ПРАГРА́МА (грэч. programma аб’ява, распараджэнне),

1) план прадстаячай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў.

2) Дакумент, у якім выкладзены асн. задачы і мэты дзейнасці паліт. партыі, арг-цыі, асобнага дзеяча.

3) План правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца.

4) Кароткі змест курса пэўнага прадмета, які вывучаецца ў навуч. установе.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НІЯ (грэч. pronoia апека),

у Візантыі 11—15 ст. пажыццёвае (часам спадчыннае) імператарскае падараванне свецкай асобе ці манастыру права збору дзярж. падаткаў з вызначанай тэр., з 13 ст. падараванне і зямельных уладанняў. Уласнік П. (проніяр) нярэдка быў абавязаны несці ваен. службу. З 12 ст. П. была падобная на зах.-еўрап. бенефіцый.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАВІЯ́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ (ад грэч. syn разам + лац. ovum яйцо),

вязкая вадкасць, якую прадуцыруе сінавіяльная абалонка ў поласць сустава. Памяншае трэнне паверхні сустава пры руху, прадухіляе сустаўныя храсткі ад сцірання, выконвае таксама метабалічную і бар’ерную функцыі, у суставе яе ўтрымліваецца 1—2 мл. Паводле саставу — дыялізат плазмы крыві з уключэннем гіялуронавай кіслаты.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. synchronos адначасовы),

прывядзенне некалькіх працэсаў да строгай узгодненасці іх працякання ў часе, у выпадку перыядычных працэсаў — забеспячэнне роўнасці (кратнасці) іх перыядаў ці супадзення фаз. Выконваецца сінхранізатарамі. Шырока выкарыстоўваецца ў энергетыцы, тэлебачанні, шматканальнай радыёсувязі, радыёлакацыі, сістэмах дакладнага вымярэння часу, выліч. тэхніцы і інш. Гл. таксама Сінхрагенератар, Сінхранізацыя ваганняў.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́БІЛ (ад грэч. strobilos хваёвая або яловая шышка),

орган размнажэння некат. вышэйшых раслін: дзераза- і хвошчападобных, голанасенных. С. — відазменены ўкарочаны парастак, мае спецыялізаванае лісце — спарафілы, на якіх фарміруюцца спораўтваральныя органы — спарангіі. У разнаспоравых раслін С. дыферэнцыраваны на мікра- і мегастробілы. Відазменены лускападобны мегастробіл — насенная лускавіна хвойных раслін. Гл. таксама Шышка.

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАГРАФІ́Я (ад грэч. tomos частка, слой + ...графія),

метад паслойнага даследавання ўнутр. структуры аб’екта з атрыманнем адлюстравання яго асобных «зрэзаў» (тамаграм). Адрозніваюць Т. рэнтгенаўскую камп’ютэрную, магнітарэзанансную, пазітронна-эмісійную, акустычную, лазерную і інш. Выкарыстоўваюць у дыягностыцы хвароб розных органаў, напр., лёгкіх (пухліны, кісты, іншародныя целы), сэрца, касцей і суставаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПЕЦО́ЭДР (ад трапецыя + грэч. hedra аснова, грань), тэтрагонтрыактаэдр,

простая форма крышталёў, грані якой чатырохвугольнікі з адной парай роўных старон. Адрозніваюць Т. правыя і левыя. У залежнасці ад гал. восі сіметрыі (L3, L4, L6) Т. бываюць 6-, 8-, і 12-гранныя. Такую форму крышталёў маюць мінералы: кварц, рэтжэрсіт, галеніт, флюарыт і інш.

т. 15, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ПЦІХ (ад грэч. triptychos трайны) у мастацтве, 1) трохстворкавы складзень.

2) Тры творы мастацтва (карціны, малюнкі, рэльефы і інш.), аб’яднаныя адзінай задумай і выкананыя ў адзіным стылі. У жывапісных творах сярэдняя частка Т. звычайна большага памеру, нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Часам Т. выконваюць на адным палатне, падзеленым аправай на 3 часткі.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛАФА́ЗА (ад грэч. telos канец + phasis з’яўленне),

заключная стадыя дзялення клеткі і яе ядра. У Т. заканчваецца рух храмасом, апарат дзялення разбураецца, утвараюцца ядзеркі, вакол кожнай з даччыных груп храмасом, што размешчаны на процілеглых полюсах клеткі, фарміруецца ядзерная абалонка, адбываецца раздзяленне цела клеткі і ўтвараюцца 2 клеткі. Гл. Меёз, Мітоз.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯГНО́МІКА (грэч. physiōgnomikē ад physis прырода + gnōmonikos дасведчаны, праніклівы),

распазнаванне характару, схільнасцей і здольнасцей чалавека па рысах твару і выразе вачэй. Узнікла ў старажытнасці і служыла перадумовай тыпалогій характару. Развівалася на аснове ўяўленняў пра першапачатковую прыродную прадвызначанасць душы і цела чалавека. Ідэі Ф. не маюць навуковых абгрунтаванняў. Гл. таксама Яўгеніка.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)