ПЕНЕПЛЕ́Н (англ. peneplain ад лац. paene амаль + англ. plain раўніна),
слабахвалістая, месцамі амаль роўная дэнудацыйна-акумулятыўная раўніна. Утвараецца ў выніку разбурэння горнай краіны экзагеннымі прыроднымі працэсамі (пераважна верт. дэнудацыі) ва ўмовах гуміднага клімату і адноснага тэктанічнага спакою. П. часта пакрыты карой выветрывання (таўшчыня часам больш за 100 м). Вельмі пашыраны ў межах Казахскага драбнасопачніка. Ва ўмовах арыднага клімату ўтвараецца разнавіднасць П. — педыплен (раўніна падножжаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЗАЛАТА́Я, цукроўка двайная,
сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Hysteriales),
парадак сумчатых грыбоў падкласа аскалакулярных. Вядома 4 сям.: гістэрыевыя, графідавыя, артоніевыя, ракцэлавыя. Найб. вывучана сям. гістэрыевых (вядома больш за 50 відаў, пашыраных амаль на ўсім зямным шары). На Беларусі трапляюцца віды з родаў глоній, гістэрый, гістэраграфій. Пераважна сапратрофы. Развіваюцца на адмерлых галінках дрэў і кустоў, зрэдку — на сцёблах траў, некат. — паразіты на жывой драўніне.
Характэрны пладовыя целы — гістэратэцыі (выцягнутыя, амаль эліпсоідныя, адкрываюцца падоўжнай шчылінай). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя. Сумкаспоры эліпсоідныя або верацёнападобныя, двух- ці шматклетачныя, бясколерныя або бурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,
шырокапалосны ўзмацняльнік відэасігналаў з амаль раўнамернай амплітудна-частотнай характарыстыкай. Бывае адна- і многакаскадны. Выкарыстоўваецца ў відэаманіторах, тэлевізійных, факсімільных, радыёлакацыйных і інш. сістэмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНЗО́ГА (Galinsoga),
род кветкавых раслін сям. астравых. 4 віды амер. паходжання. Пашырыліся як заносныя амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 2 віды: галінзога драбнакветная (Galinsoga parviflora) і раснічастая, або шчаціністая (Galinsoga ciliata). Растуць каля дарог, на пустках, у садах, пасевах, на агародах.
Аднагадовыя амаль голыя або густаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 100 см. Лісце простае, падоўжана- ці шырокаяйцападобнае, супраціўнае, чаранковае. Кветкавыя кошыкі гетэрагамныя, звычайна шматлікія, дробныя, паўшарападобныя, у верхавінкавых ці пазушных паўпарасоніках. Краявыя кветкі язычковыя, белыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Пустазелле. Некаторыя віды маюць лек. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРО́Н,
спадарожнік планеты Уран. Дыяметр 1460 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 587 тыс.км. Плоскасць арбіты Аберона амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты Урана. Адкрыў у 1787 У.Гершэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́РБА,
востраў у Міжземным м., каля берагоў Туніса, у паўд.ч. заліва Габес. Пл. 500 км². Паверхня раўнінная, амаль плоская. Вырошчваюць пальмы, аліўкавыя дрэвы. Рыбалоўства. Гал. горад — Джэрба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІ... (ад лац. quasi быццам бы, нібыта), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «несапраўдны», «уяўны» (напр., квазінавуковы, квазідэмакратычны), а таксама амаль, блізка (напр., квазіоптыка, квазічасціцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬШТА́Б,
тып сякеры, у якой ёсць бакавыя закраіны (падоўжаныя загіны краю), пятка (папярочная перамычка), петлепадобная ручка (часам дзве). П. быў пашыраны ў сярэднім бронзавым веку амаль па ўсёй Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-БЕРМЕ́ХА (Río Bermejo),
1) рака на Пн Аргенціны, правы прыток р. Парагвай. Даўж. каля 1,6 тыс.км, пл. басейна 133 тыс.км². Вытокі ў Балівіі, на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па іх перадгор’ях (каля 100 км), далей — па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У сярэднім цячэнні на працягу амаль 400 км цячэ ў рэчышчы свайго былога прытока Тэўка. Летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады 340 м³/с. Суднаходная для невял. суднаў да г. Прэсідэнсія-Рока.
2) Рака на З Аргенціны ў бас. Рыо-Салада—Чадылеўву. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на ўсх. схілах Андаў, па выхадзе ў перадгор’і перасыхае амаль на ўсім працягу.