ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая», маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.​К.​Бжастоўскі (гл. ў арт. Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,

вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт. м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл. Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс. чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт. м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.​А.​Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.​П.​Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал. рас. сілы (каля 35 тыс. чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл. Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.​П.​Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл. Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс. чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.​Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в. Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс. чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт. м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл. Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт. м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;

Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.

У.​І.​Пашкевіч.

Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.​Зубава. 1715.
Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.

т. 12, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫЯ МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Northern Mariana Islands),

Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands), дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак. Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс. чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).

Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн. а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц. традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс. чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).

Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр. ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.

Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс. дол. за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс. га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс. га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л. міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн. гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель.

т. 12, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

будава́ць, будую, будуеш, будуе; незак., што.

1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом. // без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна. // Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі. Шамякін. // Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі. Танк.

2. перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі. Палітыка. Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі. Астрэйка.

3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню. Васілевіч.

4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей. Адамовіч. Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад. «Звязда».

5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі. Жычка.

6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе сустрэць каго‑н. Першы чалавек, якога .. [Грэк] спаткаў, выйшаўшы з «газіка», была Алена Собаль. Паслядовіч. Каля універсітэцкага гарадка .. [Леанід] спаткаў Надзю. Шахавец. Лізавета .. абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Чорны. // Убачыць што‑н., што трапляецца на шляху. Мы спадзяваліся на ўдачу: увечары гаспадар расказваў нам, што тут можна спаткаць мноства дзічыны. Гурскі. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., атрымаць у адказ чый‑н. погляд. Не зірнуў [Гардзей], а нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы .. ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк. Мележ. // перан. Знайсці каго‑, што‑н.; сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Што ж, я сёння больш у сэрцы, Чым калісьці, сілы маю. Дзе ні будзеш ты на свеце — Я знайду цябе, спаткаю! Гілевіч. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Не дужа артысты маглі б пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга. Маўр. Відаць, Усе як ёсць пазналі Дні ліха, Ростань з цішынёй: У час адзін Бяду спаткалі Паланга, Брэст і Кішынёў. Калачынскі.

2. Выйсці сустрэць, прывітаць каго‑н.; прыняць каго‑н. Ужо аркестр [і]грае на адным узроўні з намі, і мы зусім блізка бачым твары людзей, што сабраліся, каб спаткаць жскурсію пісьменнікаў Савецкага Саюза. Галавач. На хутары .. [Зосю] спаткалі ласкавей, як учора. Чорны. / у перан. ужыв. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, надыход чаго‑н. Спаткаць недаверліва прапанову калегі. Спаткаць артыстаў апладысментамі. □ На гарызонце паказаліся самалёты. Яны хутка набліжаліся. Іх спаткалі буйнакаліберныя кулямёты. Гурскі. [Блакада] падкралася зусім непрыкметна і, здаецца, зусім нечакана, значыць — зусім не тады, калі яе меркавалі спаткаць. Брыль. Калі завітае няшчасце, Прыход яго мужна спаткай. Прануза.

3. Дачакацца пачатку, наступлення, з’яўлення і пад. чаго‑н. Раман ужо па полі, ходзячы за плугам, спаткаў усход сонца. Колас. Выйсці ў поле, дзе нівы шумяць Там, за ракою, Першую зорку ў небе спаткаць Толькі з табою. Русак. Шчыра, з радасцю бязмернай Сёння прымем самалёт: Прылятаюць піянеры, Каб спаткаць тут Новы год. А. Александровіч.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Спаткала, спасцігла [Напалеона] адплата У гэтай краіне чужой. Бялевіч. — Ты не плач, больш цябе не спаткае бяда — Будзе маці табе ўся Радзіма... Гілевіч. А тут і спаткала абодвух ваяк Вялікая ростань На некалькі год. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы. Шамякін. // перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку. Карпюк.

2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Сабаленка. // Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай. Хомчанка. // Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее... Нікановіч. // Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.

3. перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце. Юрэвіч.

•••

Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.

Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.

Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце, ‑кладуць; пр. пераклаў, ‑клала; заг. перакладзі; зак.

1. каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях. Чорны. Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы. Шахавец.

2. што чым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам. Краўчанка. [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка.

3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын. Лупсякоў.

4. перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу. Шыцік. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў. Мікуліч.

5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову. Шамякін.

6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Светлая паласа, пляма, утвораная светлавымі праменямі на чым‑н. неасветленым. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі. Шамякін.

2. Прамежак, свабодная прастора паміж якімі‑н. блізка размешчанымі прадметамі. У прасветах паміж будынкамі відаць было жытнёвае поле. Хадкевіч. Велізарнае шэрае неба мільгае ў прасветах між дрэвамі. Гамолка. // перан. Перапынак паміж справамі, часовая палёгка ў рабоце. Яшчэ гадзіну таму назад .. [Паўлу Пятровічу] здавалася, што ў яго, як і заўсёды, на працягу рабочага дня не будзе прасвету, каб нават падумаць аб чымсьці, не звязаным з яго працай. Прокша.

3. перан. Радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці. — Ай, браце Якаў... — Піліп безнадзейна махнуў рукой. — Няма прасвету... Чарнышэвіч. Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі, Чыгуннай глыбай гнёт заціснуў грудзі, І не было прасвету у жыцці. Буйло.

4. Спец. Шырыня аконнага ці дзвярнога праёму. // Адтуліна, шчыліна ў чым‑н. Прасвет вены.

5. Падоўжная палоска на пагонах. Нейкаму сынку, Недзе там на хутары, Сніліся пагоны З прасветам залатым. Броўка. Збіўшыся ў кучку,.. [хлопцы] насцярожана разглядвалі на плячах конніка пагоны: зялёнае поле з чырвоным прасветам, а на ім чатыры зорачкі. Курто.

•••

На прасвет (глядзець, разглядаць і пад.) — супраць святла. На момант .. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

Не бачыць прасвету гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУ Зах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс. км². Нас. 3037 тыс. чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г. Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.

Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах. ч. Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас. р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс. кВт гадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн. га (запасы драўніны 598 млн. м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.

Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн. т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш. Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд. кВт гадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім. прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн. га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс. км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.

В.​М.​Корзун.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)