МІНО́Р (Восіп) (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),
дзеяч рэв. руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.Ф.Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют.рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.Ф.Керанскім, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.
Тв.:
Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯПольшчы
(НДП; Stronnictwo Narodowa-Demokratyczne),
эндэкі,
польская паліт. партыя ў 1897—1945. Створана ў Каралеўстве Польскім на базе Нац. лігі, пазней пашырыла дзейнасць на польскія землі ў складзе Германіі (1904) і Аўстра-Венгрыі (1905). Прадстаўляла інтарэсы нац. буржуазіі, сярэдніх землеўладальнікаў і часткі інтэлігенцыі. Праграма (рэдакцыі 1897 і 1903) — нацыяналізм, ліберал-дэмакратызм, міжкласавае супрацоўніцтва, аўтаномія Польшчы ў складзе Расіі. У пач.рэвалюцыі 1905—07 НДП выступіла ў абарону нац. незалежнасці, супраць русіфікацыі; пазней, спадзеючыся на ўступкі ў нац. пытанні, падтрымала царызм у барацьбе з рэвалюцыяй. У 1-ю сусв. вайну арыентавалася на Расію і краіны Антанты, з дапамогай якіх разлічвала далучыць да Каралеўства Польскага польскія землі Германіі і Аўстра-Венгрыі. З гэтай мэтай быў створаны Польскі нац.к-т на чале з Р.С.Дмоўскім. З восені 1917 дамагалася прызнання незалежнасці Польшчы зах. краінамі, удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. З 1919 НДП (перайменаваная ў Нац.-дэмакр. саюз) уваходзіла ва ўрадавую кааліцыю, выступала супраць рэв. руху, падтрымлівала інтэрвенцыю супраць Сав. Расіі, паланізацыю бел., укр. і літ. зямель. У 1928 перайменавана ў Нац. партыю. У 1926—33 у складзе праванацыяналіст. Лагера Вял. Польшчы. У 2-ю сусв. вайну падтрымлівала польскі эмігранцкі ўрад. У 1945 забаронена новымі ўладамі Польшчы, у 1947 разгромлены яе падп. арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДА (ад грэч. ōdē песня),
жанр лірычнай паэзіі і музыкі. Верш у гонар якой-небудзь асобы ці гіст. падзеі, напісаны ў паэтычным, урачыстым стылі. Узнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе О. называлі лірычныя песні, што выконваліся хорам у час танцаў. Выдатнымі одапісцамі былі паэты стараж.-грэч. Піндар, стараж.-рымскі Гарацый, у зах.-еўрап. паэзіі П.Рансар, Ф.Малерб, Ж.Б.Русо, Э.Лебрэн. У рус. паэзіі пачынальнік О. — В.Традзьякоўскі («Урачыстая ода пра здачу горада Гданьска», 1734), ён распрацаваў і тэорыю жанру («Развагі пра оду»), О. пісалі М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, А.Радзішчаў, А.Пушкін, К.Рылееў і інш. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. О. не развівалася. На пачатку 20 ст. яна адрадзілася: «Хвала чалавеку» і «Шчаслівым» В.Брусава, «Ода рэвалюцыі» У.Маякоўскага. Эвалюцыя О. ішла ў кірунку набліжэння да грамадз. лірыкі, прасякнутай пафасам услаўлення. У гэты час О. ўвайшла і ў бел. паэзію; вершы «Украіна» Я.Купалы, «Краіне Саветаў», «Да дня 20-й гадавіны Кастрычніка» Я.Коласа. Нярэдка паэты выносяць слова «О.» ў назвы твораў: «Ода балгарскай кухні» Н.Гілевіча, «Ода трактарнаму заводу» Х.Жычкі, «Ода Еве» П.Макаля, «Ода пешаходу» П.Панчанкі, «Ода прозе» М.Стральцова. У сучаснай паэзіі развіваецца сатыр. О. («Ода квітанцыі» А.Вярцінскага, «Ода футбольнаму мячу» Гілевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Якаў Савельевіч) (20.6.1940, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 7.12.1996),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1984). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ (заг. сектара), з 1976 у Мінскай ВПШ (заг. кафедры). З 1991 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, кіраўнік групы па вывучэнні паліт. рэпрэсій на Беларусі ў 1920 — пач. 1950-х г. З 1993 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы (заг. аддзела). Даследаваў гісторыю рэвалюцыі 1905—07, грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 у Расіі і Беларусі, падп. і партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ваен.буд-ва і паліт. рэпрэсій у 1920—40-х г., праблемы метадалогіі і гістарыяграфіі Вял.Айч. вайны. Адзін з аўтараў прац «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.
Тв.:
В.И.Ленин и партизанское движение. Мн., 1975;
Комиссар Бумажков. Мн., 1978;
Народная война в тылу интервентов и белогвардейцев. Мн., 1983;
В суровом сорок первом. Мн., 1985;
У истоков победы. М., 1986;
Драматычны лёс польскіх асаднікаў // Бел. мінуўшчына. 1994. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял.рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. каля 1,2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст.Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц.рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют.рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар.рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.