РАЗВАДО́ЎСКІ ((Rozwadowski) Ян Міхал) (7.12.1867, каляг. Тарнаў, Польшча — 13.3.1935),
польскі мовазнавец-індаеўрапеіст. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1903), чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1911). Ў 1885—89 вучыўся ў Кракаве і Лейпцыгу. З 1899 праф. Ягелонскага ун-та ў Кракаве. З 1920 віцэ-прэзідэнт, у 1925—29 прэзідэнт Польскай АН. Аўтар прац па агульным, індаеўрап., польскім мовазнаўстве, анамастыцы: «Утварэнне і значэнне слова» (1904), «Семасіялогія, або Навука аб развіцці значэнняў слова» (1907), «Була 1136 года як найстаражытнейшы помнік польскай мовы» (1909), «Гістарычная фанетыка польскай мовы» (1914), «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх» (1915), «Пра з’явы і развіццё мовы» (1921), «Даследаванні назваў славянскіх рэк» (выд. 1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НАК (Chamomilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМСЕ́С II (троннае імя Усер-маат-Расатэп-ен-Ра),
старажытнаегіпецкі фараон [1290—1224 да н.э.] XIX дынастыі. Пры ім Егіпет дасягнуў значнай магутнасці. Працягваў палітыку свайго бацькі Сеці I, аднавіў уладу Егіпта ў Палесціне. Ваяваў з хетамі (у выніку бітвы каля Кадэша спыніў далейшае прасоўванне хецкага войска), у 1278 да н.э. падпісаў з імі мірны дагавор, чым забяспечыў Егіпту на доўгі час стабільнасць. Перанёс сваю рэзідэнцыю з Фіваў у паўн.-ўсх. Дэльту, пабудаваў «Пер-Рамсес» («Дом Рамсеса», цяпер рыбацкае паселішча Сан-эль-Хагор у Егіпце). Вёў вял.буд-ва: храмы ў Абідасе, Фівах, пячорныя храмы Абу-Сімбел, прыбудовы да храмаў у Карнаку, Луксоры і інш.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992. С. 226—249.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО ДЭ У (н. 4.12.1942, каляг. Тэгу, Рэспубліка Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Кар.ваен. акадэмію (1955). Ген. арміі. Служыў у паўд.-кар. войсках у В’етнаме ў час в’етн. вайны 1964—73. З 1979 камандуючы Сеульскім гарнізонам, войскамі грамадз. бяспекі. Удзельнік дзярж. перавароту 1979 на чале з Чон Ду Хванам і задушэння паўстання ў г. Кванджу ў 1980. У 1981 міністр па паліт. пытаннях, у 1982 міністр спорту, у 1982—83 міністр унутр. спраў. З 1985 старшыня, з 1987 лідэр Дэмакр. партыі справядлівасці (з 1990 Дэмакр. ліберальная партыя). У 1988—93 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення за хабарніцтва і ўдзел у дзярж. перавароце 1979. У 1998 памілаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каляг. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каляг.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каляг.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр, разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каляг.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каляв. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл.каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.