адсяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да адсячы (у 1 знач.), адсекчы.

2. Аддзяляць чым‑н. (рыскай, палоскай і пад.) частку чаго‑н. Верх высокай тэлемачты адсякала ў небе барвовая палоска. Пташнікаў. // Спец. Аддзяляць частку геаметрычнай плоскасці, адрэзка прамой.

3. Пазбавіць магчымасці рухацца ў пэўным напрамку. На захад, адсякаючы адыход у Турэц, імчаліся коннікі. Брыль.

4. Незак. да адсячы, адсекчы (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апячы́ся, апякуся, апячэшся, апячацца; апячомся, апечацеся, апякуцца; пр. апёкся, апяклася, апяклося; зак.

1. Атрымаць апёк, пашкодзіць сабе што‑н. агнём або чым‑н. гарачым, едкім, пякучым. Апячыся крапівою. □ Каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Прыказка.

2. перан. Разм. Пацярпець няўдачу, нечакана сустрэць перашкоду пры спробе зрабіць што‑н. [Тодар Амяльянавіч:] — Не ведаю, як ты там у сваім «Каапгандлі», а я не раз ужо апёкся на гэтакіх справах. Вірня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арыента́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. арыентаваць, арыентавацца (у 1 знач.); вызначэнне свайго месцазнаходжання.

2. перан. Уменне разабрацца ў якіх‑н. пытаннях, абставінах і пад.; дасведчанасць у чым‑н. Добрая арыентацыя ў новай літаратуры.

3. перан.; на каго-што і без дап. Накіраванасць навуковай, грамадскай і інш. дзейнасці, якая вызначаецца разлікам на каго‑, што‑н., залежнасцю ад каго‑, чаго‑н. Арыентацыя на народную мову.

[Фр. orientation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Перастаць займацца кім‑, чым‑н., пакінуць каго‑, што‑н. без увагі, догляду; закінуць, кінуць. [Яначка:] Скрыўдзіў нас бог: здароўе ў мяне адабраў, ёй вочы засланіў. І людзі нас акінулі. Крапіва.

•••

Акінуць вокам (вачыма) — агледзець каго‑, што‑н., глянуць на каго‑, што‑н.

Як вокам акінуць, не акінуць вокам — пра мноства каго‑, чаго‑н., пра вялікую прастору і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́е, абаіх, ліч. зб.

Як той, так і другі; як той, так і другая; як тое, так і другое. Нічыпар хітра падміргвае цёці Каці і абое выходзяць. Крапіва.

•••

Абое рабое — пра людзей, падобных у чым‑н. адзін на аднаго, вартых адзін другога (па якіх‑н. адмоўных якасцях). [Андрэй:] — З Халустам і я не ўжыўся б. — Бо і ты такі! — ускіпела жанчына. — Абое роўныя! Абое рабое. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак., каго-што.

1. Праскакаць вакол каго‑, чаго‑н.

2. Разм. Аб’ездзіць, абысці ўсё, пабыць у многіх месцах. [Шафёру] трэба было «абскакаць» вунь колькі калгасаў, вярнуцца ў раён і да ночы «згайсаць» яшчэ ў два сельсавета.. Пташнікаў.

3. перан. Перамагчы, апярэдзіць у чым‑н. Абскакаць канкурэнтаў. □ [Аднавус:] — Абскакаў ты мяне, Пятрок. У мяне гектар даў семдзесят пяць цэнтнераў зерня, а ў цябе — восемдзесят. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́чанне, ‑я, н.

1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.

2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абдзёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абдзерці.

2. у знач. прым. Разм. Тое, што і абадраны (у 2 знач.). [Іван Тадорык] зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі. Колас.

3. у знач. прым. Бедны, знядолены. Чым ты была, Беларусь мая родная, — Хіба ж не бачылі нашыя вочы? Вечна абдзёртая, вечна галодная, Сонца не ведала, а толькі ночы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інсцэні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Перапрацаваць (перапрацоўваць) які‑н. апавядальны твор для пастаноўкі яго ў тэатры, кіно, на тэлебачанні. Інсцэніраваць для экрана трылогію Якуба Коласа «На ростанях».

2. перан. Прыкінуцца (прыкідвацца) кім‑, чым‑н., прытворна зрабіць (рабіць) што‑н. з намерам выдаць яго за сапраўднае. Інсцэніраваць істэрыку. □ Каб падмануць карнікаў, невялікая група партызан інсцэніравала ўначы прарыў на захад, у палескія лясы. Шамякін.

[Ад лац. in — на і scena — сцэна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)