возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка (выцякае з возера), за 20 км на У ад г. Гарадок. Пл. 7,24 км², даўж. 9,2 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 106 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, парослыя лесам, на ПнУ і ПдЗ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае, пясчанае, 7 астравоў агульнай пл. каля 8 га, найб. з іх на ПдЗ зарос лесам. Надводная расліннасць вузкай паласой (10—25 м) акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана пратокамі з азёрамі Арлейка і Слепня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗДО́ЎНІК (Botrychium),
род споравых папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 40 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў: гваздоўнік віргінскі (B. virginianum), ланцэтападобны (B. lanceolatum), паўмесяцавы (B. lunaria), просты (B. simplex), рамонкалісты (B. matricariifolium) і шматраздзельны (B. multifidum). Растуць у лясах, на ўзлесках, схілах узгоркаў. Гваздоўнік віргінскі і рамонкалісты занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, гваздоўнік просты, магчыма, знік з флоры рэспублікі.
Спарафіты — шматгадовыя, звычайна невял. травяністыя расліны з кароткім неразгалінаваным карэнішчам. Вегетатыўны сегмент ліста звычайна перыста-рассечаны; спараносна-мяцёлчата-галінасты. Гематафіты (зарасткі) — яйцападобныя, плоскаклубне- або дыскападобныя, даўж. 1—20 мм, з мікарызай. Лек. (ранагаючы сродак) і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.
Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн.ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд.ч. пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РЫ (Teuthida),
атрад галаваногіх малюскаў. 2 падатр., 25 сям., больш як 85 родаў, больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах.
Даўж. ад 2 см да 5 м, гіганцкіх К. (Architeuthis) да 18 м; маса больш за 300 кг (зрэдку да 1 т). Цела падоўжанае, верацёнападобнае. На галаве 8 рук і 2 шчупальцы. Вочы вялікія. Шкілет — вузкая рагавая пласцінка. Ёсць радула і чарнільны мяшок. Мелкаводныя К. здольны мяняць афарбоўку, глыбакаводныя — амаль празрыстыя ці аднатонныя. Многія К. маюць органы свячэння. Адкладваюць яйцы. Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Корм кашалотаў і інш. кітападобных, рыб, птушак, ластаногіх. Многія — аб’екты промыслу, сыравіна для фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,
паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВІНГСТАН ((Livingstone) Давід) (19.3. 1813, Блантайр, каля г. Глазга, Вялікабрытанія — 1.5.1873),
англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. Па адукацыі медык. У 1840 пасланы Лонданскім місіянерскім т-вам у Паўд. Афрыку. З 1840 зрабіў некалькі працяглых падарожжаў па Паўд. і Цэнтр. Афрыцы і даследаваў вял. тэрыторыю ад Кейптаўна амаль да экватара і ад Атлантычнага да Індыйскага ак. Перайшоў пустыню Калахары і адкрыў воз. Нгамі; абследаваў бас.р. Замбезі, адкрыў р. Луалаба, вадаспад Вікторыя, азёры Бангвеулу, Шырва, Ньяса і інш. Разам з Г.Стэнлі даследаваў воз. Танганьіка. Усе маршруты нанёс на каргу. Сабраў вял.навук. матэрыял аб прыродзе і насельніцтве Паўд. Афрыкі. Імем Л. названы горад у Замбіі, вадаспад на р. Конга і горы ў Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЯ А́ЛГЕБРА,
адзін з раздзелаў алгебры, асноўная задача якога — рашэнне лінейнага ўраўнення αx+β=0. Спосаб яго рашэння і ўласцівасці адпаведнай лінейнай функцыі y=αx+β — зыходныя для ідэй і метадаў Л.а.
У Л.а. вывучаюцца аб’екты 3 тыпаў: лінейныя прасторы, матрыцы і лінейныя формы (гл.Форма). Тэорыі гэтых аб’ектаў амаль паралельныя: вынікі і пытанні, сфармуляваныя ў адной з іх маюць аналагі ў дзвюх іншых. Метады і вынікі Л.а. шырока выкарыстоўваюцца ў лінейным праграмаванні, геаметрыі, механіцы, тэорыі кольцаў, функцыянальным аналізе, гамалагічнай алгебры і інш. раздзелах матэматыкі.
Літ.:
Милованов М.В., Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.