эскала́тар

(англ. escalator, ад лац. scala = лесвіца)

прыстасаванне ў выглядзе рухомай лесвіцы з прыступкамі для пад’ёму і спуску людзей або грузаў на розныя ўзроўні (напр. э. метрапалітэна, э. судна).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

паро́м, ‑а, м.

Плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў. — На беразе нідзе ні чоўніка, ні парома, а тут трэба хутчэй перапраўляцца, пакуль не заўважылі. Краўчанка. Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны катэр і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

борт, -а, М -рце, мн. барты́, барто́ў, м.

1. Бакавая сценка марскога або рачнога судна, самалёта.

Кінуць за б.

Апынуцца (аказацца) за бортам (таксама перан.: аказацца выключаным з якой-н. справы).

2. Сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і пад.

Барты грузавіка.

3. Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і пад.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.

|| памянш. бо́рцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 і 3 знач.).

|| прым. бартавы́, -а́я, -о́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тра́нспарт, -у, М -рце, м.

1. Галіна народнай гаспадаркі, звязаная з перавозкай людзей і грузаў, а таксама сродкі для такой перавозкі.

Пасажырскі т.

Гарадскі т.

2. Перавозка грузаў.

Т. мінеральных угнаенняў па чыгунцы.

3. Партыя атрыманых або прызначаных для перавозкі грузаў.

Заўтра адпраўляецца т. з бульбай.

4. Абоз або сукупнасць якіх-н. сродкаў спецыяльнага прызначэння.

Санітарны т.

5. Судна ваеннага флоту для перавозкі грузаў і людзей.

Дэсантны т.

|| прым. тра́нспартны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

я́кар, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Металічны стрыжань з лапамі, які прымацоўваецца да ланцуга і апускаецца на дно для ўтрымання на месцы судна, бакена, плывучага маяка і пад.

Стаяць на якары.

Кінуць я. (стаць на якар). Аддаць я. (апусціць). Выбіраць якары (паднімаць). Зняцца з якара.

Я. ратунку (перан.: апошні сродак ратунку, апошняя надзея).

2. Частка электрычнай машыны, якая ўтрымлівае на сабе абмотку (спец.).

3. Рыбалоўны кручок з трыма зубцамі (разм.).

|| прым. я́карны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Па́рус ’умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, якая надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна; кавалак тканіны, што нацягнуты на крыло ветранога млына’ (ТСБМ). Рус. па́рус, ст.-рус. парусъ (пад 907 г.). Пэўнай этымалогіі няма. Лічыцца запазычаннем з грэч. φᾶρος, ацціч. φάρος ’тс’ (Міклашыч, 232; Фасмер, Этюды, 145; Праабражэнскі, 2, 19). Супраць Мікала (РФВ, 48, 277), які набліжае да ст.-рус. рухо ’адзенне’, але гэта версія няпэўная ў фанетычных адносінах (гл. яшчэ Фасмер, 3, 210).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́шчака ’ніжняя сківіца’ (Нас.), малар. па́шчэка ’сківіца ў воўка’ (Нар. лекс.), па́шчыкі ’сківіцы’ (нараўл., Мат. Гом.). Укр. паще́ка ’пашча, скулы на твары’, рус. па́щеки, пашчеки́ ’сківіцы’, ярасл. ’латкі на кажусе’, польск. paszczeka ’пашча, зеў’, чэш. paštěka ’пашча, жарало’. Паўн.-славянскае. Да па‑ (< прасл. pa‑) і ščeka ’шчака’, якое з’яўляецца роднасным да ст.-ісл. skegg ’барада, нос судна’, skagi ’мыс’ (Педэрсэн, MPKJ, 1, 171; Брукнер, AfslPh, 28, 569; Фасмер, 4, 499). Гл. таксама пашчэнка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БА́РКА (італьян. barca),

1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т. 2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯСО́СНЫ СНАРА́Д,

плывучая землярыйная машына, якая ўсмоктвае з-пад вады грунт (у выглядзе пульпы) і транспартуе яго ў адвал, цела землянога збудавання або ў трансп. сродкі; судна тэхн. флоту; адзін з асн. сродкаў гідрамеханізацыі.

Адрозніваюць З.с., якія перапампоўваюць пульпу па грунтаправодах (ляжаць на паплаўках, пантонах або стойках) і самаадвозныя, што адвозяць грунт ва ўласным труме. Рабочы орган З.с. — грунтавая помпа (землясос) з усмоктвальнай трубой, якая аснашчана мех. (звычайна фрэзернага тыпу) або гідраўл. рыхліцелем. З.с. выкарыстоўваюцца на днопаглыбляльных работах, пры ўзвядзенні земляных плацін, дамбаў і інш. насыпаў спосабам намыву, пры буд-ве каналаў, катлаванаў, раскрыванні радовішчаў, здабычы пясчана-гравійных сумесей і інш. Упершыню ўсмоктванне грунту з-пад вады выкарыстана ў Францыі ў 1859, у Расіі ў 1874. Буд-ва і выкарыстанне З.с. найб. развіты ў Нідэрландах і Японіі.

М.​М.​Кунцэвіч.

Землясосны снарад з фрэзай для разрыхлення грунту.

т. 7, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЧТА (ад галанд. mast),

1) збудаванне, якое складаецца з вертыкальнага, абапёртага на фундамент ствала (металічнага, жалезабетоннага, драўлянага) і адцяжак (звычайна метал. канатаў), замацаваных у анкерных прыстасаваннях. Пашыраны метал. крацістыя М. з трубчастых або вугалковых профіляў. Выкарыстоўваюцца ў антэнных збудаваннях (вышыня да 350 м), падымальных кранах і інш. 2) М. суднаваяметал. або драўляная, устанаўліваецца ў падоўжнай плоскасці сіметрыі судна.

Да яе мацуюць грузавыя стрэлы і антэны, назіральныя пляцоўкі і навігацыйныя агні (на ваен. караблях — баявыя, дальнамерныя, пражэктарныя, радыёлакацыйныя і інш, пасты). На ветразевых суднах М. служаць для пастаноўкі ветразяў і з’яўляюцца асновай рангоўта (насавая М. наз. фок-М., наступная — грот-М., кармавая — бізань-М.).

Да арт. Мачта: а — мачта-антэна (1 — адцяжка, 2 — ізалятар, 3 — мачта з высоўным стрыжнем для настройкі, 4 — узгадняльнае прыстасаванне), б — сігнальная суднавая мачта (1 — ванты, 2 — тапенанты, 3 — антэнны і сігнальны рэй).

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)