або́е, абаіх, ліч. зб.

Як той, так і другі; як той, так і другая; як тое, так і другое. Нічыпар хітра падміргвае цёці Каці і абое выходзяць. Крапіва.

•••

Абое рабое — пра людзей, падобных у чым‑н. адзін на аднаго, вартых адзін другога (па якіх‑н. адмоўных якасцях). [Андрэй:] — З Халустам і я не ўжыўся б. — Бо і ты такі! — ускіпела жанчына. — Абое роўныя! Абое рабое. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак., каго-што.

1. Праскакаць вакол каго‑, чаго‑н.

2. Разм. Аб’ездзіць, абысці ўсё, пабыць у многіх месцах. [Шафёру] трэба было «абскакаць» вунь колькі калгасаў, вярнуцца ў раён і да ночы «згайсаць» яшчэ ў два сельсавета.. Пташнікаў.

3. перан. Перамагчы, апярэдзіць у чым‑н. Абскакаць канкурэнтаў. □ [Аднавус:] — Абскакаў ты мяне, Пятрок. У мяне гектар даў семдзесят пяць цэнтнераў зерня, а ў цябе — восемдзесят. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́чанне, ‑я, н.

1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.

2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абдзёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абдзерці.

2. у знач. прым. Разм. Тое, што і абадраны (у 2 знач.). [Іван Тадорык] зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі. Колас.

3. у знач. прым. Бедны, знядолены. Чым ты была, Беларусь мая родная, — Хіба ж не бачылі нашыя вочы? Вечна абдзёртая, вечна галодная, Сонца не ведала, а толькі ночы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інсцэні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Перапрацаваць (перапрацоўваць) які‑н. апавядальны твор для пастаноўкі яго ў тэатры, кіно, на тэлебачанні. Інсцэніраваць для экрана трылогію Якуба Коласа «На ростанях».

2. перан. Прыкінуцца (прыкідвацца) кім‑, чым‑н., прытворна зрабіць (рабіць) што‑н. з намерам выдаць яго за сапраўднае. Інсцэніраваць істэрыку. □ Каб падмануць карнікаў, невялікая група партызан інсцэніравала ўначы прарыў на захад, у палескія лясы. Шамякін.

[Ад лац. in — на і scena — сцэна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампетэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Дасведчанасць у якой‑н. справе. Гэтыя праблемы не ў яго кампетэнцыі.

2. Сукупнасць правоў і абавязкаў той ці іншай установы або адказнай асобы. Кампетэнцыя судовых органаў. □ — У чыёй кампетэнцыі справа кааптацыі членаў у акружком? — запытаўся [Андрэй]. Пестрак. Гукам быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак.

1. што. Афіцыйна дамовіцца аб чым‑н., прыйсці да пагаднення. Заключыць дагавор.

2. са злучн. «што» і без дап. Зрабіць вывад, заключэнне з чаго‑н., на падставе чаго‑н. Мяркуючы па, тым, як Сарокіна прыняла параненага лейтэнанта, можна было смела заключыць, што чалавек яна не наш. Курто. Доктар заключыў, што ў Андрэя стэнакардыя, і адразу накіраваў у палату. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заразі́цца, ‑ражуся, ‑разішся, ‑разіцца; зак., чым і без дап.

1. Захварэць, успрыняўшы заразу. Заразіцца грыпам. □ [Сцяпана] непакоіла думка аб тым, што вось, яшчэ не пачаўшы работу, ён, мабыць, заразіцца і захварэе. Шамякін.

2. перан. Успрыняць, пераняць што‑н. ад каго‑н. іншага. Заразіцца страхам. Заразіцца весялосцю. □ Было падобна на тое, што .. [шафёр] заразіўся на нейкі час ад сваіх пасажыраў поўнай абыякавасцю да ўсяго навакольнага і, як гаворыцца, скіс. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заразі́ць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; зак., каго-што.

1. Перадаць заразу каму‑, чаму‑н. Заразіць ангінай. // Напоўніць чым‑н., шкодным для жывога арганізма. Заразіць калодзеж. Заразіць паветра міязмамі.

2. перан. Перадаць каму‑н. сваё пачуццё, схільнасць да чаго‑н. Заразіць любоўю да музыкі. □ Сваім новым жаданнем Лясніцкі заразіў і Славіна. Зарэцкі. // Перадаючыся, распаўсюджваючыся, як зараза, ахапіць каго‑н. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)