МІХА́ЙЛАЎ Анатоль Мікалаевіч (н. 3.11.1936, в. Індыкава Віцебскага р-на),
бел. вучоны ў галіне прамянёвай дыягностыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рмед.н. (1974), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1961). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па візуалізацыйнай дыягностыцы (з выкарыстаннем рэнтгеналагічнага і ультрагукавога даследаванняў, камп’ютэрнай, магнітна-рэзананснай тамаграфій і інш.) у распазнаванні захворванняў органаў стрававання, руху, сардэчна-сасудзістай сістэмы, ахове ад іанізацыйнага выпрамянення. Вызначыў асн. заканамернасці ў развіцці парушэнняў функцый стрававальнага тракту, распрацаваў спосабы даследавання кішэчніка і яго функцыян. стану, вывучыў механізмы развіцця дыскінезій і прапанаваў шляхі іх лек. карэкцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;
Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн., 1994;
Руководство по медицинской визуализации. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭ́ТРУМ,
рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, у адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІКА́ШЛЕВЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ТНІКАЎ Уладзімір Мікалаевіч (н. 6.1.1938, в. Халопенічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Акад.Нац.АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1991). Д-рбіял.н. (1987), праф. (1992). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1959). З 1966 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1977 вуч. сакратар, з 1978 нам. дырэктара), з 1997 у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі (дырэктар і заг. лабараторыі). Навук. працы па пабудове, біягенезе і функцыян. актыўнасці клетачных ядраў і пластыд расліннай клеткі, надмалекулярных нуклеапратэідных комплексах, бялках і ліпідных рэчывах пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному раслін, прыкладных пытаннях перапрацоўкі лек. і пахучых раслін.
Тв.:
Пластиды и клеточные ядра высших растений: (Биохим. аспекты). Мн., 1982;
Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГІ (лац. cornua),
касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне), ажыўленне арганізма,
сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мін пасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ВЕНЬ (Rheum),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Азіі (2 віды на Пд Еўропы). Трапляюцца па камяністых схілах. У культуры вырошчваюць пераважна Р. рапонцікавы, або чаранковы (R. rhaponticum), і хвалісты (R. undulatum).
Шматгадовыя травы з мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, полае, голае, выш. 50—250 см. Прыкаранёвае лісце буйное, сакаўное, доўгачаранковае, утварае разетку, сцябловае — чаргаванае, дробнае, яйцападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, жоўтыя, ружовыя, чырванаватыя ў коласападобным ці мяцёлчатым суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Маладое лісце і чаранкі маюць у сабе вітамін С, да 2,5% цукру, каля 3,5% арган.к-т, мінер. солі. З іх гатуюць супы, кампоты, варэнне, мармелад, цукаты, сок, віно, начынку Для пірагоў, у рыбнай прам-сці выкарыстоўваюць як прыправу. Харч., лек., дубільныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫРВО́ВІЧЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пінскім р-не Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1994 для аховы і ўзнаўлення унікальнага прыроднага комплексу на Пд Беларусі з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1391 га. Размешчаны на стыку Столінскай водна-ледавіковай раўніны з нізіннай далінай р. Стыр. Глебы тарфяніста- і тарфяна-балотна-глеевыя пад чорнаальховымі лясамі, дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя пад грабавымі і пясчаныя пад хвойнымі лясамі. Лясы — каштоўныя монадамінантныя грабнякі, грабава-дубовыя, грабава-дубова-кляновыя, хваёвыя і інш. Шмат лек., вострапахучых раслін. У Чырв. кнізе венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная. У тэрыякомплексе лось, дзік, казуля, заяц-русак, ліс, янотападобны сабака, воўк. Багатая арнітафауна лясных, балотных і сінантропных комплексаў. Шмат рэптылій. У Чырв. кнізе барсук, бусел чорны, пустальга звычайная, бугай вялікі, філін, чарапаха балотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗА́ЛІС, махунка (Physalis),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна ў Амерыцы. У культуры 3 віды Ф.: мексіканскі тамат, або ліпкаплодны (P. ixocarpa), перуанскі, ці перуанская вішня (P. peruviana), і сунічны, або апушаны (P. pubescens). На Беларусі 1 заносны від — Ф. звычайны (P. alkekengi), што трапляецца на звалках, каля жылля. Некат. віды культывуюцца як дэкар. і агароднінныя расліны (напр., Ф. мексіканскі, сунічны).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі або распасцёртымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце яйцападобна-авальнае, суцэльнае. Кветкі белыя ці жаўтаватыя, з цёмна-фіялетавымі плямамі, дробныя, на паніклых кветаножках, у суквецці звіліна. Плод — ягада, замкнёная ў пухірападобную чашачку (ліхтарык). Плады культ. відаў спажываюць у ежу. Харч., лек. і дэкар. расліны.