Лучок 1 ’наморднік для цяляці’ (ТС), ’вілачкі ля касы, якія падбіраюць пры касьбе скошаныя расліны (грэчку, віку, ячмень)’ (Юрч., Сцяшк., ТС) — першапачаткова быў лучок, на які магло быць нацягнута палатно для адкідвання збожжавых (в.-дзв.; Шатал., Шат.) ’чаўнок для вязання сетак’ (Дэмб. 2). Да лук 1 (гл.).

Лучок 2 ’лучка, лука, утвораная загібам ракі’ (Бяльк.), ’невялікі залом, выступ берага ў малой рэчцы’ (слаўг., Яшк.). Да лука́ (гл.). Канчатак аформлены пад уплывам лужок < луг (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падо́л ’ніжні край сукенкі, кашулі і пад.’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Касп., Юрч.), подо́л ’тс’ (ТС), ’плыткае месца ў рэчцы, дзе мыюць бялізну’ (Касп., Юрч., Янк., Сцяшк. Сл.), падо́л, паддо́л ’прыпол; падол’ (Сл. ПЗБ). Рус. подо́л ’край адзежы; падэшва гары; нізкае месца пабліз ракі’, укр. поді́л ’нізкае месца; падол жаночай кашулі’, польск. podołek ’падол адзежы’, чэш. podol застар. ’доўгая даліна’, podolek ’падол адзежы’, padol ’доўгая даліна’. Да po‑ і dolъ (Фасмер, 3, 299; Махэк, 134).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сугалаўкі́, суголоўкі́ ’канец градак на полі’ (Выг.). Укр. су́голова, су́головок ’папярочныя барозны ў канцы ўчастка’, ’палявая сцяжынка ўздоўж поля, да якой упоперак прылягаюць іншыя ўчасткі’. Бел. (палес.) — укр. ізалекса; гл. Выгонная, Бел.-укр. ізал., 17. Да су- і галава, аформленае рознымі суфіксамі; адносна семантыкі параўн. рус. наўг. головни́к ’палявая дарожка, што ідзе цаліной па мяжы’, у аснове якой, відаць, метафара ’канец (пачатак) чаго-небудзь’, ’галава’, параўн. макед. глава ’вытокі ракі’; інакш гл. ЕСУМ, 5, 466.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎСЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці і Расіі (Пскоўская вобл.), правы прыток р. Усвяча (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 90 км, у межах Беларусі каля 87 км. Пл. вадазбору 598 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Сіціна Гарадоцкага р-на, цячэ праз 7 азёраў (у т. л. Нёгра, Вышадскае, Мядзесна, Цёста), вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага узв., нізоўе на Суражскай нізіне. Асн. прытокі: Асеча (справа), Іардынка і Салонаўка (злева). Упадае ва Усвячу каля в. Любань Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл.

Даліна да в. Смолаўка скрынка- або трапецападобная, шыр. 300—400 м, ніжэй па цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 4—8 м, месцамі да 20 м. Пойма двухбаковая, нярэдка забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, шыр. ракі ў межань 4—6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі часцей спадзістыя, месцамі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с, на веснавы перыяд прыпадае 68% гадавога сцёку. У рацэ трапляецца вадзяны арэх — ахоўны рэліктавы від у флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй за воз. Ведрынскае аб’яўлена помнікам прыроды).

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.​Крымаў і П.​Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (1944—48, пед. С.​Герасімаў, П.​Пакаржэўскі, Д.​Мачальскі), працаваў у майстэрні В.​Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.

Літ.:

А.​С.​Бархаткоў: [Альбом]. Мн., 1983;

Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мн., 1988.

Г.​А.​Фатыхава.

А.Бархаткоў. Апошні прамень. 1985.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЛЬ,

цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.

Літ.:

Воробьев А.В. Астраханский Кремль. Волгоград, 1968;

Агафонов С.Л. Нижегородский Кремль: Архитектура, история, реставрация. Горький, 1976;

Кириков Б.М. Новгородский Кремль. Л., 1975;

Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М. 1976;

Ильенко И.В. Рязанский Кремль: Ист.-архит. музей-заповедник: [Фотоочерк]. М., 1978.

Крэмль у г. Тула.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,

мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.

Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.

У.​М.​Сацута.

Млын вадзяны ў в. Вузла Мядзельскага раёна.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.​І.​Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.​Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адхво́сце Затока ракі або возера (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

беражня́к Дарога на беразе ракі (Нас.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)