ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,

у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАА́МСКІЯ АСТРАВЫ́,

група астравоў у паўн.-зах. частцы Ладажскага возера, у Карэліі (Расійская Федэрацыя). Уключае в-аў Валаам (пл. 28 км²) і больш за 50 дробных астравоў. Агульная пл. 36 км². Выш. да 70 м. Складзены з гранітаў і дыябазаў. Берагі моцна парэзаныя (шхеры). Большая ч. Валаамскіх астравоў укрыта хваёвымі лясамі і насаджэннямі. З 1979 гісторыка-арх. і прыродны музей-запаведнік Валаамскі манастыр. На в-ве Валаам — гар. пасёлак Валаам. Культавыя, гасп. і жылыя пабудовы 19 — пач. 20 ст. Помнік маракам Ладажскай ваен. флатыліі. Турызм.

В.​П.​Кісель.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНСЕ́ЦКІ (Павел Фёдаравіч) (1915, г. Краснадар, Расія — 27.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. З 1938 у ВМФ, служыў на Чарнаморскім флоце. З 1942 у брыгадзе марской пяхоты, удзельнік дэсантных аперацый у Новарасійску, Марыупалі, Таганрогу, Бярдзянску. Старшына 2-й стацці Вансецкі вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў, у складзе якога быў Вансецкі, па Паўд. Бугу высадзіўся ў тыле ворага ў порце, у няроўным баі за 2 сутак адбіў 18 контратак, нанёс вял. страты жывой сіле ворага.

П.Ф.Вансецкі.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕЧЕ́РНЯЯ ГАЗЕ́ТА»,

штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 18.9(1.10).1912 да 11(24).6.1915 у Вільні на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. жыццё, дзейнасць урада і Дзярж. думы, падзеі 1-й сусв. вайны. Выступала за буржуазна-дэмакр. рэформы, культ.-нац. самавызначэнне народаў Расіі, інфармавала пра рабочы і сял. рух на Беларусі і ў Літве. Прыхільна ставілася да бел. нац. руху, падтрымлівала газ. «Наша ніва» ў яе палеміцы з рус. і польск. выданнямі. Бачыла ў сац. і духоўным абуджэнні беларусаў значны культ. набытак чалавецтва.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕНІЧЫ, Відунічы, Відзінічы,

вёска ў Алёнавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. За 38 км на ПнУ ад Талачына. 24 двары, 44 ж. (1996). Упершыню ўпамінаецца як «село Видиничи» ў Друцкім евангеллі (І-я пал. 14 ст.). У розны час належала Друцкім, Любецкім, Лянеўскаму, Сяняўскай, Голчыцу (ці Галоўчыцу) і інш. У 1785 В. — цэнтр маёнтка, які ахопліваў 5 вёсак (Коззі Горкі, Лаўрынава, Станаўка, Бордзіна, Раманаўка) і налічваў 69 двароў, 536 душ. З 1861 — у Алёнавіцкай вол. Аршанскага пав. З 1924 В. ў Талачынскім р-не.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л II (Vittorio Emanuele; 14.3.1820 — 9.1.1878),

кароль Сардзінскага каралеўства [1849—61], першы кароль аб’яднанай Італіі [1861—78]. Удзельнік аўстра-італьянскай вайны 1848—49. У перыяд барацьбы за нац. вызваленне італьян. народа і аб’яднанне Італіі (гл. Рысарджымента) падтрымліваў планы лібералаў (К.Б.Кавура і інш.), вёў барацьбу з рэсп.-дэмакр. лагерам нац.-вызв. руху, адначасова імкнучыся ў сваіх мэтах выкарыстаць папулярнасць і ваен. перамогі Дж.​Гарыбальдзі. У 1861 абвешчаны каралём Італьян. каралеўства. У час аўстра-італьян. вайны 1866 узначальваў італьян. армію. Пасля 1870 праводзіў курс на збліжэнне з Аўстрыяй і Германіяй.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ БОЙ 1943,

баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав. грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШЫ́ (Vichy),

горад у Францыі, у дэпартаменце Алье, на р. Алье. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. У 1940—44 месца знаходжання калабарацыянісцкага ўрада маршала Ф.Петэна. 28 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Эл.-тэхн., фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Маст. і гіст. музеі. Казіно. Буйнейшы бальнеакліматычны курорт у Францыі. Развіваецца з пач. 17 ст. Цёплы, умерана вільготны клімат, спрыяльны для адпачынку і лячэння. Больш за 10 крыніц субтэрмальных і гарачых (да 66 °C) радонавых мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб печані, жоўцевых шляхоў, кішэчніка, нырак, эндакрынных залоз.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 13 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,25 км², даўж. 1,14 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 3,33 км. Пл. валазбору 4,35 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, на Пд і У 3—10 м, парослыя лесам і хмызняком. Берагі высокія, пясчаныя, на ПдЗ і ПнУ месцамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае. Зарастае. На ПнУ упадае ручай з воз. Некалач, на Пд выцякае ручай з воз. Мухна.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)