешанай міштэкска-саматэкскай культуры. У 15 ст. іх перамаглі аптэкі, у 1523 заваявалі іспанцы. У М. былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, мастацтва. Пра унікальнасць іх школы жывапісу сведчаць міштэкскія кодэксы (маляваныя кнігі) — своеасаблівыя гіст. дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію, гісторыю, фаўну і этнаграфію. У наш час М. займаюцца земляробствам, паляўніцтвам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, рамесніцтвам.

Літ.:

Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990. С. 81-99.

Да арт. Міштэкі. Фрагмент міштэкскага кодэкса даіспанскага перыяду.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКСА́НАЎ (Мікалай Кір’якавіч) (12.4.1878, г.п. Дзергачы Саратаўскай вобл., Расія — 10.2.1969),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1931). Засл. дз. нав. Расіі (1957). Скончыў Юр’еўскі (г. Тарту, Эстонія) ун-т (1902). Праф. Саратаўскага (з 1917), Маскоўскага (з 1921), пазней Ленінградскага ун-таў. Асн. працы па гісторыі рус. л-ры, фальклоры, крыніцазнаўстве, тэксталогіі, метадалогіі літаратуразнаўства, драматургіі і т-ры, пра творчасць А.​Грыбаедава, А.​Пушкіна, І.​Ганчарова, І.​Тургенева, М.​Горкага. У 1923 вылучыў у якасці асобнай дысцыпліны вывучэнне творчай гісторыі твораў л-ры («Творчая гісторыя «Гора ад розуму», 1928). Ініцыятар літ. краязнаўства (кн. «Абласныя культурныя гнёзды», 1928). Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія выданні твораў рус. пісьменнікаў.

Тв.:

Роман Гончарова «Обрыв» в свете социальной истории. Л., 1968.

Літ.:

Н.​К.​Пиксанов. М., 1968.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́Ф’ЕЎ (Іван Пракоф’евіч) (4.2.1758, С.-Пецярбург — 22.2.1828),

рускі скульптар. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1785). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—79) у Н.Жыле і Ф.Гардзеева, у 1784—1828 выкладаў у гэтай акадэміі. Пенсіянер Пецярбургскай АМ у Парыжы (1779—84), дзе працаваў пад кіраўніцтвам П.​Жульена. Раннія творы, якія ствараў пад уплывам ракако, вызначаюцца дынамікай кампазіцыі і вытанчанасцю сілуэтаў («Актэон, якога праследуюць сабакі», 1784, і інш.). Пазней працаваў у рэчышчы класіцызму. Аўтар рэльефаў у будынку Пецярбургскай АМ (1785—86), у Паўлаўскім палацы (1785—87), на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу («Пакланенне меднаму змію», 1805—06), дэкар. статуй і груп для фантанаў Пецяргофа («Трытоны», 1800), скульптурнай кампазіцыі «Нява і Волхаў» (1801), партрэтаў (А.Ф. і А.Я. Лабзіных, 1802) і інш.

І.Пракоф’еў. Нява і Волхаў. 1801.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),

парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.

А.​А.​Козыр.

Прэкас: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),

рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб. стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.

Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)