экано́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Сукупнасць вытворчых адносін пэўнага грамадскага ладу, якія адпавядаюць развіццю прадукцыйных сіл грамадства. Эканоміка сацыялізма.

2. Стан народнай гаспадаркі, гаспадарчае жыццё (краіны, раёна і пад.). Эканоміка Беларусі. Эканоміка Поўначы. □ За мінулыя гады працоўны народ брацкай краіны дабіўся выдатных поспехаў у развіцці эканомікі, культуры, навукі, аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнага забеспячэння. «Звязда». // Структура і фінансава-матэрыяльны стан якой‑н. галіны гаспадарчай дзейнасці. Эканоміка прамысловасць Эканоміка транспарту. □ Вясной.. [Васіль] прапанаваў калгаснікам мерапрыемствы, якія павінны былі хутка ўзняць эканоміку калгаса. Шамякін.

3. Навуковая дысцыпліна, аб’ектам вывучэння якой з’яўляецца фінансава-матэрыяльны бок якой‑н. гаспадарчай дзейнасці. Эканоміка вінаградарства. Эканоміка бульбаводства.

[Ад грэч. oikonomiké — майстэрства вядзення хатняй гаспадаркі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Імя́. Рус. и́мя, укр. імʼя́, польск. imię, в.-луж. mjeno, н.-луж. , палаб. jeimą, чэш. jméno, славац. meno, славен. imȇ, серб.-харв. и̏ме̄, балг. ѝме, макед. име, ст.-слав., ст.-рус. имѧ, ст.-бел. имя. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнасці: ст.-прус. emmens, emnes, алб. emër, emën, ст.-ірл. ainmm. Далей, з іншым вакалізмам: ст.-інд. náma, авест. nāma, ст.-перс. nāman‑, арм. anum, грэч. ὄνομα, лац. nōmen, гоц. namo, хец. lāman. Прасл. *jьmę узыходзіць да і.-е. *ṇmen‑ з *enmen‑, якое трактуюць як утварэнне ад прыназ. *en‑ ’у, унутры’ з суф. ‑men‑. Адсюль семантычная інтэрпрэтацыя імені як таго, што ўкладваецца, ускладаецца, накладаецца. Гл. Фасмер, 2, 129–130; Слаўскі, 1, 454–455; Тапароў, 2, 28–30; Трубачоў, Эт. сл., 8, 227–228, дзе іншая літ-ра. Іначай Махэк₂ (230–231): звязвае з і.-е. *genǝ‑ ’ведаць’, што мала верагодна. Версія пра сувязь з *jęti, *jьmǫ (Шуман, AfslPh, 30, 1909, 302; Ісачанка, Studie a prace linguistické, 1, 1954, 127–129, jьm‑men ’прыняты знак’ як тэрмін радавога грамадства) таксама непераканаўчая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

журналі́стыка

(ад журналіст)

1) від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак праз сродкі масавай інфармацыі — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш.;

2) навука пра ролю і месца сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці грамадства, пра формы і метады журналісцкай дзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экано́міка

(гр. oikonomike, ад oikos = жыллё + nomos = закон)

1) сукупнасць вытворчых адносін на пэўным этапе развіцця грамадства;

2) народная гаспадарка краіны, вобласці, раёна, якой-н. галіны грамадскай дзейнасці (напр. э. Беларусі, э. гандлю);

3) навуковая дысцыпліна, якая вывучае тую ці іншую галіну гаспадаркі (напр. э. бульбаводства).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аруэлі́зм

(англ. orwellizm, ад D. Orwell = прозвішча англійскага пісьменніка, аўтара рамана-утопіі «1984»)

маніпуляцыя фактамі або іх скажэнне, падача праўды ў ілжывым святле ў мэтах прапаганды (тэрмін выкарыстоўваецца ў адносінах да грамадства, якое цалкам кантралюецца ўладамі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),

стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.​Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.​Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.​Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТУНІ́ЗМ (франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),

1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав. гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.

2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.​Бернштэйн, К.​Кауцкі, Л.​Мартаў) крытыкавалі У.​І.​Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.​Джыласа, М.​Нара, О.​Шыка, Р.​Гародзі, С.​Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б. СССР на чале з М.​С.​Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. адносін.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,

рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.​А.​Бярдзяеў, С.​М.​Булгакаў, Дз.​С.​Меражкоўскі, З.​М.​Гіпіус, М.​М.​Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.

Літ.:

История философии. Т. 5. М., 1961;

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

А.​А.​Цітавец.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РГЕН ((Borgen) Юхан) (28.4.1902, Осла — 16.10.1979),

нарвежскі пісьменнік і літ. крытык. Дэбютаваў зб. навел «У напрамку цемры» (1925), гал. тэмы якіх — адзінота, трагічныя чалавечыя памылкі. Пад псеўданімам Мумле Госег выдаў шэраг вострасатырычных антыфаш. фельетонаў, эсэ, нарысаў. У 1941 эмігрыраваў у Швецыю. Удзел у антыфаш. Супраціўленні адлюстраваў у мемуарах «Дні ў Грыні» (1945). Супярэчнасці жыцця тагачаснага грамадства, якія прыводзяць да краху неардынарнай асобы, — у цэнтры трылогіі «Маленькі лорд» (1955), «Цёмныя воды» (1956), «Цяпер яму не ўцячы» (1957). Праблема раздвоенасці індывіда ў раманах «Я» (1959), «Блакітная вяршыня» (1964), «Чырвоны туман» (1967), «Мая рука, мае вантробы» (1972), зб. навел «Самотныя дрэвы ў садзе» (1969). Прозе Боргена ўласцівыя псіхалагізм, рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці. У літ.-крытычных працах і паліт. публіцыстыцы спалучэнне гуманістычнага зместу з вострапалемічнай формай.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1979;

Декабрьское солнце: Рассказы. М., 1983;

Избр. новеллы. М., 1984.

Літ.:

Нагибин Ю. Островитянин: Сон о Юхане Боргене // Иностр. лит. 1976. № 11.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)